На гэтым тыдні раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа сумесна з раённай арганізацыяй «Беларускага дзіцячага фонда» і дзяржаўнай установай «Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» правялі ў гарадскіх дзіцячых дашкольных установах, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама ў аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў дабрачынную акцыю «Усміхніцеся, дзеці». Праходзіла яна ў рамках Дня абароны дзяцей.
Падчас акцыі былі ўручаны цацкі, прадметы гігіены, блакноты, дыскі музычныя і іншае. Усё гэта, як і прадугледжвалі арганізатары мерапрыемства, выклікала ў маленькіх чэрвеньцаў шчырую радасць. Яны былі вельмі задаволеныя, весела ўсміхаліся, паказвалі адзін аднаму, што ім уручылі дарослыя.
Больш як пяцьсот падарункаў для Чэрвеньскіх дзетак выдзелілі Мінская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускі дзіцячы фонд.
Днямі спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва Іна Гулева разам са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Надзеяй Буцэвіцкай наведаліся ў дзіцячы сад №6. Тут яны прыпаднеслі падарункі выхаванцам малодшай групы (на здымку).
Гэта не першая дабрачынная акцыя для дзетак Чэрвеньшчыны. Месяц таму харчовыя наборы атрымалі дзеткі з няпоўных сямей, у якіх мамы — выпускнікі інтэрнатных устаноў. Па словах Надзеі Буцэвіцкай, дабрачыннасць будзе працягвацца.
Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара