Хочацца, каб з яго вырас сапраўдны чалавек

Люди и судьбы

Падыходзіць пэўны час у жыцці чалавека (не бяруся за ўсіх, але, думаю, у большасці ), калі робіцца падсумаванне пражытага, ці, лепш сказаць, калі нястомна пульсуе рахунак сумлення: што пакіну пасля сябе, чым упрыгожыў сваё прабыванне на зямлі?

Я для сябе вырашыла, што  след мой хай не застанецца непрыкметным для маіх унукаў і праўнукаў.

Так з’явіўся ў нашым з мужам жыцці маленькі чатырохгадовы хлопчык АРЦЁМКА. Патрэбна прызнацца, што на першых прыступах нашых стасункаў было шмат непрывычнага, новага, раней зусім не адчувальнага, не перажытага як у эмацыянальным, так і ў сямейным жыцці. Неяк нязвыклым было бачыць новага сямейніка ў сваей кватэры, сядзець за адным сталом і сталавацца, адпачываць у адной спальні… Увесь час ішло прывыканне праз змену многіх прывычак і ўкладу мінулага жыцця.

Разам з тым ішоў роздум, як зрабіць, каб было ўтульна, спакойна, прыемна для ўсіх: і для нас, і для хлопчыка, і для сваіх дарослых, сына і дачкі, ужо маючых уласных дзяцей.

Так ішоў час. Паціху, спакваля ўсё прыйшло ў адпаведны парадак. Названы бацька стаў хросным бацькам. Ён падзіўляе сваім стаўленнем да сына. Пры сваёй сціпласці і маласлоўнасці ён цешыць малога, навучае, можа, няхітрым, але так патрэбным для жыцця ўмельствам. Сваім спрытам прывучае да здольнасці ў руках: то змайструюць кармушку, то разам збяруць шафу, то даглядаць едуць дачны сад… А колькі радасці і запалу ў сына, калі разам скоцяцца з горкі на санках!

Спраў у доме шмат, але мы не адпраўляем свайго Арцёма глядзець тэлевізар ці да гульняў на камп’ютары, калі ёсць нейкая праца. Скрозь цярпліва-лагоднае: вось так, наш малайчынка, паціху-патроху і дзейнічай.

Патрэбна сказаць, што нараджэнне ў сям’і алкаголікоў і чатырохгадовае жыццё «на дне» далі свае парасткі, не вельмі прыязныя. Гэта не застаецца па-за вокам ці па-за дапушчальнасцю. Тут, канешне, дзейнічае бацькоўская патрабавальнасць, лучаная з далікатнасцю.

У сярэдзіне 20 стагоддзя антраполаг Эшлі Мантэгю напісаў:»Для нармальнага развіцця чалавечага арганізма неабходны найважнейшы вітамін — гэта любоў. Яна ёсць выток усякага здароўя і асабліва патрэбна дзіцяці ў першыя шэсць гадоў жыцця.» Як жа хочацца, каб біяграфія сына Арцёма стала доўгай і насычанай на добрыя справы. Вельмі хочацца, каб з гэтай малечы вырас сапраўдны чалавек. Можа, не генерал ці дырэктар, так сказаць, уладны, знакаміты. Хай гэта будзе просты працаўнік, але з добрым сэрцам, сціплы і мудры. Думаю так, што калі ёсць любоў у сям’і, то гэта любоў усё ж такі павінна ўвайсці ў сэрца дзіцяці, то гэтая любоў павінна ж даць парасткі і ў яго будучай сям’і. ТОЛЬКІ ГЭТАЙ ЛАСКІ I ПРАШУ Ў БОГА.

 

Галіна ДЗЯМ’ЯНКА (ГУРЫНА), удзельнік беларуска-нямецкага праекта “Дзеці ў прыёмных сем’ях Беларусі: актывізацыя, сетквае аб’яднанне, навучанне бацькоў і кансультантаў”

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *