Лепшыя аператары машыннага даення кароў гаспадарак Чэрвеньшчыны, якія атрымалі летась у сярэднім ад каровы больш чым па восем, сем, шэсць і пяць тысяч кілаграмаў малака сабраліся ў сельгасфіліяле «Аграбокс-Заатэх» СП «Унібокс» на традыцыйнае пасяджэнне раённага клуба даярак-сямітысячніц. Сюды таксама запрасілі спецыялістаў зоатэхнічнай службы, старшынь прафкамаў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў і пераможцаў штогадовага раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за мінулы год.
Арганізатар мерапраемства — райкам прафсаюза работнікаў АПК — абраў месца правядзення пасяджэння невыпадкова. Ферма «Чарнава», якую наведалі яго ўдзельнікі, па тэхналогіі вытворчасці адпавядае сучасным міжнародным стандартам. Пра гэта, а таксама пра адмысловыя падыходы да ўтрымання дойнага статку, вытворчасці малака высокай якасці гасцям падрабязна распавёў дырэктар сельгасфіліяла Аляксандр Рубан. Самыя прыемныя ўражанні пакінула ў іх знаёмства з умовамі працы і быту, які створаны на ферме для жывёлаводаў.
Урачыстая частка пасяджэння прайшла ў форме агеньчыка. Утульная атмасфера за столікамі з пачастункамі, канцэртныя нумары ў выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры і адпачынку, спрыялі шчыраму абмену думкамі. Лепшыя жывёлаводы раёна пачулі ў свой адрас шмат цёплых удзячных слоў. А яшчэ — напоўніцу раскрылі свае кулінарныя і мастацкія таленты. Асабліва спадабалася ўсім песня, якую праспявала аператар машыннага даення ПСГ «Дамавіцкі» Святлана Куздэрка.
Засведчыўшы павагу да перадавікоў жывёлагадоўчай вытворчасці, першы намеснік начальніка райсельгасхарчу Віктар Ляснеўскі сярод іншага падкрэсліў, што выхаду на новыя рубяжы ў вытворчасці малака на Чэрвеньшчыне спрыяе тэхнічнае пераўзбраенне жывёлагадоўчай галіны, якое праводзіцца пры падтрымцы дзяржавы, і ўкараненне новых тэхналогій.
Першая і пакуль адзіная на Чэрвеньшчыне аператар машыннага даення, якая летась перасягнула васьмітысячны рубеж надояў малака, Наталля Пархомчык з эксперыментальнай базы «Натальеўск», не толькі распавяла пра сваю працу, але і пранікнёна прачытала верш.
Упэўненасць у тым, што сённяшнія лепшыя аператары машыннага даення не спыняцца на дасягнутых выніках, а склад раённага клуба неўзабаве папоўніцца прадстаўнікамі такіх гаспадарак, як ААТ «10 з’езд Саветаў», «Валевачы», сельгаспрадпрыемства «Ганута-Агра» выказала першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Жанна Церан.
Аператарам машыннага даення васьмі, сямі- і шасцітысячніцам уручылі на пасяджэнні кветкі і грашовыя прэміі ад райвыканкама. Даярак-пяцітысячніц заахвоціла прэміямі раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК. Грашовыя прэміі таксама атрымалі пераможцы штогадовага раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за мінулы год. Не толькі, каб засведчыць удзячнасць вясковым рупліўцам, завітаў на ўрачыстасць старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Някрэвіч. Ён прывёз у падарунак калектыву МТФ «Чарнава» мікрахвалевую печ.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, зазначыла:
— Вы ў нас — самыя лепшыя, вы — гонар раёна.
На пасяджэнні прыняты зварот да ўсіх жывёлаводаў Чэрвеньшчыны і ўмовы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання на гэты год, якія зацвердзіў райвыканкам. У адпаведнасці з імі, кіраўнікам гаспадарак раёна рэкамендавана ўстанавіць членам клуба надбаўку да заработнай платы за кошт сродкаў гаспадарак у памеры 20 працэнтаў, кандыдатам — 15. Той, хто сёлета надоіць у сярэднім ад каровы 8000 і больш кілаграмаў малака, атрымае грашовую прэмію ў памеры 600 тысяч рублёў. За надой больш 7000 і 6000 кілаграмаў малака прадугледжаны прэміі ў памеры 300 і 200 тысяч рублёў, адпаведна.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара
На здымках:
члены і кандыдаты ў члены клуба аператараў машыннага даення-сямітысячніц Валянціна Лучонак, Тамара Марчанка, Ніна Рунцо, Наталля Пархомчык, Ганна Ужанава і Валянціна Прахарэнка з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Жаннай Церан (у цэнтры) і старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Тамарай Сакалоўскай (справа); за столікамі — удзельнікі пасяджэння раённага клуба з эксперыментальнай базы «Натальеўск» і сельгасфіліяла «Аграбокс-Заатэх» СП «Унібокс».