Што для вас значыць 9 мая?

Общество

Васіль БАЧЫЛА, спецыяліст па грамадзянскай абароне аддзела статыстыкі:

— Гэта — агульнанароднае свята, свята для ўсіх. Дзень памятны, незабыўны. На жаль, ветэранаў з кожным годам застаецца ўсё меней і меней. Дай Бог ім здароўя, цярпення, бадзёрасці, даўгалецця! Шкада тых, хто загінуў зусім маладымі. Трэба ўшаноўваць памяць усіх, хто не вярнуўся з вайны, хто пазней памёр ад ран, хвароб… Пакуль мы жывём, павінны іх памятаць. Асаблівы гэты дзень для мяне яшчэ і таму, што сам 20 гадоў аддаў арміі. 9 Мая заўсёды хаджу на мітынг, бяру ўдзел ва ўсіх урачыстых мерапрыемствах. Гэта — святое. І ў сям’і ў нас таксама ёсць каго прыгадаць у Дзень Перамогі. Удзельнічалі ў вайне мой бацька, Васіль Паўлавіч Бачыла, і дзядзька — Мікалай Харытонавіч Ганчарык. Светлая памяць усім нашым слаўным абаронцам…

Міхаіл КАЗЕЛЬКА, слесар камбіната кааператыўнай прамысловасці:

— Дзень сумны і радасны. Сумны, бо няма ўжо ў жывых нікога з родзічаў, хто ваяваў. Памёр дзед Міхаіл, бацька… Прыгадваюцца аповеды маці, якая разам з сёстрамі і братам засталася падчас вайны сіратою. Бо іх бацькоў у Пухавіцкім раёне замучылі фашысты. Таму ў гэты дзень смуткуем па ўсіх іх і тых, хто загінуў падчас вайны. Ну, а радасны дзень, бо мы жывём! І дзякуй за гэта ўсім, хто здабываў Перамогу. І тым, хто жывы, і тым, каго няма з намі. Ушаноўваем іх, прыходзячы на мітынг…

Алена АЎРАМЕНКА, дырэктар Запольскай школы:

— Для мяне гэта найперш — памяць…Успаміны маёй матулі, Паліны Міхайлаўны Бабровай, пра акупацыю на Гомельшчыне, калі ўся яе сям’я пайшла ў партызаны. Шмат хвалюючых момантаў яна прыгадвае. Слухаючы іх, адчуваеш даўкі камяк у горле. Даўней мама прыходзіла ў школу, выступала перад вучнямі, і яны гэтак жа рэагавалі… Напярэдадні Дня Перамогі асаблівая ўвага вучняў і педагогаў скіравана на нашых шаноўных ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх мы наведваем, дапамагаем, запрашаем выступіць. Сярод іх — колішні дырэктар школы Рыгор Іванавіч Шычко і колішняя настаўніца, чый муж быў партызанам, ды і яна сама ім дапамагала, — Ганна Канстанцінаўна Валчок. Таксама прыбіраем замацаваныя за школай помнікі, высаджваем кветкі. З мужам заўсёды наведваем магілы яго бацькоў, бо тата быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. А 9 Мая з усёй сям’ёй, сябрамі, знаёмымі я ўдзельнічаю ва ўрачыстых мерапрыемствах, якія ладзяцца ў Смілавічах. Дзень Перамогі — асаблівае, душэўнае, цёплае свята…

Таццяна КАПАНІЦКАЯ, колішняя настаўніца рускай мовы і літаратуры Азёрнаўскай школы:

— Для мяне, як і для ўсіх беларусаў, Дзень Перамогі — найвялікшае свята. Гэта — падзея гістарычная, якая, на маю думку, не забудзецца ніколі, бо вельмі шмат сваіх сыноў і дачок страціла Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мой бацька, Рыгор Мікалаевіч Галубец, удзельнічаў і ў фінскай, і ў гэтай вайне. Бацька мужа, Аляксандр Адамавіч Капаніцкі, дайшоў да тэрыторыі Германіі, быў паранены, меў медаль «За адвагу». Дзякуй Богу, абодва вярнуліся дахаты. Падчас маёй працы ў школе разам з дзецьмі мы штогод даглядалі помнікі, дапамагалі ветэранам, удзельнічалі ў мітынгах да Дня Перамогі і да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ускладалі кветкі. Як вы ведаеце, у нашай вёсцы Убель ёсць магіла невядомага салдата. Сям’я Дашкевічаў паставіла там помнік. У час вайны бацька гэтага сямейства знік на фронце без вестак, і невядома, дзе яго магіла… І вось так яны ўшанавалі і яго памяць. Даўней, калі непадалёк жыла ўдзельніца вайны Валянціна Гарбачова, мы разам хадзілі да таго помніка. І вучні са школы прыходзілі. А зараз штогод на 9 Мая туды ўжо ходзяць пяцёра маіх унучак (шостая яшчэ маленькая). Прыбіраюць, ускладаюць кветкі… У свой час мы ім, як калісьці дзецям, расказвалі пра нашых бацькоў, якія ваявалі, пра аднавяскоўцаў… Яны шануюць іх памяць. Дзень Перамогі дастаўся нашаму народу дарагой цаной. І таму павінен быць заўсёды…

Распытвала  Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *