Дзе можна набыць грунт «Чэрвеньскi»?

Общество

«Колькі выпускаюць грунт «Чэрвеньскі», столькі я ім карыстаюся для вырошчвання расады і пакаёвых кветак. Ён выгадны і па кошту, і па аб’ёму, і па якасці. Ачуваецца, што ў ім шмат карысных рэчываў. На гэтым грунце ўсё добра расце. І расаду не трэба апрацоўваць ад «чорнай ножкі». Але сёлета я не змагла яго набыць ні ў Смілавічах, ні ў Чэрвені. Дык вось хачу пацікавіцца: куды ён знік? Ці працуе прадпрыемства па яго вытворчасці? Дзе можна набыць грунт «Чэрвеньскі»?» (Святлана ЛЫСАЯ, пенсіянерка, г.п.Смілавічы).

 Адказвае дырэктар прыватнага вытворчага гандлёвага прадпрыемства «Прамхімэлектра» Уладзімір КУЛІК:

— Так атрымалася, што ў гэтым сезоне наша вытворчасць не можа забяспечыць тыя аб’ёмы, якія просяць шматлікія гандлёвыя арганізацыі з іншых раёнаў і абласцей Беларусі. Але сваім землякам мы заўсёды гатовы пастаўляць прадукцыю. Яшчэ перад Новым годам прапанавалі рэалізаваць грунт Чэрвеньскаму райспажыўтаварыству, але водгуку на сваю прапанову не атрымалі. Калі райспажыўтаварыства насамрэч зацікаўлена ў нашай прадукцыі, усе заяўкі бяромся выканаць. Чакаем кроку насустрач.

У невялікіх аб’ёмах грунт ёсць у гандлёвай кропцы, размешчанай на аўтобусным прыпынку насупраць цэнтральнага рынку г.Чэрвеня. У г.п.Смілавічы ім гандлюе Міхаіл Ямачка (павільён непадалёк ад царквы). Маем намер прапанаваць грунт яшчэ аднаму прадпрымальніку на Чэрвеньскім рынку. На мой погляд, ён дарэчы быў бы не толькі ў гарадскіх і гарпасялковых, але і ў вясковых крамах, бо ў ім зацікаўлены найперш вяскоўцы.

Зараз мы працуем са 120 партнёрамі. На базе нашага прадпрыемства створана новае — «ГумусАгра». Прыйшлі прыватныя інвестары. Пастаўлена задача — на працягу года патроіць аб’ёмы вытворчасці, бо, як я ўжо зазначаў, попыт нашмат перавышае прапанову…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *