Гiстарычны каляндар Чэрвеншчыны

Общество

(красавік)

4 красавіка 1919 года ў в.Хутар Чэрвеньскага раёна нарадзіўся Сікорскі Мікалай Міхайлавіч, кандыдат гістарычных навук, доктар філалагічных навук, прафесар.

17 красавіка 1863 года ў маёнтку Б. Свентаржэцкага ў Багушэвічах было сфарміравана ядро Ігуменскага паўстанцкага атрада, які ўдзельнічаў у паўстанні К.Каліноўскага. У яго складзе былі: Б.Свентаржэцкі, С.Ляскоўскі, М.Чыжык, А. Трусаў.

Красавік 1942 года. Арганізаваны партызанскі атрад «Камсамол» з ваенаслужачых, якія трапілі ў акружэнне, і ваеннапалонных. На тэрыторыі раёна дзейнічаў у складзе 1-й Мінскай партызанскай брыгады. На дзень злучэння з часцямі Чырвонай Арміі ў ім было 350 партызан.

Красавік 1942 года. Арганізаваны партызанскі атрад імя газеты «Праўда». Напачатку дзейнічаў самастойна, з кастрычніка 1942 года — у складзе 1-й Мінскай брыгады, з кастрычніка 1943 — у складзе брыгады імя газеты «Праўда». На дзень злучэння з часцямі Чырвонай Арміі налічваў 429 партызан.

Красавік — май 1943 года. Карная аперацыя, праведзеная карнымі батальёнамі з Чэрвеня, Пухавіч, Асіповіч на тэрыторыі Чэрвеньскага і Пухавіцкага раёнаў. Мэта — знішчэнне партызанскіх брыгад імя Кірава, 1-й Мінскай, імя газеты «Праўда».

Красавік 1944 года. Знішчана вёска Чырвоны Бераг Кліноцкага сельсавета з часткай насельніцтва. Спалена 26 двароў, загінула 3 чалавекі. Пасля вайны вёска адноўлена.

Красавік 1944 года. Знішчана вёска Убель Кліноцкага сельсавета з часткай насельніцтва. Спалена 38 двароў, 10 чалавек загінула. Вёска адноўлена пасля вайны.

Красавік 1948 года. Здадзены ў эксплуатацыю магутны радыёвузел. Гэта дало магчымасць устанавіць звыш 2000 радыёкропак. Пачынаецца радыёфікацыя калгасаў раёна.

Красавік 1952 года. Расце попыт насельніцтва на культтавары. За першы квартал года Чэрвеньскім раймагам прададзена 60 радыёпрыёмнікаў, 15 патэфонаў, 30 веласіпедаў, 62 швейныя машыны.

Красавік 1953 года. На Чэрвеньскім апорным пункце Беларускай пладова-агародніннай доследнай станцыі праводзіцца актыўная работа па вырошчванню мічурынскіх і вывядзенню новых гатункаў садавіны і агародніны. Выведзены новыя высокаўраджайныя гатункі памідораў.

У красавіку 1954 года адбылася раённая нарада перадавікоў сельскай гаспадаркі. Удзельнікі нарады прынялі абавязацельствы па павышэнню ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур, у тым ліку пашырэнню плошчаў пасеваў кукурузы.

9 красавіка 1954 года нарадзіўся наш зямляк, паэт Алесь Пісарык (Пісарчык Аляксандр Уладзіміравіч).

Красавік 1966 года. Чэрвеньскі маслазавод наладзіў выпуск новай прадукцыі — кефіра, сыра клінковага, сыра дыетычнага.

Красавік 1970 года. Датэрмінова, за 9 месяцаў раней намечанага, Чэрвеньскі гароднінасушыльны завод выканаў 5-гадовае заданне. Пры плане выпуску валавай прадукцыі на 3 157 400 рублёу выпушчана яе на 3 170 660 рублёў, што складае 100,4 працэнта да 5-гадовага плана.

Красавік 1972 года. 3 вакальнай групы быў арганізаваны Смілавіцкі народны хор. Арганізатарам выступіў педагог Смілавіцкай дзіцячай музычнай школы Антоній Вячаслававіч Міцкевіч.

Красавік 1972 года. Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка асвоіла выпуск новай прадукцыі — жаночых боцікаў з прагумаванай падэшвай і абцасам. Да канца года ў гандлёвую сетку паступіла звыш 4000 пар абутку.

Красавік 1978 года. Паспяхова вядзецца газіфікацыя кватэр працоўных. Толькі за першы квартал трэцяга года пяцігодкі газіфікавана 209 кватэр пры гадавым плане 200.

23 красавіка 1982 года памёр наш зямляк, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза Сямён Шоламавіч Гурэвіч.

(Па матэрыялах Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *