Абласны семінар-практыкум педагогаў

Общество

Падчас яго Чэрвеньшчына прымала загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі. Яго ўдзельнікі азнаёміліся з сістэмай работы вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Чэрвеньскага райвыканкама па павышэнню прафесійнага майстэрства педагагічных кадраў, абмяняліся вопытам. Гасцей прымалі СШ №4 г.Чэрвеня і Дом дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы. А задзейнічаны былі многія педагогі, вучні ўстаноў адукацыі раёна і нават бацькі. Ля актавай залы СШ №4 разгарнулася выстава вучэбна-метадычных матэрыялаў.

Майстар-клас Ірыны Пазняк

Удзельнікаў семінару на беларускай мове прывіталі вучні. Пра мэты, задачы і план работы распавяла метадыст Мінскага абласнога вучэбна-метадычнага кабінета Валянціна Калянкова. А затым увагай прысутных завалодалі гаспадары.

Сцісла пра сістэму адукацыі Чэрвеньшчыны, дасягненні і праблемы распавяла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ларыса Асановіч. Яна таксама зазначыла, што адной з мэтаў арганізатараў семінару стаў адыход ад стандартных формаў правядзення такіх мерапрыемстваў, у чым прысутныя павінны пераканацца на працягу дня.

З дапамогай мультымедыйнага суправаджэння пра асноўныя накірункі дзейнасці вучэбна-метадычнага кабінета, мэты і задачы, формы работы па павышэнню прафесіяналізму педагогаў распавяла яго загадчыца Анжэла Рымашэўская. Яна патлумачыла, што на сённяшні дзень метадычную дапамогу аказалі ўжо шасці ўстановам адукацыі, і работа ў гэтым накірунку працягваецца. І адміністрацыя, і педагогі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з метадыстамі, бо яно дапамагае разабрацца ў існуючых праблемах, павысіць узровень прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Усё гэта прыносіць свой плён.

Потым удзельнікі семінару падзяліліся на дзве групы. Адна наведала экспертызу-прэзентацыю доследных работ малодшых школьнікаў, другая папрысутнічала на выязной педагагічнай нарадзе Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы па тэме «Школа як носьбіт маральнага, фізічнага і разумовага развіцця асобы, яе творчага патэнцыялу».

Гэтая педнарада прайшла ў нетрадыцыйнай форме. За «круглым» сталом  сабраліся педагогі, вучні і іх бацькі. Яны зараней падзяліліся на групы, кожная з якіх працавала па вызначанай праблеме. А падчас мерапрыемства ўсе яго ўдзельнікі па чарзе дзяліліся сваімі думкамі, напрацоўкамі, рабілі творчую справаздачу, абмяркоўвалі пачутае, задавалі пытанні… Словам, працавалі актыўна. А працэсам абмеркавання ўмела кіравала дырэктар школы Ірына Змачынская. Падчас педнарады прагучала шмат слушных думак, якія ўсе ўдзельнікі навучальна-выхаваўчага працэсу ўзялі на ўзбраенне. Напрыканцы сваё меркаванне пра ўбачанае і пачутае выказалі ўдзельнікі семінару.

І зноў усе сабраліся ў актавай зале СШ №4 г.Чэрвеня, дзе распачаўся метадычны фестываль «Творчае ўзаемадзеянне педагога і дзіцяці — аснова якасці адукацыі». Падчас яго госці пабачылі шмат адметных, таленавітых педагогаў і вучняў Чэрвеньшчыны, пазнаёміліся з іх цікавымі творчымі напрацоўкамі і, безумоўна, узялі шмат карыснага для сябе.

Адкрылі фестываль  танцам маленькія выхаванцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, які падрыхтавалі з дапамогай музычнага кіраўніка, прызёра конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года» Вольгі Баранавай. Спадабалася ўсім і самапрадстаўленне пераможцы конкурсу «Выхавальнік года» — выхавальніцы ясляў-сада №6 г.Чэрвеня Наталлі Апацкай, якую выйшлі падтрымаць яе маленькія гадаванцы.

Падчас педнарады ў Лядзенскай школе

Прызёр конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года», выкладчыца біялогіі Валевачоўскай школы Алеся Гаўрыльчык прадставіла праект «Юныя сябры прыроды», які распрацаваны і рэалізуецца педагогамі і вучнямі сумесна з бацькамі. Менавіта пад яе кіраўніцтвам доследная работа вучняў на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі юных эколагаў па вывучэнні флоры і фауны Белавежскай пушчы заняла другое месца. Сама ж школа з’яўляецца базавай па біёлага-экалагічнаму выхаванню. Праект «Юныя сябры прыроды» паспяхова рэалізуецца тут як у тэорыі, так і на практыцы. Фотаматэрыялы многіх мерапрыемстваў былі прадстаўлены на слайдах. А затым Алеся Гаўрыльчык разам з вучнем Генам Сіліным цудоўна выканала вядомую ўсім песню «Если с другом вышел в путь…», перакладзеную на экалагічны лад.

Думку пра тое, што адукацыя — гэта не толькі навучанне, а і выхаванне, у выніку якога фарміруецца грамадзянін і патрыёт, інтэлектуальна развітая асоба, пацвердзілі далейшыя выступленні таленавітых школьнікаў. Вучаніца СШ №2 г.п.Смілавічы Надзея Мыцько вельмі прафесійна праспявала песню на беларускай мове пра землякоў, падчас якой на экране дэманстраваліся партрэты славутых асобаў Ігуменшчыны-Чэрвеньшчыны ад старажытнасці і да нашых дзён.

Не менш прафесійна дэманстравалі вопратку і ўдзельнікі тэатра мод з гэтай жа ўстановы адукацыі пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Алены Кулага. «Раённы веснік» неаднаразова распавядаў пра надзвычай таленавітага педагога, якая на працягу некалькіх апошніх гадоў  рыхтуе прызёраў і пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўнаму навучанню. Яна — сапраўдны прафесіянал, майстар сваёй справы. А здольнасці дэманструе не толькі падчас урокаў, а і на факультатыўных занятках, дзе пад яе кіраўніцтвам вучні распрацоўваюць і шыюць цэлыя калекцыі разнастайных мадэляў вопраткі. Вячэрняя і паўсядзённая, са святловяртальнымі элементамі, форменная — для каманды ЮІД і ўдзельнікаў КВЗ… Уся — адметная, арыгінальная, зручная і модная, выкананая з фантазіяй, душой, на высокім прафесіянальным узроўні. Сапраўды, у таленавітага педагога і вучні таленавітыя. Дружнымі апладысментамі сустракалі прысутныя і дэманстрантаў вопраткі, і саму Алену Кулага.

Цікавасць у гасцей выклікала выступленне пераможцы трэцяй раённай навукова-практычнай канферэнцыі педагогаў, настаўніцы Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лідзіі Шыдлоўскай па тэме «Імідж сучаснага педагога». Падчас яе распрацоўкі выкладчыца шукала пацверджанне гіпотэзы, што імідж сучаснага педагога складваецца з уяўленняў аб ім усіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу — вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў. У працэсе доследнай работы старшакласнікі пісалі міні-сачыненні «Якім павінен быць сучасны настаўнік?» ці «Мой любімы настаўнік». Усе яны адзначылі, што педагог павінен бездакорна ведаць свой прадмет, цікава і даступна выкладаць матэрыял, выкарыстоўваць камп’ютар, мультымедыйную ўстаноўку. Апрача гэтага, Лідзія Шыдлоўская правяла анкетаванне па найбольш актуальных пытаннях, у якім узялі ўдзел 30 старшакласнікаў, 35 бацькоў і 18 педагогаў Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Усе вынікі яна зводзіла ў табліцы, параўноўвала, рабіла вывады, шукала пацвярджэнне сваім думкам у работах даследчыкаў мінулага стагоддзя. У выніку яе доследнай дзейнасці гіпотэза аб тым, што імідж настаўніка складваецца з уяўленняў аб ім усіх удзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу, пацвердзілася.

Уразіла гасцей выкананне «Малітвы» Уладзіміра Мулявіна пераможцам многіх конкурсаў, вучнем СШ №2 г.п.Смілавічы Арцёмам Дзятко. Якое багацце голасу і яго адценняў! Якое валоданне залай! Усе аказаліся літаральна заварожанымі выступленнем. А затым надышла чарга весялосці, бо на сцэне па чарзе з’яўляліся ўдзельнікі педагагічнага КВЗ-2010 — каманды СШ №2 і СШ №4 г.Чэрвеня з фрагментамі выступленняў. Завяршыла метадычны фестываль прыгожая песня, якую па-майстэрску выканаў педагагічны работнік СШ №2 г.п.Смілавічы Дзмітрый Маркевіч.

 

Майстар-клас Надзеі Альхімёнак

На гэтым удзельнікі семінару развіталіся з гасцінным Чэрвенем і накіраваліся ў Дом дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы. Экскурсію па гэтай пазашкольнай установе адукацыі па тэме «Вас запрашае «Краіна радасці і творчасці» правялі яе дырэктар Ала Шыдлоўская і метадыст Святлана Хасяневіч. Госці з цікавасцю зазіралі ў кабінеты, дзе кіраўнікі гурткоў навучалі школьнікаў рабіць цуды сваімі рукамі з самых розных матэрыялаў, у самых розных тэхніках. А пасля на некалькі дзясяткаў хвілін дарослыя адчулі сябе дзецьмі, якіх цярпліва вучаць рабіць прыгожыя рэчы. Зноў падзяліўшыся на дзве групы, яны наведалі майстар-класы вопытных педагогаў — кіраўніка гуртка «Дзіцячая майстэрня» Ірыны Пазняк і кіраўніка гуртка «Народныя промыслы» Надзеі Альхімёнак, добра вядомых чытачам па расповедах аб іх у «Раённым весніку». І трэба было бачыць, з якімі сапраўды дзіцячымі цікавасцю, азартам, жаданнем госці вучыліся рабіць прыгожыя кветкі! Адны — са стужак, другія — з лямцу. А дапамагалі ім гурткоўцы. Пасля заканчэння заняткаў многія ўдзельнікі семінару з задавальненнем прымацоўвалі да вопраткі вырабы, зробленыя ўласнаручна. Усе ажыўлена абмяркоўвалі ўбачанае, запэўнівалі, што цяпер і самі могуць навучыць гэтаму іншых, абменьваліся жартамі…

Майстар-клас Надзеі Альхімёнак

Апошняй кропкай наведвання сталася знакамітая на ўсю рэспубліку і далёка за яе межамі музейная экспазіцыя  «Прастора Хаіма Суціна». Метадыст Святлана Хасяневіч, як заўсёды, цікава, нязмушана, на высокім прафесійным узроўні правяла экскурсію. У другой зале экспазіцыі, зробленай у стылі парыжскага кафэ, удзельнікаў семінару чакала традыцыйная кава. За ёй і падвялі вынікі гэтага дня.

Экскурсію праводзіць Святлана Хасяневіч

Шмат прыемных слоў і падзяк прагучала ў адрас загадчыцы вучэбна-метадычнага кабінета Анжэлы Рымашэўскай, начальніка аддзела адукацыі Ларысы Асановіч, абедзвюх гаспадынь устаноў адукацыі — дырэктара СШ №4 г.Чэрвеня Эмы Анціпенка і дырэктара Дома дзіцячай творчасці г.п.Смілавічы Алы Шыдлоўскай, а таксама іх творчых калектываў. Удзельнікі семінару адзначылі яго добрую арганізацыю, нестандартнасць, багацце разнастайных ідэй, відавочную карысць.

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *