Мары збываюцца

Общество

Пастаноўкай спектакля пад такой назвай завяршылі навучальны год выхаванцы тэатральнага аддзялення Чэрвеньскай школы мастацтваў. Створаны ён паводле казкі  Шарля Перо “Папялушка”.  З гэтым спектаклем юныя  артысты выступалі  перад пачаткоўцамі гімназіі, другой і чацвёртай школ, выхаванцамі  дзіцячых садкоў горада Чэрвеня. І ўсюды атрымлівалі радасць ад шчырых апладысментаў удзячных гледачоў. А ў гэты раз ігралі для бацькоў і родных, якія ўвачавідкі хваляваліся за выступленне сваіх дзяцей-артыстаў.

Казка апрацавана на сучасны лад і ў такой інтэрпрытацыі выклікае апітымістычныя разважанні. Спектакль вясёлы, з гумарам, а юныя выканаўцы добра спраўляюцца са сваімі ролямі. Папялушку выконвала Елізавета Церашонак, прынца — Алег Харытановіч.

Вось што расказала выкладчык школы мастацтваў Вольга Кандрацьеўна Назарук:

— Сёлета актыўна  працавала ў нас больш за дваццаць дзяцей. Яны добра засвоілі такія прадметы, як сцэнічнае майстэрства, майстэрства акцёра, сцэнічная пластыка, рытміка. І ўсё гэта адчуваецца цяпер ў спектаклі. Я задаволена. У нас вялікі творчы патэнцыял…

І сапраўды: мары збываюцца, калі, акрамя жадання і здольнасцей, ёсць творчае натхненне і заўзятая праца. Магчыма, хтосьці з цяперашніх юных артыстаў выйдзе і на прафесійную сцэну.

Эма МІКУЛЬСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *