НОВЫ КУРС РУБЛЯ — НЕАБХОДНЫ ЭЛЕМЕНТ ПРАГРАМЫ ЎРАДА ПА СТАБІЛІЗАЦЫІ ЭКАНОМІКІ

Официально

Знізіўшы курс рубля, Урад і Нацбанк разлічваюць спыніць спекуляцыі і ў далейшым зрабіць сітуацыю на валютным рынку больш адэкватнай эканамічным рэаліям: паколькі беларуская эканоміка ў першым квартале 2011 года ўпэўнена расла, а даходы ад экспарту істотна павялічыліся.
Афіцыйны курс беларускага рубля да долара ЗША з 24 мая 2011 года ўстаноўлены Нацыянальным банкам на ўзроўні Br4930 за 1 долар ЗША. Курс да еўра ўстаноўлены на ўзроўні Br6914,82 за 1 еўра, расійскага рубля — Br173,95 за 1 расійскі рубель. Кошт карзіны замежных валют на 24 мая склаў Br1810,02. У Нацбанку таксама паведамілі, што ўстанаўліваюцца гранічныя значэнні абменных курсаў, па якіх могуць ажыццяўляцца купля-продаж і канверсія замежнай валюты на пазабіржавым рынку і рынку наяўнай замежнай валюты. З 24 мая 2011 года яны не могуць адрознівацца больш як на 2 працэнты ў той ці іншы бок ад афіцыйнага курсу беларускага рубля, устаноўленага Нацыянальным банкам.
Аб неабходнасці захадаў у гэтым напрамку ў канцы мінулага тыдня паведаміў журналістам кіраўнік урада. Міхаіл Мясніковіч адзначыў: «Што датычыцца валютнай палітыкі, то адпрацавана дакладная праграма стабілізацыі. Гэта праграма не толькі наша, яна прайшла сур’ёзную міжнародную экспертызу. Праграма падтрымана нашым галоўным гандлёвым партнёрам — Расійскай Федэрацыяй». Ён таксама дадаў: «І мы, нават не чакаючы першых валютных паступленняў (першага траншу крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. — Заўвага БЕЛТА), пачнём яе рэалізоўваць ужо з наступнага тыдня. Аб гэтым мы дамовіліся з Уладзімірам Пуціным. Вельмі падрабязна мы гэту тэму абмяркоўвалі і з Аляксеем Кудрыным».
Паводле слоў прэм’ера, уніфікацыя курсу нацыянальнай валюты будзе ажыццяўляцца ў два этапы: «На першым этапе будуць прыняты рашэнні, каб збіць павышаны попыт, а пасля атрымання стабілізацыйнага крэдыту, курс будзе фарміравацца на падставе попыту і прапанавання, што знізіць тыя чаканні, якія сёння пакуль прысутнічаюць. Я зусім не выключаю, паколькі эканоміка працуе даволі ўстойліва, што можа быць нават рэвальвацыя абменнага курсу беларускага рубля».
Эканамічныя паказчыкі пацвярджаюць словы прэм’ера. У Беларусі за студзень-красавік 2011 года дасягнуты самы высокі рост ВУП за апошнія 10 гадоў — 112,3 працэнта. Эканамічны рост падтрымліваецца дынамікай прамысловай вытворчасці (112,9 працэнта) і павелічэннем аб’ёму інвестыцый у асноўны капітал (123,4 працэнта). Прырост эканомікі ў першым квартале забяспечаны ва ўмовах росту прадукцыйнасці працы на 10,6 працэнта, зніжэння энергаёмістасці ВУП на 7,7 працэнта, росту экспарту тавараў і паслуг на 41,9 працэнта.
Аднак ва ўмовах пастаяннага росту цэн на энерганосьбіты, сыравіну, камплектуючыя павелічэнне беларускага экспарту суправаджаецца і ростам кошту імпарту ў Беларусь па гэтых пазіцыях. Як паведаміў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў, у бягучым годзе вартасны рост імпарту перавышае тэмп росту экспарту. Але калі па мінуламу месяцу разрыў складаў 10 працэнтаў, то ў бягучым — знізіўся ўжо да 6 працэнтаў. Такім чынам, можна прагназаваць далейшае паляпшэнне сітуацыі. Тым больш што цяпер попыт за мяжой на некаторыя віды беларускіх тавараў павялічыўся ў 2-3 разы.
Ва ўрадзе разглядаюць розныя спосабы павелічэння прытоку валюты. Так, будзе пашыраны пералік тавараў і паслуг, за якія можна расплаціцца валютай. Размова ідзе аб выкарыстанні замежнай валюты пры разліках на тэрыторыі Беларусі за паліва, паслугі гасцініц, прыдарожнага сэрвісу, турыстычныя паслугі, а таксама плацяжы па пошлінах. Пры гэтым, як запэўніў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, дзяржава не мае намеру адмаўляцца ад далейшых захадаў па лібералізацыі эканомікі ў духу Дырэктывы нумар 4. Уводзіць дзяржаўную манаполію на спажывецкім рынку ў сувязі з валютна-таварным ажыятажам не плануецца. Аднак дзяржаўныя органы будуць кантраляваць і спыняць спробы змоў аптовых пастаўшчыкоў і спекуляцыйнага ўзнімання цэн на шэраг тавараў.
Андрэй Тур падкрэсліў, што павышаны попыт насельніцтва на асобныя тавары абсалютна беспадстаўны. Запасаў тавараў, на якія існуе павышаны попыт, у дастатковай колькасці — іх аб’ём у аптовых сетках перавышае месячную норму. У той жа час, ва ўрадзе заклапочаны тым, як абараніць насельніцтва ад выдаткаў існуючай эканамічнай сітуацыі. За красавік сярэдняя зарплата ў Беларусі ўзрасла на 1,7 працэнта, што выглядае даволі сціпла на фоне росту цэн на некаторыя тавары. Для работнікаў бюджэтнай сферы будуць уведзены кампенсацыйныя меры, — паабяцаў Андрэй Тур. Таксама будзе ўзмоцнена адрасная сацыяльная дапамога маламаёмным слаям насельніцтва — на сацыяльную абарону плануецца накіраваць Br230-250 млрд. З 1 чэрвеня будуць павышаны працоўныя пенсіі.
Дзяржава ўстрымаецца ад павышэння сацыяльна значных тарыфаў. Напрыклад, як паведаміў начальнік аддзела пасажырскай службы Беларускай чыгункі Уладзімір Столяр, тарыфы на праезд пасажырскімі паяздамі ўнутрырэспубліканскіх зносін у Беларусі ў бліжэйшы час павышаць не плануецца.
БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *