І сёння памятаеш усё да драбніц

Люди и судьбы

26 красавіка 1986 года… Гэты шчодры на цяпло веснавы дзень пазначыў сабой прыход у чалавечую свядомасць жахлівай аварыі ХХ стагоддзя — Чарнобыльскай атамнай катастрофы.

Звычайны дзень

Ці ж вінаваты

Што стаў аднойчы чорнай датай,

Каб ёй застацца назаўсёды?

Ад віхру смертаноснага выкіду радыёнуклідаў перавярнуўся лёс тысяч людзей, раскідаў іх па ўсяму свету. Сотні паселішч, палі, лясы пакінуты дзічаць без цеплыні і ласкі чалавечых рук… На правабярэжжы Прыпяці, на гасцінным старажытна-рускім бальшаку — Чарнобыльскім жахлівым помнікам не зусім утаймаванага смерчу змрочна шарэе жалезабетонны саркафаг, у стоеных сховах якога грукае далёка яшчэ не астылае сэрца ядзернага монстра.

Прайшло 25 гадоў… І як не жадалі б некаторыя з нас забыцца пра Чарнобыль, адправіць яго чорныя дзеі пад скляпенні мінулага, яны ўсё яшчэ пагражаюць лежачы пад нашымі нагамі пляйстрам радыёактыўнага выкіду не толькі за ахоўным дротам адчужэння,ці як мы, «хайнічанне», называем гэтую зону «малая зямля».

У 1986 годзе я працаваў загадчыкам аддзела адукацыі Хойніцкага райвыканкоама. Калі  ішоў на працу ранкам 27 красавіка мяне спыніў калега з райвыканкама: «Ці чулі? Аварыя ў Чарнобылі, на атамнай станцыі…». Тэлефаную дырэктару школы, якая знаходзілася непадалеку ад станцыі. Ён паведаміў, што сапраўды там нешта здарылася — над АЭС пастаянна знаходзяцца верталёты.

Недзе праз дзве гадзіны я і дырэктар школы былі на месцы, дзе добра праглядвалася станцыя. Над 4-м блокам мы заўважылі велізарнае, у паўнеба, малінавае зарава. Было відаць, як верталетчыкі скідаюць на рэактар нейкія грузы. Як выявілася апасля, гэта былі мяшкі са свінцом, пяском і глінай.

Афіцыйныя крыніцы інфармацыі ні гуку аб тым, што здарылася. А кіраўнікі вярхоўных эшалонаў ўлады проста агалялі сваю няшчырасць і несумленную ўпартасць замаскіраваць трагедыю. Гэта асабліва праявілася ў дзень святкавання Першамая, калі ў радыяцыйнай імгле з’явілася святочная чырвань урачастасці.

Пад яе убраннем правялі дэманстрацыю далёка не са святочнымі тварамі тысячы жыхароў Хойнікаў, Брагіна, Нароўлі і іншых раённых цэнтраў, прылягаючых да станцыі.

Кіраўнікі вырашылі паказаць сваім босам ў Маскве і Мінску, што нічога страшнага не адбылося — вунь Першамай услаўляем! Усё спакойна, ніякай трывогі. Сеюць, загараюць, п’юць малако, ядуць першую зеляніну — шчаўё, крапіву, цыбулю…

Тым часам на чыгуначную станцыю ў Хойнікі прыбываюць саставы з тэхнікай і рэзервістамі. Несціхана гучаць верталёты, на дарогах — калоны машын. Такога на бачылі тут, бадай, ніколі.

Мясцовыя ўлады па ўказу з «верху» заклікаюць захоўваць спакой, не паддавацца паніцы, не растлумачваючы сітуацыю. Нарастае вал вулічнай інфармацыі. То ў адным, то ў другім месцы райцэнтра збіраюцца людзі, яны ўсякім чынам імкнуцца сустрэцца з прадстаўнікамі рэспубліканскіх, абласных органаў улады, якіх зашмат панаехала ў Хойнікі (У Хойніках быў створаны Рэспубліканскі штаб па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі). Аднак не да каго нельга было падступіцца. Райвыканкам ператварыўся ў штаб-кватэру разнастайных раённых, абласных і рэспубліканскіх службаў і ведамстваў, дзе амаль на кожных дзвярах таблічка за надпісам: «Пабочным уваход забаронены». У гэтым штабе з мая па кастрычнік працаваў і я, пастаянна даючы падпіску, так як ўсе паседжанні камісіі з’яўляліся сакрэтнымі.

У сувязі з тым, што многія матэрыялы гэтага перыяду сталі рассакрэчанымі, можа цяпер настаў той момант, калі можна выказаць свае асабістыя ўражанні…

Час ішоў, а ніякіх практычных мер і захадаў не прымалася. Суседняя Украіна правяла эвакуацыю жыхароў горада Прыпяць і прылягаючых да станцыі населеных пунктаў. Нашы ўлады не рашаюцца на гэта, нават дзяцей трымаюць у межах 30-кіламетровай зоны. Да канца красавіка паўсюды ў раёне ідзе пасяўная, прапагандысцкія сілы адмабілізаваны на падтрыманне адпаведнага настрою і духу працоўных. Па даручэннях райкоама, мне ў гэтыя дні даводзілася многа ездзіць па населеных пунктах, якія прылягалі да атамнай электрастанцыі. Паўсюдна ваенныя з прыборамі радыяцыйнага кантролю. Яны настойліва раяць нам пакінуць мясцовасць, бо прыборы зашкальваюць ад высокіх ўзроўняў радыяцыі. «А як жа людзі, каторыя тут жывуць?» — пытаюся ў іх. «Іх, відаць, давядзецца эвакуіраваць»,— чую ў адказ.

1 мая. У раённым штабе нарэшце самастойна прымаецца рашэнне аб эвакуацыі дзяцей з 30-кіламетровай зоны. Брыгады паўнамоцных прадстаўнікоў раз’язджаюцца па школах, вёсках прыпяцкай зоны. Маленькіх перасяленцаў перавязлі ў райцэнтр.

Іх размясцілі ў інтэрнатах горада, сельскіх школах, некаторых адправілі ў санаторый-прафілакторый Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, які, дарэчы, размяшчаўся на тэрыторыі Нараўлянскага раёна.

Урадавае рашэнне аб правядзенні эвакуацыі насельніцтва з беларускай зоны ЧАЭС было прынята толькі 2 мая 1986 года. Рашэнне вызначалася не толькі радыяцыйным фактарам, але і мяркуемай магчымасцю магутнага паравога выбуху з прычыны інтэнсіўнага разрыву актыўнай зоны рэактара, які пачаўся пасля 29 красавіка 1986 года. Разрыў мог прывесці да разбурэнняў жэлезабетоннай асновы рэактара і пападання расплыўчатай масы ў ваду падрэактарных памяшканняў. Выкід радыёактыўных матэрыялаў у выпадку такога паравога выбуху мог прывесці, на думку спецыялістаў, да вострых радыяцыйных паражэнняў у радыусе 30 км і больш ад рэактара.

4 мая 1986 года урад БССР зрабіў даручэнне №341-РС камісіі ў складзе вядучых навукоўцаў вывучыць радыяцыйную сітуацыю ў Хойніцкім і Брагінскім раёнах. Камісія зрабіла гама-здымкі. Было ўстаноўлена, што гама-фон ў Хойніках, Брагіне складае ад 3000 да 15000 мкР/час. (Дарэчы, да аварыі на станцыі для персаналу быў устаноўлены максімум 2,8 мкР/час у дзень з 6-часовым працоўным днём, для насельніцтва вакол станцыі — 0,7 мкР/час).

Многія не верылі, што такое самоцце напаткала нас, палешукоў. Згадваю, як мы радаваліся прышэльцу энергетыкі сюды, ездзілі, дзівіліся маштабнаму будаўніцтву і дзеючым энергаблокам. Так гладка ўсё ішло, нават газета «Праўда» за некалькі дзён да аварыі інфармавала аб поспехах чарнобыльскіх энергетыкаў. І вось на табе — аварыя…

Многія жыхары райцэнтра і іншых населенных пунктаў вывезлі сваіх дзяцей да родзічаў, сяброў і знаёмых далей ад небяспечнай зоны. Людзей, якія гэта зрабілі, улады папракалі і баязліўцамі, і здраднікамі, і маладушнымі, а партыйцаў — выпадковымі ў партыі з арганізацыйнымі вывадамі і выключэннем з радоў партыі.

3 мая. Грыф сакрэтнасці над лёсам людзей, абпрамененых радыяцыяй застаецца. У гэты дзень прымаецца рашэнне аб пачатку адсялення ўсіх людзей з 30-кіламетровай зоны. З усіх умоў яго давялі толькі адну: адсяленне праводзіцца часова, праз месяц ці два людзі вернуцца на сваё ранейшае месца пражывання.

Мне з групай упаўнаважаных было даручана адсяліць вёску Кажушкі. Я раней працаваў там дырэктарам школы і добра ведаю людзей. Падобным нікому ніколі не даводзілася займацца, таму ў нас было многа незразумелага і сумненняў.

Больш за ўсе насцярожвалі тэрміны перасялення, інтуітыўна кожны адчуваў, што будзе шмат пытанняў у людзей, бо пакінуць хоць не на працяглы час набытае за ўсе жыццё не так проста і лёгка.

Пабылі ў кожным доме, пагаварылі з кожным чалавекам, і ніхто з іх не сказаў адразу, што гатовы пераязджаць. Наадварот, людзі прасілі, каб не чапалі іх, яны нармальна сябе адчуваюць, нібы так, што ніякай радыяцыі тут няма, усе гэта выдумкі…

…Імі і намі кіравала інтуіцыя. Інтуітыўна мы раім збірацца ў дарогу, інтуітыўна яны не прымаюць гэтага.

Адправіўшы жывёлу з фермаў і падвор’яў грамадзян, зноў усе мы пайшлі па вёсцы. Гутарылі з людзьмі: прасілі і ўгаворвалі, раілі. Паступова яны прыходзяць да згоды, збіраюць у вузялочкі самае неабходнае, займаюць месца ў аўтобусах, недзе ў дзве гадзіны ночы нарэшце аўтобусы нашы рушылі ў напрамку Хойнікаў. У аўтобусе чую голас: «Ой, людцы, не вернуцца нам больш сюды, не быць тут і не жыць, чуе маё сэрца…». Пякучы боль сціскае маю душу, вочы міжволі вільгатнеюць. Я разумею гэтых людзей і падзяляю іх гора.

Аўтобусы ад’язджаюць усё далей ад вёскі, вывозячы з небяспечнай зоны апошніх яе жыхароў. Усімі пакінутая, самотная вёска ціхенька канала ў прыцемках майскай ночы. Засталіся пад тым небам яе пустыя дамы — як горкі напамінак пра тое, што тут было калісьці жыццё, што яна была вясёлая, руплівая, добрая.

Вёска — нябожчыца… Часткова спаленая ў час вайны фашыстамі, яна адрадзілася, паўстала з попелу, зноў арала, касіла, сеяла, лавіла рыбу ў Прыпяці, гадавала дзяцей і выпраўляла іх ў людзі. І вось знішчана мірным атамам, ёй не ажыць ніколі…

Эвакуацыя з 30-кіламетровай зоны была завершана 5 мая. У маі 1986 года было эвакуіравана 11,4 тысяч жыхароў 50 населеных пунктаў 30-кіламетровай зоны Хойніцкага, Брагінскага і Нараўлянскага раёнаў. Да 1 верасня дзеці вярнуліся ў раён. Ужо ў кастрычніку 1986 года больш трэці дзяцей школьнага ўзросту мелі праблемы са здароўем.

Іван Паўлавіч Мележ пры сустрэчы з землякамі казаў, што ён марыць напісаць раман пра вучоных-атамнікаў, іх незвычайную адказнасць перад чалавецтвам. Збіраў неабходную літаратуру, гутарыў з многімі вучонымі. Смерць не дала пісьменніку здзейсніць задумы. Смерць уратавала яго ад таго гора, якое перажылі ды перажываюць і цяпер яго землякі. Увесь беларускі народ пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І вось каторы ўжо час не пакідае мяне думка, напамінае і напамінае аб сабе: «Няўжо ў Мележа было прадчуванне, адкуль найбольшае ліха чакае яго землякоў, усю Беларусь?» У мастакоў такое бывае… А Мележ быў мастак, вялікі нацыянальны мастак…

У Брагінским раёне нарадзіліся пісьменнікі Раман Сабаленка, Сымон Блатун и Мікола Ракітны. У Веткаўскім раёне нарадзіўся Дзмітрый Кавалёў… Хто, хто цяпер пасля адсялення людзей з гэтых раёнаў там народзіцца? Ды і ў тым жа маім Хойніцкім раёне (паўраёна цяпер), які даў нашай літаратуры Івана Мележа, Барыса Сачанку, Міколу Мятліцкага, Аркадзя Кандрусевіча, Змітра Беспалага, Алу Канапельку, Алеся Шлега?… Колькі новага ўнеслі ўсе гэтыя пісьменнікі ў жыццё беларускага слова!… Яно ж было жывое ў нас, нічым не запарушанае: спрадвечнае, глыбіннае, як крыніца. Што будзе з тымі песнямі, казкамі, прымаўкамі, якія нарадзіліся на гэтай зямлі, жывіліся яе сокамі і якія так мы і не запісалі?… А дзеці, адарваныя ад сваіх каранёў? Хто з іх і калі зноў вернецца на бацькаўшчыну жыць?

Закончу свой расповяд словамі Янкі Купалы: «Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа, калі Ты Цар і неба і зямлі!»

Гэта цяпер як гімн, малітва ўсіх нас, перасяленцаў…

Мікалай БАРЫСЕНКА, перасяленец у вёску Заполле



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *