Што прыцягнула вашу ўвагу ў Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу?

Общество

Валянціна КАЦЬКО, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

— Паколькі я маю дзяцей, то мяне не можа не хваляваць жыллёвая праблема. Не сакрэт, што ёсць людзі, якія маюць ва ўласнасці некалькі кватэр і хочуць будаваць яшчэ. Але ёсць і тыя, хто не мае ўласнай жылплошчы, затое мае праблему з яе набыццём ці будаўніцтвам. Таму я цалкам згодна з меркаваннем Прэзідэнта, што трэба звярнуць увагу на асобныя катэгорыі грамадзян, на маладыя сем’і. Яны павінны з самага пачатку сумеснага жыцця будаваць адносіны самастойна. А калі маладыя жывуць з бацькамі, так не атрымліваецца. Будуць мець сваю жылплошчу — змогуць нараджаць і выхоўваць па двое і болей дзяцей і тым самым паляпшаць дэмаграфію.

Прэзідэнт патрабуе ад чыноўнікаў больш уважлівага стаўлення да зваротаў і скаргаў грамадзян. Гэта правільна. Толькі, на мой погляд, трэба яшчэ дадаць — калі скарга мае пад сабой падставу. Бо ёсць так званыя запісныя скаржнікі, якія атрымліваюць задавальненне ад самога працэсу. Ёсць і тыя, хто, як і ў савецкія часы, упэўнены, што дзяржава ім павінна… А вось калі да таго ж чыноўніка не дастукацца… Калі замест жыццёва неабходнага рашэння атрымліваеш адпіску… Тады сапраўды трэба больш строга з яго пытацца за работу са зваротамі грамадзян.

Безумоўна, парадавала мяне тое, што ў нашай краіне і ў далейшым не плануецца павышаць пенсійны ўзрост, абмяжоўваць правы працуючых пенсіянераў.

Што датычыцца сістэмы аховы здароўя, то я згодна, што кадравая праблема — адна з найважнейшых. Дадам — асабліва ў малых гарадах, такіх, як Чэрвень, дзе маладыя спецыялісты адпрацоўваюць толькі ўстаноўлены тэрмін. І не затрымліваюцца пераважна з-за адсутнасці жылля. Лічу, што гэта — таксама тая асобная катэгорыя грамадзян, на якую падчас правядзення жыллёвай палітыкі трэба звяртаць асаблівую ўвагу…

Святлана САПРОНАВА, пенсіянерка, колішняя настаўніца пачатковых класаў:

— Найперш — інфармацыя аб матывах тэракту ў Мінску і кроках па пераадоленню тэрарызму. Сапраўды, мы прывыклі, што ў Беларусі заўсёды ціха і мірна. І нават уявіць сабе не маглі, што такая трагедыя можа здарыцца ў нашай краіне. Беларусы спрадвеку давяралі і давяраюць адно аднаму. Гэта ў іншых краінах, дзе тэракты — не рэдкасць, людзі, так бы мовіць, горам навучаныя быць пільнымі…

Калі я ўбачыла па тэлевізары кадры са станцыі метро «Кастрычніцкая», дык не паверыла ўласным вачам! Гэта быў шок! І здзейснілі гэтую жудасць, па ўсім відаць, маладыя людзі. Правы Прэзідэнт, што не апошнюю ролю сыграў прабел у іх выхаванні, у тым ліку — патрыятычным, грамадзянскім. Значыць, трэба ўзнімаць яго на ранейшы, высокі ўзровень. Памятаеце, як ганарыліся дзеці, калі ім павязвалі піянерскія гальштукі, прымалі ў камсамол?! Якая была адказнасць! Як ім хацелася стаць прыкладам для іншых, зрабіць штосьці карыснае для Радзімы…

Асабіста я адчула гонар за зладжанасць дзеянняў усіх службаў у гэтай трагічнай сітуацыі. Ды і людзі не панікавалі, дапамагалі адно аднаму, дэманстравалі тую з’яднанасць, якой заўсёды вылучаюцца беларусы. Вядома, зараз мы ўсе будзем больш пільнымі…

Згодна таксама з тым, што трэба ствараць працоўныя месцы, каб людзі — і маладога, і сярэдняга ўзросту — мелі занятак, які прыносіць прыбытак. Ды і многія пенсіянеры яшчэ маглі б прынесці карысць грамадству, а таксама атрымаць нялішнія ў час крызісу грошы… Таму было б нядрэнна, калі б і ў малых гарадах меліся працоўныя месцы для людзей усіх узростаў, у тым ліку — і сталага…

Пытанне задавала

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *