Дачка героя шукае месца пахавання бацькі

Общество

Пісьмы пра вайну.


Інфармацыю  пра Дзіну Сцяпанаўну Паскробка я атрымаў ад супрацоўніцы раённага ваеннага камісарыята Алесі Мікалаеўны Мінчанка, за што вельмі ёй удзячны. Яна вырашыла падключыць мяне да пошукаў месца пахавання бацькі Дзіны Сцяпанаўны — Героя Савецкага Саюза Мазжэрына Сцяпана Фёдаравіча. Лёс падараваў мне магчымасць пазнаёміцца яшчэ з адным цікавым чалавекам: жанчынай вельмі сціплай, з вялікім пачуццём самастойнасці, адказнасці, святымі, падкрэслю гэтае слова, адносінамі да бацькоў, бескарыснай.

Яна ніколі і нідзе не афішыравала, што з’яўляецца дачкою Героя.

Ні аднаго разу не спрабавала выкарыстаць ва ўласных мэтах высокае званне бацькі, зганьбіць чым-небудзь. Маці і бабуля выхавалі яе так, каб усе свае праблемы вырашала сваім мазолем, самастойна. Можа штуршком да гэткай мэтанакіраванасці сталі словы аднаго якутскага чыноўніка, выказаныя маці ў 50-х гадах мінулага стагоддзя: «Удоў шмат, а конь адзін». Прасіў потым прабачэння, але зерне было пасеяна ў глебу. Як і маці, бабуля, яна лічыць, што яе, дачкі, абавязак ганарыцца бацькам да апошняга подыха, перадаць гэты святы гонар сваім дзецям, унукам і праўнукам.

З пакалення ў пакалення хай свеціцца яго імя, не згасае памяць.

…Дзіне Сцяпанаўне было ўсяго два месяцы, калі бацьку дазволілі перад адпраўкай на фронт дамоў заскочыць пабачыць дачушачку, усіх родных. Гэтае яго спатканне сталася апошнім.

Нарадзіўся ён 28 снежня 1911 года ў сяле Шабліш Каслінскага раёна Чэлябінскай вобласці ў звычайнай сялянскай сям’і. Скончыў 9 класаў. Атрымаў спецыяльнасць заатэхніка. Жыў у Кіраўскай вобласці. Пэўны час працаваў старшынёй калгаса «Чырвоны араты». Цяжкім быў яго лёс: шмат давялося перажыць ў тагачаснай ліхаманцы. У дзеючай арміі знаходзіўся са жніўня 1942 года. У 1943-ым атрымаў  званне малодшага лейтэнанта і ўступіў у партыю. Накіравалі яго на Карэльскі перашэяк, затым — у Польшчу.

Менавіта адтуль прыйшлі апошнія жонцы і дзецям пісьма-трохкутнікі. На тэрыторыі Польшчы ваяваў у складзе 1-га Украінскага фронта 59-й арміі 286-й стралковай дывізіі 996-га стралковага палка. Вызначыўся Мазжэрын С.Ф. у ходзе Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі. 16 студзеня 1945 яго ўзвод адбіў атаку нямецкай роты і вызваліў сяло Цыліна-Пшэслаўскае, 18 студзеня 1945 камандзір са сваімі байцамі адбілі некалькі атак немцаў ля вёскі Сулашава. Сам лейтэнант знішчыў 21 фашыста.

Трэцяга лютага 1945 года на левым беразе Одэра, у раёне пасёлка Лінденхе, захапілі плацдарм і ўтрымлівалі, адбіваючы шалёныя атакі, да падыходу асноўных сіл палка. За тры тыдні баёў Мазжэрын С.Ф. знішчыў больш за 100 немцаў.

У адным з баёў адважны камандзір быў цяжка паранены і памёр ад ран 15 лютага 1945 года. 10 красавіка 1945 года гвардыі лейтэнанту пасмяротна прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. Сям’я даведалася аб гэтым толькі ў 1951 годзе.

Маці адна выхоўвала траіх дзяцей. Ільгот ніякіх. Але нават думкі не было, каб у сям’і з’явіўся другі мужчына. Тагачасныя ўдовы да смерці заставаліся верным сваім выбраннікам. Вельмі балюча было слухаць аповяд Дзіны Сцяпанаўны пра пасляваеннае жыццё ў Кіраўскай вобласці, колькі ўсяго перацярпелі. Хаты ўласнай спачатку не мелі.

Нягледзячы на цяжкасці, дзеці атрымалі адукацыю. Дзіна Сцяпанаўна закончыла педагагічны тэхнікум. Папрацавала педагогам. Затым свой лёс звязала з гідраметслужбай станцыі «Індзігірка». Тут сустрэла і пакахала беларуса — ураджэнца Чэрвеньскага раёна Паскробку Генадзя Максімавіча. У 1991 пераехалі на яго радзіму ў Чэрвень. Стаў ён працаваць у кінафікацыі.

Годы ідуць. Калісьці Дзіна Сцяпанаўна ўзяла абет — знайсці магілу бацькі і ад імя ўсёй радні пакланіцца. Зараз — гэта яе галоўны клопат. Ажыццявіць яго аказалася складана. Шмат гадоў ўся радня шукае месца пахавання Героя. Ёсць афіцыйнае паведамленне аб тым, што адбылося гэта ў цяперашнім польскім населеным пункце Клейнэльс Валезінскай акругі. Ды сёння цяжка знайсці гэтае паселішча. Пасля заканчэння вайны там усе нямецкія назвы замянілі на польскія. Немцы адусюль выехалі. Засяліліся новыя людзі. Згубілася сувязь. Можа гэта быў хутар, які ўвогуле знік. Магчыма было перазахаванне ў г.Болеслаўцы. Дзіна Сцяпанаўна звярнулася з заявамі ў розныя інстанцыі, чакае адказу. Пошукамі займаюся і я. Мне дапамагаюць польскія грамадзяне Канановіч Збігнеў і яго жонка Магда, жыхар пасёлка Смілавічы Алехновіч Віктар Леанідавіч, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Звяртаемся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў 1945 годзе змагаліся ў складзе 1-га Украінскага фронта: можа хто-небудзь помніць пра названае польскае паселішча. Калі ласка, адгукніцеся! На вуліцы Тургенева г.Чэрвеня будуць вельмі ўдзячны за інфармацыю.

Віншуем Дзіну Сцяпанаўну са Святам Перамогі. Хай дапаможа ёй Бог здзейсніць святую справу — пакланіцца магіле бацькі ў сёлетнім годзе. Для яе гэта будзе найвялікшае шчасце і радасць.

Сучасніцы! Бярыце прыклад з Дзіны Сцяпанаўны, яе маці.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

краязнаўца,

г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *