Як дзеці таленты дэманстравалі

Общество

Нядаўна мне давялося пабываць на «Дні юнага чытача». Гэта мерапрыемства ладзіла дзіцячая бібліятэка. У той дзень там была кніжная выстава «Каляровае неба дзяцінства» і выстава дзіцячых работ «Свет маіх захапленняў»: малюнкі, работы з бісера, саломы,  габелены.  Самыя малодшыя, хто дэманстраваў свае таленты, былі другакласніца з чацвёртай школы Ксеня ЛУЧОНАК і Дана МАЛІНОЎСКАЯ з трэцяга класа СШ №2 Чэрвеня. Ксеня так весела іграла на лыжках, што развесяліла ўсіх! А Дана — скрыпачка, яна  ўсіх уразіла сваім выкананнем. Дзве дзяўчынкі былі пявунні. Гэта Каця НАВІЦКАЯ з чацвёртай школы і Надзя БУДНІК з другой. Надзюшы дапамагаў спяваць яе стрыечны брат Мікіта ГУЗ. Арцём ЖАБУРДЗЁНАК з другой школы расказаў пра сваё захапленне бісерапляценнем. Мяне вельмі здзівіла, што ёсць хлопчыкі з такімі захапленнямі.

Самы старэйшы «талент» на сустрэчы быў Ілля СЛАВІНСКІ. Як і я, ён любіць прыгажосць слова. Ілля дэкламаваў вершы, якія сам склаў. А я прачытала свае нарысы, якія раней публікаваў «Раённы веснік». Не ведаю, ці так ужо шмат у іх таленту, але было прыемна, што мяне таксама запрасілі на тую сустрэчу!..

Напрыканцы нам расказалі пра беларускія перыядычныя выданні і мы паўдзельнічалі ў віктарыне. Думаю, тым, хто прыйшоў у гэты дзень у бібліятэку, спадабалася.

Юля АДАМОВІЧ,

12 гадоў, г.Чэрвень



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *