Сярод пацярпелых — жыхар Чэрвеня

Общество

Гэта — дзевятнаццацігадовы жыхар Чэрвеня, былы выпускнік СШ №4 Аляксандр Александрыя. Зараз ён працуе інжынерам відэамантажу на «Сталічным тэлебачанні» і завочна вучыцца на трэцім курсе Беларускай Акадэміі мастацтваў.

Пра тое, што адбылося з Сашам і ў якім стане ён знаходзіцца, учора раніцай па тэлефону з Мінска распавёў «Раённаму весніку» яго брат Георгій:

— Саша і яго сябар Оміт, грамадзянін Ірана, з якім разам вучацца ў Акадэміі мастацтваў, пад’язджалі адну станцыю — з «Плошчы Перамогі» да «Кастрычніцкай». Калі цягнік спыніўся і дзверы адчыніліся, Саша толькі ступіў на перон, як здарыўся выбух.

Оміт крыху затрымаўся ў вагоне, таму не пацярпеў, а Сашу асколкамі цалкам раздрабіла галёнку правай нагі, ён згубіў вельмі шмат крыві.

Оміт дапамог майму брату выбрац ца з метро, пасадзіў у машыну «Хуткай дапамогі» і суправадзіў у шпіталь Міністэрства ўнутраных спраў, а таксама патэлефанаваў мне.

Сашу рабілі вельмі складаную аперацыю, якая доўжылася каля трох гадзін. На працягу ночы я тэлефанаваў у рэанімацыйнае аддзяленне. Удалося пагутарыць з урачом, які ўвесь час знаходзіўся ля Сашы. Ён распавёў, што стан брата цяжкі, ніякіх паляпшэнняў няма, медыкі робяць усё магчымае, каб захаваць нагу. Адзінае, што быццам бы ён у прытомнасці.

Сваякоў у шпіталь да параненых пускаюць толькі па тэлефоннаму званку. Я тэлефанаваў, але сказалі, што пакуль не трэба ехаць…

Учора, пакуль брата аперыравалі, я знаходзіўся ў прыёмным пакоі. Бачыў, як журналіст АНТ казаў, што раней быў супраць смяротнага пакарання, а пасля гэтай трагедыі стаў сумнявацца. Асабіста я заўсёды быў за смяротнае пакаранне, а цяпер і ўвогуле не змяню свайго пераканання ні пры якіх абставінах.

Людзі, якія здзейснілі гэтае страшнае злачынства, павінны панесці самае строгае пакаранне. І наўрад ці якія адвакаты дапамогуць ім яго пазбегнуць.

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *