Вiтала Чэрвеньшчына шаноўных гасцей…

Общество

У суботу прэм’ер-міністр Рэспублікі  Беларусь Міхаіл Мясніковіч і  старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура завіталі ў наш раён.

Сваю рабочую паездку яны пачалі з наведвання  адкрытага акцыянернага таварыства «Рыбгас «Волма». 

Кіраўнік урада і члены дэлегацыі  пазнаёміліся з дзейнасцю   прадпрыемства, умовамі арганізацыі вырошчвання  і перапрацоўкі сажалкавай рыбы,  наведалі цэх перапрацоўкі, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў студзені  2011 года.  Як паведаміў  дырэктар прадпрыемства Аляксандр Кулікоўскі, яго праектная магутнасць — 1,5 тоны гатовай рыбнай прадукцыі ў змену. Тут устаноўлена новае сучаснае абсталяванне айчыннай і замежнай вытворчасці. На ім прадпрыемства вырабляе вэнджаную рыбу, марожанае і ахалоджанае філе, рыбны фарш, іншую прадукцыю з  уласнай сыравіны.  Падчас азнаямлення з прадпрыемствам  Міхаіл Мясніковіч звярнуў  асаблівую ўвагу на неабходнасць зніжэння  выдаткаў на вытворчасць рыбы, падкрэсліў, што цана на яе і прадукцыю ў рэспубліцы пакуль высокая, і трэба зніжаць яе кошт  для спажыўца.

Дарэчы, у Беларусі прынята дзяржаўная праграма развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады. Толькі сёлета на выкананне яе мерапрыемстваў прадугледжана больш дзевяці мільярдаў  рублёў.  Адным з прыярытэтных напрамкаў яе з»яўляецца ўкараненне індустрыяльнага рыбаводства з прымяненнем перадавых інтэнсіўных тэхналогій, якія дазволяць вырошчваць  каштоўныя віды рыб. Адначасова будзе павялічвацца  вытворчасць сажалкавай рыбы.

Цяпер  на долю таварнай прадукцыі каштоўных відаў рыб прыпадае каля аднаго працэнта агульнай вытворчасці таварнай рыбы ў рэспубліцы. Да 2015 года плануецца давесці гэты паказчык да 11%. Якаснае  павелічэнне вытворчасці  будзе забяспечана за кошт рэканструкцыі рыбаводчых вытворчых плошчаў, будаўніцтва спецыялізаваных комплексаў і рыбагадавальнікаў, стварэння ўстановак замкнутага водазабеспячэння. Гэта  дасць магчымасць павялічыць вытворчасць таварнай рыбы ў рэспубліцы да 23 тысяч тон, скараціць яе імпарт на 8 тысячы тон і тым самым  забяспечыць рынак высакаякаснай далікатэснай рыбнай прадукцыяй уласнай вытворчасці.

Пра ўсё гэта ішла размова і падчас семінара-нарады, што адбылася ў гэты ж дзень у раённым Цэнтры культуры і адпачынку. У ёй прынялі ўдзел кіраўнікі Мінсельгаспрода, Мінгандлю, Белкааптаварыства, абласных і раённых  спажывецкіх таварыстваў,  дырэктары рыбаводчых арганізацый.

Абмеркаваны таксама пытанні па павелічэнню аб»ёмаў рэалізацыі  рыбы і прадуктаў яе перапрацоўкі на ўнутраным  рынку краіны. Беларусь у перспектыве павінна поўнасцю забяспечыць рынак прэснаводнай рыбай, а наш карп наогул можа  замяніць пангасіуса — з такімі меркаваннямі віцэ-прэм»ера Валерыя Іванова  і дырэктара дэпартамента па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінсельгасхарча Анатоля Булыні пагадзіліся ўдзельнікі нарады. Дарэчы, Анатоль Булыня зазначыў,  што неабходнасці ў імпарце пангасіуса ў краіне няма. «Так, наш карп каштуе больш, але давайце параўнаем: адна справа — вырошчваць рыбу за тры гады, іншае — за шэсць месяцаў, дзе хутчэй за ўсё прымяняюцца стымулятары росту. Канешне ж,  у першым выпадку  якасць, безумоўна, будзе вышэйшай. Бо беларускі карп пры вырошчванні забяспечваецца кормам, які  праходзіць пастаянны лабараторны кантроль і мае  добрую якасць. Таму няма неабходнасці  рызыкаваць здароўем нашых людзей». Пры гэтым ён патлумачыў, што забарона на ўвоз філе пангасіуса і тілапіі ў Беларусь — мера часовая. Як толькі гігіеністы  высветляць, што гэтая рыба не шкодзіць здароўю, яна і  будзе вернута на нашы рынкі… 

Пазнаёміўшыся з  работай рыбгаса «Волма» Міхаіл Мясніковіч і Барыс Батура накіраваліся ў КСУП «Натальеўск», дзе наведалі  насенны склад і ферму «Любішына».

Тут былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі  сельскагаспадарчай тэхнікі да пасяўных работ, абмеркаваны перспектывы развіцця малочнай жывёлагадоўлі ў рамках Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны на 2010-2015 гады, а таксама  развіцця сістэмы насенняводства ў Беларусі. У прыватнасці, кіраўнік ўрада зазначыў, што ў краіне яшчэ недастаткова дакладна працуе сістэма насенняводства, есць пытанні па атрыманню элітнага і суперэлітнага насення. Па словах Міхаіла Мясніковіча,  Беларусь  сур»ёзна не займалася экспартам прадукцыі насенняводства, а развіццё гэтай галіны  можа стаць дадатковым вытокам паступлення валюты. Таму ён даручыў Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук наладзіць работу так, каб не толькі забяспечыць насеннем гаспадаркі Беларусі, але і гандляваць імі.

Затым Міхаіл Мясніковіч і Барыс Батура наведалі Чэрвень, дзе ў гэты час быў разгорнуты кірмаш «Рыба Беларусі». Іх гасцінна сустракалі шчырымі песнямі, вітальнымі словамі і духмяным караваем.

  … І запрашалi на рыбны кiрмаш

У гэты дзень Чэрвеньшчына  ўпершыню  сустракала такую колькасць гасцей. Сюды, на цэнтральную плошчу горада сваю прадукцыю прывезлі  больш за 40 дзяржаўных і  прыватных рыбаводчых арганізацый з ўсёй рэспублікі.  

На чысцютка прыбраную  і па-святочнаму ўпрыгожаную плошчу яшчэ з вечара ў пятніцу прыбывалі машыны  з рыбнай прадукцыяй, устанаўліваліся  павільёны і палаткі. Кожная з іх была арыгінальная,  з густам аформленая і непадобная на іншую. 

 

Ужо з раніцы плошча хутка поўнілася людзьмі. І не толькі чэрвеньцамі. Прыязджалі з вёсак, суседніх раёнаў, некаторых абласцей рэспублікі.  А з Мінску нават былі арганізаваны спецыяльныя аўтобусныя маршруты, каб даставіць жадаючых на кірмаш.

Духмяны пах юшкі, апетытных шашлыкоў і барбекю, якія гатаваліся тут жа, ля павільёнаў, прыцягвалі паласавацца прысмакамі. Велізарныя самы і шчупакі,  вытанчаныя асятры і фарэлі, лянівыя карпы і таўсталобікі ў акварыўмах, вэнджаныя ліні і амуры радавалі вока пакупнікоў. А ад прадукцыі доследнага рыбгаса «Нарачанскі», які прывёз на продаж  яшчэ і вугра, немагчыма было адцягнуць дзяцей, што з цікавасцю і некаторай асцярогай назіралі за незвычайнай істотай. 

Акрамя рыбнай прадукцыі, на кірмашы можна было набыць і іншыя харчовыя і прамысловыя тавары. Аматары мёду, напрыклад,  стоўпіліся ля палаткі  прадпрымальніка з Мінскай вобласці, які даўно займаецца пчалярствам і  выставіў сваю прадукцыю на продаж. Да таго ж, ён шчыра  дзяліўся сваім шматгадовым вопытам, даваў розныя парады. Маладых  дзяўчат цікавілі моднае адзенне, шырокі асартымент якога прывёз  гандлёвы дом «Легпрам». Знатакі прыгожага дастойна ацанілі  тканыя і вышываныя вырабы,  гліняныя глечыкі, маляўнічыя карціны, прадстаўленыя майстрамі-аматарамі.      А   мілагучныя народныя песні, што далёка  ліліся над Чэрвенем, забаўляльныя конкурсы, цікавыя гульні, падрыхтаваныя  артыстамі раённага Цэнтра культуры і адпачынку, народнымі калектывамі Мінскай вобласці, дапаўнялі цудоўны святочны настрой.

А вось меркаванні саміх удзельнікаў мерапрыемства.

Прадстаўнікі рыбгаса «Палессе»  Пінскага раёна:

— Вельмі  спадабалася арганізацыя гэтага мерапрыемства. Усё так па-святочнаму аформлена, акуратна, чыста. І чэрвеньцы такія шчырыя, ветлівыя,  добразычлівыя. Калі ехалі сюды, думалі, што ў такім невялічкім гарадку шмат не нагандлюеш. І не чакалі, што да гадзіны дня ўсю рыбу, а яе ў нас было 788 кілаграмаў жывой і 200 кілаграмаў вэнджанай, хуценька распрададзім. Даўно такога гандлю ў нас не было, нават калі ўдзельнічалі ў падобным мерапрыемстве ў Мінску. Да таго ж, сёння ўдалося заключыць  дагавор на пастаўку рыбы з адным  дзяржаўным прадпрыемствам. Так што запрашайце нас яшчэ. Абавязкова прыедзем.

  

Гандляры прыватнага прадпрыемства з Нясвіжскага раёна «Радзівілаўскія пруды»

— Нашу рыбу ведаюць далёка за межамі Нясвіжчыны. Яна вырошчваецца на якасных кармах і вельмі смачная. Сёння гандлявалі белым амурам, карпам элітным, карасём і таўсталобікам. Прадукцыю раскупілі на працягу некалькіх гадзін.  Усяго рыбы прадалі  на суму больш за 6 мільёнаў. Асаблівым попытам карыстаўся таўсталобік. Напэўна таму, што яго рэкамендуюць як прадукт дыетычнага харчавання, асабліва для гіпертонікаў: пры штодзённым яго ўжыванні зніжаецца крывяны ціск.  А жанчынам раю часцей выкарыстоўваць мяса гэтай рыбы для амаладжэння скуры. Ад кірмашу засталіся самыя лепшыя ўражанні, хоць і працаваць давялося ў хуткасным рэжыме. Ні хвіліначкі не заставаліся без пакупнікоў.

Жыхарка г. Брэста:

Пра кірмаш пачула з рэкламы па тэлевізары. Вырашыла прыехаць і не пашкадавала. Спадзяюся набыць вугра. Хачу нявестцы зрабіць сюрпрыз на  дзень нараджэння. Няхай здзівіць сваіх гасцей.  Хоць сёння і не вельмі спрыяльнае  надвор»е для таго, каб стаяць у чарзе, але гарачая юшка, якую ўжо паспытала, сагрэла цела, а добрыя песні —душу.

Сям’я з г. Мінска:

Прыехалі набыць незвычайных рыб. Вось купілі фарэль і маленькага асятра. Цяпер стаім у чарзе за шчупаком. Паспелі паўдзельнічаць і ў латарэі. Выйгралі прыгожы сувенір. Завязём яго нашай унучцы. Няхай і яна атрымае часцінку гэтага свята.

     

   …Хаця кірмаш планаваўся працаваць да 17 гадзін, у 15 гадзін на плошчы засталіся лічаныя пакупнікі і машыны. Прадукцыя ўсіх без выключэння рыбных гаспадарак была хутка распрададзена. І, напэўна, справа тут зусім не ў рэкламе гэтага мерапрыемства, і не нізкага кошту рыбнай прадукцыі. Людзі  даўно не бачылі такой колькасці  разнастайных відаў якаснай рыбы айчыннай вытворчасці. Значыць, калі ёсць прапановы, будзе і попыт.

 

Людміла Рабецкая.

 Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *