Трагедыя ў мiнскiм метро. Колькасць загiнуўшых дасягнула 12 чалавек

Общество

Як удакладнілі ў цэнтры інфармацыі і грамадскіх сувязей КДБ Беларусі, 11 красавіка ў 17.55 на станцыі метро «Кастрычніцкая» адбыўся падрыў неўстаноўленага выбуховага ўстройства, які прывёў да чалавечых ахвяр. Па стану на 02.30 12 красавіка колькасць загінуўшых склала 12 чалавек (чацвёра з іх цяпер апазнаны). Акрамя таго, 149 чалавек звярнуліся ва ўстановы аховы здароўя па медыцынскую дапамогу (з іх 22 у цяжкім стане, 30 — з траўмамі сярэдняй ступені цяжкасці).

Паводле экстранных ацэнак, магутнасць выбуховага ўстройства эквівалентная 5 кг тратылу. Выбуховае ўстройства, начыненае сечанай арматурай, цвікамі 80х8мм і металічнымі шарыкамі дыяметрам каля 15 мм, было ўстаноўлена каля лаўкі, размешчанай на платформе. Па гэтаму факту Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 289 «Тэрарызм» КК Беларусі.

Рэспубліканскі штаб вядзе ўлік пацярпелых грамадзян. Інфармацыю аб пацярпелых можна атрымаць па тэлефоне: (8 017) 233-92-68, аб загінуўшых — з 09.00 да 18.00 — (8 017) 219-92-30, з 18.00 да 09.00 — (8 017) 219-92-99.

Па стану на 01.00 12 красавіка ў выніку аператыўна-следчых дзеянняў атрыманы даныя наконт найбольш верагоднага выканаўцы выбуху. Вядзецца яго вышук. Грамадзян, якім вядома якая-небудзь інфармацыя, што мае значэнне для расследавання крымінальнай справы, устанаўлення і вышуку асоб, якія маюць дачыненне да арганізацыі і выканання выбуху, праваахоўнікі просяць звяртацца па тэлефонах даверу ў КДБ (8 017) 219-92-99 або ў міліцыю.

УСТАНОЎЛЕНЫ АСОБЫ ДЗЕВЯЦІ ЗАГІНУЎШЫХ

Як удакладнілі ў КДБ, ахвярамі выбуху сталі: Абражэй Наталля Валянцінаўна (дата нараджэння — 06.11.1966), Андруковіч Карына Ігараўна (30.06.1971), Шагойка Ганна Віктараўна (09.10.1954), Капцюх Раман Васільевіч (16.03.1990), Сярбаев Сяргей Уладзіміравіч (04.11.1988), Наркевіч Анатоль Уладзіміравіч (03.06.1959), Парфунцаў Аляксандр Яўгеньевіч (21.03.1954), Салаўёва Вольга Віктараўна (12.01.1983), Захаркова Таццяна Ігараўна (20.11.1968).

ПЕРШЫЯ ПАДРАЗДЗЯЛЕННІ МНС ПРЫБЫЛІ НА СТАНЦЫЮ «КАСТРЫЧНІЦКАЯ» ПРАЗ ТРЫ МІНУТЫ

«У 17:58 у МНС паступіла паведамленне аб выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая». Праз 3 мінуты на месца здарэння прыбылі першыя падраздзяленні МНС», — сказалі ў ведамстве.

У МНС удакладнілі, што «на месцы здарэння сканцэнтраваны сілы і сродкі па трэцім нумары выбуху». Былі арганізаваны работы па эвакуацыі людзей у бяспечную зону. Арганізавана ўзаемадзеянне з брыгадамі хуткай медыцынскай дапамогі. Пацярпелыя дастаўлены ў сталічныя бальніцы. Ім аказваецца неабходная дапамога. Абставіны здарэння ўдакладняюцца.

МЕТРАПАЛІТЭН УЗЯТЫ ПАД УЗМОЦНЕНУЮ АХОВУ

Мінскі метрапалітэн ахоўваецца ўзмоцненымі нарадамі міліцыі. Аб гэтым паведамілі ў АУС па ахове мінскага метрапалітэна.

На ўваходах станцый другой лініі метро («Аўтазаводская») каля турнікетаў дзяжураць супрацоўнікі міліцэйскага спецназа, якія правяраюць у людзей, якія ўваходзяць у метро, сумкі і пакеты. Пры гэтым першая лінія метро («Маскоўская») не працуе, а на станцыі «Купалаўская» другой лініі не праводзіцца пасадка і высадка пасажыраў.

Паводле паведамленняў БелТА на раніцу12 красавіка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *