Мужнасць і боль генерала

Общество

Ад  аўтара.

“Ваш подзвіг бессямяротны” прамаўляем мы, ушаноўваючы тых, каму выпала нялёгкая доля апынуцца ў жорнах вайны, хто вынес на сваіх плячах увесь яе цяжар. А таксама тых, хто навечна застаўся ў 41-45-ым на крывавых вёрстах франтавых баёў і ў тыле акупантаў. Асабліва прыгожа, паэтычна, з высакародным надрывам гучаць гэтыя словы на свята Пермогі і ў Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ён сапраўды  бессмяротны, іх подзвіг, пакуль нашчадкі ведаюць ды з пашанай ставяцца да пакалення, якому выпала бараніць краіну ад гітлераўскага нашэсця. Гэтая памяць, жывая і цёплая, а не толькі ў бронзе і граніце помнікаў ды абеліскаў, яднае далёкае мінулае з сённяшнім зменлівым днём, мацуе сувязь пакаленняў.

Вось і цяпер, упярэдадзень чорнай даты пачатку Вялікай Айчыннай вайны дарэчы будзе  скіраваць свой погляд на аднаго з прадстаўнікоў ваеннага пакалення — генерала Уладзіміра Іванавіча Нічыпаровіча. Тым больш, што для гэтага ёсць пэўныя падставы. Сёлета будзе 70 гадоў, як з падначаленай дывізіяй  ён 22 чэрвеня 1941 года ўступіў у бой з гітлераўцамі. Гэтулькі ж неўзабаве і з таго часу, калі пачаў у акупаваным Мінску падпольную барацьбу з ворагам. А ў снежні споўніцца 70 гадоў, як Нічыпаровіч ўзначаліў 208-ы партызанскі атрад і зрабіў яго, а затым аднайменную  брыгаду імя Сталіна адным з самых мабільных і боездольных фарміраванняў на акупаванай тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У сакавіку наступнага года — 70 гадоў бліскучай перамогі  на Чэрвеньшчыне 208-га партызанскага атрада з акупантамі, якая ўвайшла ў гісторыю партызанскага руху ў Беларусі пад назвай “Кліноцкі бой” і прызнаецца класічнай аперацыяй, яркім эпізодам вайсковага таленту. Гэта засведчана ў некалькіх выданнях Беларускай энцыклапедыі.

Цяпер зазвычай у тых месцах цішыня… Шчабечуць птушкі, шумяць-гамоняць дрэвы… Самы звычайны куточак Чэрвеньшчыны.  І неяк цяжка нават уявіць, што некалі тут быў самы сапраўдны эпіцэнтр партызанскага руху на Чэрвеньшчыне і ў суседніх Рудзенскім, Пухавіцкім раёнах.

І яшчэ адна дата. Трагічная. Колькі месяцаў таму, 31 студзеня мінулага года, споўнілася 75 гадоў, як пасля аб”яўленай генералам Нічыпаровічам у засценках сумна вядомай турмы Наркамата ўнутраных спраў (НКУС) Лубянка ён памёр ад дыстрафіі. Генерал не агаварыў, як таго дабіваліся турэмныя касталомы, ні сябе, ні  сваіх былых саслужыўцаў. Да Перамогі заставалася ўсяго тры месяца…

Недарэчнасць арышту  па сфабрыкаванай на яго ілжывай справе пацвердзілася, але даволі позна — 2 кастрычніка 1952 года. Яго крымінальная  справа была перагледжана, і баявы камандзір поўнасцю рэабілітаваны. У хуткім часе споўніцца 60 гадоў з таго дня.

Гэта быў другі арышт Нічыпаровіча. Першы — у 1938 годзе. З-за адсутнасці доказаў для абвінавачвання  яго тады вызвалілі і аднавілі ў Чырвонай Арміі. Другі арышт стаўся трагічным.

У дакументальным нарысе “Мужнасць і боль генерала” значна дапоўнены і пашыраны звесткі публікацыі “Лёс партызанскага камандзіра” у кнізе “Памяць. Чэрвеньскі раён” , што дае магчымасць лепей уяўляць гэтага чалавека, які ўвасобіў у сабе гераізм і трагедыю мінулай вайны.

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *