ЛЕПШЫХ АДЗНАЧЫЛІ ЎЗНАГАРОДАМІ

Спорт

За добрасумленную працу ў сістэме фізічнай культуры і спорту і з нагоды прафесійнага свята Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта Івана Мухі ўручаны выхаванцу Чэрвеньскай СДЮШАР Дзмітрыю Яроцкаму, які сёлета на Чэмпіянаце Еўропы па самба сярод моладзі ў Празе заваяваў бронзавы медаль, і яго трэнеру Віктару Кожычу (на здымку).
Такую ж узнагароду атрымаў начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Ігар Філічонак.
Група лепшых настаўнікаў фізічнай культуры школ Чэрвеньшчыны адзначана Граматамі аддзела адукацыі райвыканкама. Шэраг работнікаў фізічнай культуры і спорту раёна заахвочаны грашовымі прэміямі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.

ПОЎНІЛАСЯ СВЯТА  СПАБОРНІЦТВАМІ

Адразу некалькі спаборніцтваў прайшлі на гарадскім стадыёне ў Чэрвені на Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.
Школьнікі вызначалі мацнейшых у лёгкай атлетыцы і міні-футболе. Таксама адбылася спартакіяда работнікаў фізічнай культуры і спорту раёна, якая ўключала ў сябе чатыры віды праграмы: дартс, стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, кідкі мяча ў кальцо і настольны тэніс. У мужчын мацнейшым тут быў метадыст аддзела адукацыі Павел Алексіевіч. Другое месца заняў настаўнік фізкультуры Краснадарскай школы Рыгор Дзігалёў, трэцяе — Валерый Лухверчык з Запольскай школы.
Пераможцай спартакіяды ў жанчын стала трэнер Чэрвеньскай СДЮШАР Ірына Мальчукова. На другім месцы — настаўніца фізічнай культуры СШ №1 г.п.Смілавічы Ірына Паўлюкевіч, на трэцім — Зінаіда Аладка з СШ №3 г.Чэрвеня.
Асобная спартакіяда была арганізавана для ветэранаў фізічнай культуры і спорту раёна. У спаборніцтвах па шашках перамог Васіль Буры, па дартсу — Эдуард Гаравы, па настольнаму тэнісу — Міхаіл Розум, па стральбе — Леанід Губарэвіч.


Футбол: 8-ы розыгрыш Кубка газеты  «Раённы веснік». Фінал

СДЮШАР-1(ЧЭРВЕНЬ) — АГРАРНЫ КАЛЕДЖ (СМІЛАВІЧЫ) 4:1
У фінале традыцыйных спаборніцтваў сярод вучнёўскай моладзі сустрэліся пераможцы групавых турніраў — каманды СДЮШАР-1 з Чэрвеня  і аграрнага каледжа са Смілавічаў.

Хуткі гол у вароты смілаўчан, які ўжо на 5-й хвіліне сустрэчы забіў Мікіта Брэчка, шмат у чым прадвызначыў далейшы ход матча. Займеўшы перавагу ў ліку, навучэнцы СДЮШАР спакойна і разважліва кантралявалі мяч, раз-пораз правяраючы на трываласць абарону сапернікаў. У сярэдзіне першага тайма тая ў другі раз дала слабіну. Варатар смілавіцкіх футбалістаў нібыта і зрэагаваў на ўдар Мікалая Карнішына, але зафіксаваць мяч не здолеў — 2:0.
Пасля перапынку характар гульні асабліва не змяніўся. Хіба што пачало праглядацца не дужа вялікае імкненне чэрвеньцаў павялічыць лік. Зрэшты, патлумачыць зніжэнне іх актыўнасці можна і па-іншаму: спякотнае надвор’е забірала ў футбалістаў шмат сіл. Прынамсі, усе тры мячы, якія пабывалі ў варотах у другім тайме, на рахунку ігракоў, што выйшлі на замену. У каманды СДЮШАР-1 гэта зрабілі Яўген Бабрыцкі і Максім Тарасік. У смілаўчан гол прэстыжу забіў Дзмітрый Петраковіч — 4:1.
Такім чынам, каманда Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву старэйшага ўзросту пад кіраўніцтвам трэнера Аляксандра Балоціна стала ўладальніцай пераходнага Кубка газеты «Раённы веснік». У фінальным матчы за яе выступалі Арцём Аўраменка, Аляксей Ганчарык, Руслан Красоўскі, Яўген Краснагір, Максім Аладка, Яўген Яблонскі, Мікіта Брэчка, Алег Сушкевіч, Мікалай Карнішын, Аляксандр Жыгалкоўскі, Уладзімір Манулік, Яўген Бабрыцкі, Дзяніс Суша, Павел Лаўрык і Максім Тарасік. Уладальнікі кубка і каманда аграрнага каледжа (трэнер — Валерый Мацкевіч), якая заняла другое месца, узнагароджаны Граматамі рэдакцыі газеты «Раённы веснік». Лепшымі ігракамі спаборніцтваў у складзе фіналістаў прызнаны Аляксей Ганчарык (СДЮШАР-1) і Руслан Красоўскі (аграрны каледж). Яны ўзнагароджаны Граматамі і бясплатнымі падпіскамі на «Раённы веснік» на трэці квартал. Кожны ўдзельнік матча, а таксама трэнеры каманд і балельшчыкі атрымалі на памяць футбольныя праграмкі, адмыслова падрыхтаваныя да фіналу рэдакцыяй нашай газеты.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *