Мужнасць і боль генерала

Общество

Працяг.
Абапал дарогі мільгалі белыя бярозы, купчастыя хвоі, дрыготкія асіны. Праз трыццаць кіламетраў машына спынілася ў лесе. Затым былыя вайскоўцы пайшлі за правадніком. На сэрцы ў кожнага было радасна ад таго, што вырваліся з горада, дзе на кожным кроку — вораг.
Некалькі чырвонаармейцаў вывеў у Рудзенскія лясы падпольшчык Даніла Скарына, які са сваёй шматдзетнай сям’ёй жыў у Мінску побач з Чэрвеньскім рынкам. Яго дом быў явачнай кватэрай патрыётаў. На той час Скарына даўно размяняў ужо шосты дзесятак. За плячыма меў багатае і складанае жыццё. Ён удзельнічаў у першай сусветнай вайне. Пасля вяртання франтавік стаў у родных мясцінах на Бабруйшчыне партызанам, ваяваў з польскімі легіянерамі. Маючы ў асабістай гаспадарцы каня, атрымаў дазвол у гарадской управе на выезд за горад. Гэты дакумент быў вельмі дарэчы ветэрану-партызану ў яго падпольнай рабоце і падтрыманні сувязі з народнымі мсціўцамі.
У той час трэба было мець мужнасць, каб па закліку ўласнага сэрца ўключыцца ў барацьбу ў тыле ворага, падвяргаючы штодзённай небяспецы не толькі сваё жыццё, але і жыцці блізкіх, родных. Прайсці праз гэта ў першы, самы цяжкі і суровы год фашысцкай акупацыі, мог толькі мужны чалавек. Пазней, нягледзячы на тое, што гітлераўцы разгарнулі крывавы тэрор, праводзілі адну за адной карныя экспедыцыі, кідаючы супраць партызан армейскія часці, аснашчаючы іх артылерыяй, танкамі і авіяцыяй, — пачувалася ўсё-такі лягчэй, бо пацярпелі ўжо разгром фашысцкія войскі пад Масквой, Сталінградам, Курскам. А ў 1941-ым і першай палове 1942-га года было неймаверна цяжка. Менавіта ў гэты суровы час даводзілася праходзіць штодзённыя выпрабаванні Нічыпаровічу са сваімі баявымі паплечнікамі. Стаўшы падпольшчыкамі і партызанамі, яны ўнеслі свой важкі ўклад у агульную святую справу разгрому ворага.

НА НОВЫМ МЕСЦЫ

Група вайскоўцаў палкоўніка Нічыпаровіча па рэкамендацыі Мінскага падполля аб’ядналася з партызанскім атрадам Мікалая Пакроўскага ў адно фарміраванне народных мсціўцаў. Адбылося гэта 31 снежня 1941 года ў русаковіцкім лесе ля вёскі Вераб’ёўка. Назвалі аб’яднаны атрад “208-ым” — у гонар 208-й мотастралковай дывізіі, якой да вайны камандаваў палкоўнік Нічыпаровіч. Яго абралі і цяпер камандзірам, а камісарам — М.Пакроўскага. Як кадравы афіцэр, Нічыпаровіч увёў армейскія парадкі. Партызанскі атрад быў арганізаваны па прынцыпу Чырвонай Арміі: аддзяленне, узвод, рота. Праводзілася баявая падрыхтоўка. Чырвонаармейцы вучылі іншых партызан ваеннай справе, што дапамагала ім умела змагацца з ворагам, захоўваючы свае жыцці.
Умацаваўшы свае рады, 208-ы партызанскі атрад гучна заявіў аб сабе дыверсіямі на шасейных дарогах і чыгунцы, нападамі на нямецкія гарнізоны, паліцэйскія камендатуры і пасты. Асабліва пасля таго, як марознай ноччу ў студзені 1942 года перабазіраваўся на Чэрвеньшчыну. Напачатку ён знаходзіўся ў лесе за вёскай Крыніца, а затым мясцовыя патрыёты прапанавалі больш надзейнае ўрочышча “Астравы”. У атрадзе было на той час 670 чалавек. Меліся станкавыя і ручныя кулямёты, міны, іншае ўзбраенне, якое здабывалі пасля нападу на гітлераўцаў і паліцэйскіх. А галоўнае, былі добра падрыхтаваныя з ваенаслужачых байцы і камандзіры. Адсюль, з кліноцкіх лясоў, партызаны выходзілі на аперацыі ў Рудзенскі, Пухавіцкі, Асіповіцкі раёны. У радыусе сто кіламетраў акупанты і паліцэйскія адчувалі іх баявыя дзеянні. У Рудзенску спалілі 120 тон бензіну, 350 тон збожжа, пусцілі пад адхон 5 цягнікоў, у Дукоры спалілі камендатуру і 40 немцаў з камендантам. Падчас разгрому цытвянскага гарнізона знішчылі 200 гітлераўскіх салдат і афіцэраў.
Баявая слава гэтага партызанскага атрада рэхам адгукнулася ў наваколлі, мела выключна важнае значэнне для актывізацыі барацьбы народных мсціўцаў з акупантамі.
(Працяг будзе)

Аляксандр БУШЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *