ЭНТУЗІЯСТКА, ТВОРЦА, ВЫНАХОДНІЦА…

Общество

Імя Алены Валянцінаўны Кулага добра вядома не толькі чэрвеньскім настаўнікам, але і многім з Міншчыны, рэспублікі, асабліва тым, хто выкладае абслугоўваючую працу. І гэта невыпадкова. Яна — нязменны кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў працоўнага навучання пры раённым метадычным кабінеце, пастаянны кіраўнік алімпіяднай каманды Мінскай вобласці. Яе артыкулы друкуюцца ў часопісах «Тэхналагічная адукацыя» і «Адукацыя Міншчыны». Алена Кулага была дэлегатам чацвёртага Усебеларускага народнага сходу.
Вопытны педагог, улюбёны ў свой прадмет, Алена Валянцінаўна 25 гадоў працуе ў школах г.п.Смілавічы. Наведаць яе ўрокі, паслухаць аповеды заўсёды цікава і павучальна. Добра валодаючы методыкай выкладання, яна дае школьнікам моцныя веды і ўменні, выхоўвае эстэтычны густ, прывівае любоў да працы.
Прадметны кабінет, створаны Аленай Кулага, — адзін з лепшых у раёне. У ім ёсць усё, што патрэбна для выканання вучэбнай праграмы. Маецца неабходная колькасць бытавых швейных машын. Літаральна ў гэтым навучальным годзе з’явіліся ў кабінеце тры новыя — прамысловыя швейныя, на якіх можна праводзіць прафесійныя пробы.
Кабінет і актавая зала ў час школьных мерапрыемстваў ператвараюцца ў залу для дэманстрацыі вырабаў, зробленых рукамі юных майстрых. Першыя наведвальнікі такіх выстаў — бацькі. Яны радуюцца поспехам сваіх дачок, дзякуюць Алене Валянцінаўне.
Настаўніца праводзіць вялікую работу па прафарыентацыі вучняў. Каб падрабязна пазнаёміць іх з прафесіямі тэкстыльнай, лёгкай і харчовай прамысловасці, чытае шмат розных кніг і артыкулаў, распавядае пра гісторыю ўзнікнення той ці іншай прафесіі, пра яе значэнне ў цяперашні час і ў будучым. Цікава праходзяць экскурсіі вучаніц на прадпрыемствы сферы абслугоўвання і тэматычныя вечары.
У мінулым месяцы на базе Смілавіцкай СШ №2 адбыліся заняткі метадычнага аб’яднання выкладчыкаў працоўнага навучання на тэму «Сістэма дзейнасці настаўнікаў па арганізацыі работы з адоранымі вучнямі». Педагогі наведалі ўрок працы і факультатыў, якія правялі М.Кулачок і А.Кулага.
У час абмеркавання тэмы з дакладамі перад калегамі выступілі настаўнікі тэхнічнай і абслугоўваючай працы. Яны закранулі тэарэтычныя і практычныя аспекты, якія, уласна кажучы, і з’яўляюцца складнікам сістэмнай работы настаўнікаў з адоранымі вучнямі. Гэта і развіццё творчага патэнцыялу сродкамі праектнага навучання, і фарміраванне даследчыцкіх кампетэнцый, устойлівай цікавасці да прадмета, а таксама псіхалагічныя асновы ўзаемадзеяння настаўніка з адоранымі дзецьмі, арганізацыя пазакласнай работы з імі пры падрыхтоўцы да алімпіяды.
У сваім выступленні Алена Валянцінаўна падзялілася вопытам падрыхтоўкі школьнікаў да алімпіяд і ўдзелу ў іх. Яна зазначыла, што калі ў дасканалым авалодванні прадметам зацікаўлены і педагог, і яго вучні, то «зорачкі» абавязкова з’явяцца. На працягу апошніх шасці гадоў на алімпіядах па працоўнаму навучанню вызначаюцца і педагогі, і выхаванцы з Чэрвеньшчыны. У абласной і заключным туры рэспубліканскай алімпіяд дзеці займаюць прызавыя месцы. А ўзровень правядзення творчага спаборніцтва, патрабаванні да яго ўдзельнікаў пастаянна павышаюцца…
Пабываўшы ў Алены Валянцінаўны Кулага, мы ўбачылі практычныя напрацоўкі ў правільным накірунку, упэўніліся, што пад увагу бяруцца канкрэтныя праблемы, якія вырашаюцца творча і комплексна.
Леў ГАНЧАРЫК, ветэран педагагічнай працы,
г.Чэрвень



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *