У Натальеўску — “Раса”, а ў Заполлі — верталёт

Аграрный сектор

Паводле інфармацыі райсельгасхарчу, на ўчарашні дзень азімыя збожжавыя культуры ў раёне падкормлены на 2387 гектарах. Усяго ж падсілкаваць мінеральнымі ўгнаеннямі неабходна 18750 гектараў азімых. Найбольш паспяхова гэта справа ладзіцца ў КСУП «Эксперыментальная база «Натальеўск», дзе падкормлена 550 гектараў. Сёлета там ўпершыню пачалі выкарыстоўваць «Расу» — комплекс па ўнясенню мінеральных угнаенняў.

— Гэты самаходны апрысквальнік — вельмі зручная машына, — зазначыла галоўны аграном КСУП «Эксперыментальная база «Натальеўск» Марына КУДЛАНС. — «Раса» эканамічная, яна здольна працаваць па моцна пераўвільготненай глебе і пры гэтым зусім не псуе пасевы. Угнаенні ўносіць раўнамерна, а шырыня рабочага агрэгата (20 метраў) дазваляе хутка апрацоўваць вялікія плошчы. Механізатар Уладзімір САВІЧ (на здымку), якому даверана новая тэхніка, падкарміў ужо 460 гектараў пасеваў.

Выгоды «Расы» відавочныя. У раёне гэтыя комплексы маюць ўжо сем гаспадарак. Там, дзе гэтай тэхнікі пакуль яшчэ не прыдбалі, зараз карыстаюцца паслугамі сельскагаспадарчай авіяцыі. Так над пасевамі азімых ААТ «Запольскае» з мінулай суботы рассейвае карбаміда-аміячную сумесь верталёт адной прыватнай фірмы, авіяатрад якой базіруецца на аэрадроме ў Мінску.

— Пакуль трымала зямля, два нашы трактары працавалі па азімаму рапсу, а як пачалі поле рэзаць, перайшлі на падкорм траў, — гаворыць галоўны аграном ААТ «Запольскае» Аляксандр КАЛАШНІКАЎ. — Верталётамі за першыя тры дні апрацавана ўжо 252 гектары пасеваў. Дагавор з авіятарамі мы заключылі на 700 гектараў. Безумоўна, «задавальненне» гэтае нятаннае, за гектар апрацаванай плошчы 50 — 70 тысяч трэба заплаціць, аднак своечасовае выкананне агратэхнічных патрабаванняў таго каштуе. Тым больш, што 50% ад сумы, неабходнай на аплату авіапаслугі, будзе аплочана з абласнога бюджэту.

 Віктар ПАРФІЯНОВІЧ

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *