Урокі гаспадарлівасці ад інвестараў

Аграрный сектор

Абласны семінар-нарада, прысвечаны вынікам працы за мінулы год прадпрыемстваў і арганізацый Мінска, што інвестуюць сельскую гаспадарку, прайшоў на Чэрвеньшчыне. На яго запрасілі першых намеснікаў старшынь, начальнікаў упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў, намеснікаў кіраўнікоў адміністрацый Мінска, кіраўнікоў структурных падраздзяленняў Мінскіх гарадскога і абласнога выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў арганізацый-інвестараў і гаспадарак, якія яны інвестуюць. У рабоце семінара-нарады бралі ўдзел першы намеснік старшыні аблвыканкама Аляксандр Замжыцкі, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Васіль Казакевіч, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама Уладзімір Калтовіч, старшыня аблсельгасхарчу Іван Шматко, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Іван Муха.

Адметнасць гэтага мерапрыемства ў тым, што арганізатары вырашылі да мінімуму скараціць час пленарнага пасяджэння з традыцыйнымі справаздачамі і «разборам палётаў» на карысць выезду ў гаспадаркі, каб на практыцы прадэманстраваць дасягненні і цікавыя напрацоўкі прадпрыемстваў-інвестараў.

У ФІЛІЯЛЕ «АГРАБУД» ААТ «МІНСК-ЖАЛЕЗАБЕТОН»

За шэсць з паловай гадоў сталічнае прадпрыемства інвеставала ў гаспадарку 28 мільярдаў рублёў, з іх 20 мільярдаў рублёў уласных сродкаў. Трэцяя частка ад гэтай сумы выдаткавана на будаўніцтва і рэканструкцыю вытворчых і іншых аб’ектаў, яшчэ чвэрць — для набыцця сельскагаспадарчай тэхнікі. І ўсяго сем працэнтаў інвестыцый пайшло на выплату заробкаў вясковым працаўнікам. Апошнія ж тры гады гаспадарка разлічваецца са сваімі работнікамі цалкам самастойна.

Знаёмства з філіялам «Аграбуд» пачалося з Дома механізатара. Гэты некалі занядбаны будынак клапатліва адрамантавалі «пад еўра». Тут створаны выдатныя сацыяльна-бытавыя ўмовы для працаўнікоў: ёсць гардэробы, санвузлы, душ, пакой прыёму ежы, утульная зала сходаў, кабінеты спецыялістаў. Словам, больш чым відавочны кантраст з зашмальцаванымі, наскрозь пракуранымі «халамуркамі», якія (чаго граха таіць?) яшчэ шмат дзе можна пабачыць. Вось, здаецца, і адна з падказак да адказу на пытанне: чаму сёння ладзяцца справы ў гаспадарцы…

Пасуе Дому механізатара і парадак на машынным двары. Прычым «на задворках» ён не горшы, чым у зоне бачнасці: тэхніка, якая не выкарыстоўваецца, акуратна расстаўлена ў радкі. Генеральны дырэктар ААТ «Мінскжалезабетон» Іосіф Пархуціч распавёў, што сёлета на машынным двары плануецца пачаць будаўніцтва новых гаражоў закрытага і адкрытага тыпаў. Гэта істотна палепшыць умовы захоўвання тэхнікі. А механічная майстэрня, рэканструкцыя якой ідзе зараз, будзе аснашчана новым рамонтным абсталяваннем.

Старшыня аблсельгасхарчу Іван Шматко звярнуў увагу на тое, што філіял «Аграбуд» сёння мае ўвесь неабходны камплект прычапных агрэгатаў да энерганасычаных трактароў. Гэта, паводле яго слоў, вельмі важна. Бо, калі той жа «МТЗ-3022», які за пасяўную можа апрацоўваць да 1000 гектараў глебы, не выкарыстоўваць на поўную магутнасць, то ён будзе проста «дарагой цацкай».

Таксама на прыкладзе СВФ «Аграбуд» Іван Шматко давёў удзельнікам семінара-нарады, наколькі важна мець пэўную спецыялізацыю ў раслінаводстве. У гаспадарцы сур’ёзна заняліся вырошчваннем бульбы і летась з 60 гектараў атрымалі 2 тысячы тон клубняў. Як вынік, філіял уключаюць у абласную праграму па бульбаводству. А гэта дасць магчымасць набыць шлейф спецыяльных сельгасмашын, пабудаваць сучаснае бульбасховішча.

Клапоцяцца ў гаспадарцы і пра развіццё жывёлагадоўлі: услед за рэканструкцыяй цялятніка на 250 галоў, зараз заканчваюць даводзіць да ладу адзін з будынкаў малочнатаварнай фермы. Дзякуючы творчаму падыходу, пашырылі старое жывёлагадоўчае памяшканне на восем метраў і дадаткова «знайшлі» 100 пастановачных месцаў. Цяпер замест 150 кароў тут па бяспрывязнай тэхналогіі будзе ўтрымлівацца 250. Як зазначыў Іосіф Пархуціч, рэканструкцыя фермы замест новага будаўніцтва, на што, дарэчы, зараз і арыентуе кіраўніцтва дзяржавы, дала магчымасць мінімум ўдвая скараціць выдаткі. Зэканомлены і час: новае жыццё будынак атрымаў ўсяго за пяць месяцаў.

Зараз на ферме манціруюць абсталяванне даільнай залы. Іосіф Пархуціч разлічвае, што ўжо праз некалькі тыдняў яна пачне даваць прадукцыю. А ў бліжэйшых планах — рэканструкцыя другога жывёлагадоўчага будынка на 250 кароў па асвоенай ужо тэхналогіі.

У ФІЛІЯЛЕ «АГРАБОКС-ЗААТЭХ» СП «УНІБОКС»

Сумеснае беларуска-італьянскае прадпрыемства «Унібокс», якое раней было вядомае пераважна як вытворца коркаў для піўных бутэлек і кантэйнераў для смецця, стаўшы гаспадаром на землях былога РУСП «Чарнава», за непрацяглы час не толькі вывела «ляжачую» гаспадарку з крызісу за кошт інвестыцый, але і стала прызнаным далёка за межамі нашага раёна заканадаўцам моды на новыя тэхналогіі ў сельгасвытворчасці, асвоіла выпуск глебаапрацоўчай, пасяўной, кормаўборачнай і іншай прычапной тэхнікі (з яе ўзорамі ўдзельнікі семінара-нарады пазнаёміліся на мехдвары філіяла «Аграбокс»).

Філіял «Аграбокс-заатэх» сёння — бясспрэчны лідар па вытворчасці малака на Чэрвеньшчыне. Штодня ў сярэднім ад каровы тут надойваюць яго больш за 21 кілаграм (па раёну — каля 13 кілаграмаў).

Сімвалічна, што падчас наведвання фермы «Чарнава» дырэктар філіяла «Аграбокс-заатэх» Аляксандр Рубан пачаў дзяліцца вопытам, які прыводзіць да поспеху, з памяшкання, дзе ў індывідуальных доміках знаходзяцца нованароджаныя цяляты — будучыя носьбіты «вялікага малака». Клапатлівае стаўленне да іх, як да дзетак-немаўлят, дае магчымасць забяспечваць практычна стопрацэнтную захаванасць прыплоду.

Побач, у старых, 60-х гадоў мінулага стагоддзя, непрывабных на выгляд будынках, утрымліваюцца цялушкі. Унутры, канешне ж, усё «абстаўлена» па тэхналогіі. Як зазначыў Аляксандр Рубан, «глыбокая падсцілка, цёплае паенне і залатыя рукі жывёлаводаў робяць цуды». І, між іншым, паведаміў, што летась калектыў мясцовых даглядчыц за высокія прывагі цялушак адзначаны Дыпломам аблвыканкама.

У памяшканні для дойнага статку, якое некалі было перабудавана са свінарніка, каровы ўтрымліваюцца на зменнай падсцілцы. Дзякуючы гэтаму, а таксама дэльтаскрэпернай сістэме выдалення гною, яны такія чыстыя — хоць сёння на выставу. У будынку — пах… мочаных яблыкаў. Аляксандр Рубан патлумачыў, што так пахне кармасумесь. Пераняўшы лепшы замежны вопыт, у гаспадарцы асвоілі прынцыпова новыя падыходы ў кармленні жывёлы. Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, то ў аснову пакладзена ацэнка якасці прыгатаваных кармоў з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. На выхадзе — выдатная паядальнасць кармоў каровамі і, як вынік, істотная прыбаўка малака.

Дарэчы, яго, малако, гаспадарка стопрацэнтна рэалізуе гатункам «Экстра». «Сарціроўка» наладжана ў працэсе даення кароў: малако, якое не адпавядае па пэўных паказчыках найвышэйшаму гатунку, камп’ютар па адводнай лініі накіроўвае на пастэрызацыю. Яно выкарыстоўваецца для выпойвання цялят. Акрамя таго, пастаянны кантроль за якасцю малака вядзе ўласная сертыфікаваная лабараторыя.

А яшчэ філіял «Аграбокс-заатэх» з’яўляецца адным з прыкладаў паспяховай рэалізацыі мерапрыемстваў па энергазахаванню і тэхнічнаму рашэнню выкарыстання энергіі аднаўляльных крыніц. Не так даўно тут ўкаранілі комплексную сістэму ахаладжэння малака і падагрэву вады з выкарыстаннем цеплавой помпы, вадагрэйнага катла магутнасцю 23 кілаваты, які працуе на пелетах, і сонечнага воданагравальнага калектара. Пачала работу сістэма электразабеспячэння з выкарыстаннем энергіі, што выпрацоўваецца сонечнымі панелямі і ветраэнергетычнай устаноўкай магутнасцю 3,6 кілавата.

Як распавёў генеральны дырэктар СП «Унібокс» Сяргей Русак, сістэма ахаладжэння малака і нагрэву вады дазваляе імгненна ахалоджваць малако, якое паступае падчас дойкі праз хуткасны цеплаабменнік у ёмістасці для захоўвання, да тэмпературы плюс 4 і выкарыстоўваць цяпло, адабранае ад малака, для нагрэву вады. Нагрэтая вада выкарыстоўваецца для паення кароў і ў гаспадарчых мэтах. Цёплае паенне дазволіла павялічыць надоі на 2-3 літры малака ў дзень ад кожнай каровы.

Сістэма электразабеспячэння дазваляе акумуляваць энергію сонца і ветру, каб выкарыстаць яе для сілкавання свідравінай помпы сістэмы водазабеспячэння фермы. Пры гэтым эканомія электрычнай энергіі, якая спажываецца помпай з цэнтральнай электрасеткі, складае 65-70 працэнтаў.

ЗАМЕСТ ПАСЛЯСЛОЎЯ

— Сёння мы на жывых прыкладах паказалі, што інвестыцыі трэба ўкладаць для таго, каб яны працавалі ў першую чаргу на калектыў, на чалавека, на саміх інвестараў. І каб гэтыя інвестыцыі акупляліся, — падкрэсліў на пленарным пасяджэнні семінара-нарады старшыня аблсельгасхарчу Іван Шматко. А ацэнкай зробленаму сталічнымі інвестарамі ў сельгасфіліялах «Аграбуд» і «Аграбокс» стала ўручэнне генеральным дырэктарам ААТ «Мінскжалезабетон» Іосіфу Пархуцічу і СП «Унібокс» Сяргею Русаку Ганаровых грамат камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

На здымках: падчас наведвання фермы “Чарнава” філіяла “Аграбокс-заатэх” і машыннага двара філіяла “Аграбокс”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *