Усім падабаліся музыка, спевы і танцы

Общество

Харэаграфічная кампазіцыя “Песня пра майстроў”

Напярэдадні 8 Сакавіка яркі святочны канцэрт падарыла мілым, абаяльным жанчынам Чэрвеньская школа мастацтваў. У раённым Цэнтры культуры і адпачынку глядзельную залу запоўнілі ў пераважнай большасці матулі, бабулі, дзяўчаты… Удзячна, бурнымі апладысментамі ўспрымалі яны кожнае выступленне.  Шчыра гучала “Брава!”.  Радасны, бадзёры настрой стварала і вядучая канцэрта выкладчыца школы Ала Карась. Трапнымі словамі  яна ўдала даносіла гледачам свае пачуцці, эмоцыі, настройвала на кранальнае ўспрыняцце кожнага артыста.

Распачала канцэрт добра вядомая не толькі на Чэрвеньшчыне народная музычная капэла “Ігуменскія крыніцы”. Яна — неаднаразовы лаўрэат абласных конкурсаў і дыпламант другога Усебеларускага фестывалю “Беларусь — мая песня” (кіраўнік Васіль Капцелаў, канцэртмайстар Алег Калеснік). І вось цяпер, выконваючы “Святочны вальс” нашага слыннага земляка Станіслава Манюшкі, адразу акунала прысутных у неперадаваемую словамі прыгажосць музыкі. А следам выступленне саліста Андрэя Каленіка ўзмацняла створаны настрой.  Вядомая песня К’яра пра каханне “Скажите, девушки” ў прафесійным выкананні і такім магутным непаўторным голасам як у  Андрэя, кранала чуллівыя жаночыя сэрцы.

“Рэха"

Затым выйшла народная вакальная група “Рэха”, якім  кіруе Анатоль Шунтаў. Яе высокае майстэрства ўжо ацанілі многія, бо група часта выступае на самых розных сцэнах. І зараз зала заціхла ў асалодзе, з вялікім задавальненнем слухаючы беларускую песню Л.Захлеўнага “Гармонік” і польскую народную песню “Вісла моя” (салістка Галіна Прышывалка).

Павел Рудакоў

Далучыліся да дарослых і юныя таленты.  Усхвалявана  чытаў верш Ясеніна “Мама” навучэнец тэатральнага аддзялення Павел Рудакоў. Яго голас нават крышачку дрыжаў, калі ўзнёсла наказваў прысутным: “Памятайце пра маму!”  І ўсчуленыя выразным чытаннем,  адоранасцю хлопчыка,  прысутныя матулі ўпотай змахвалі набегшую слязінку. Але гэтыя эмоцыі змяніліся на вельмі радасныя, калі на сцэну выбегла самая юная навучэнка эстраднага аддзялення Даша Баторшына — з вялікімі вачыма, звонкім голасам, жвавая і непасрэдная. Яна весела спявала “Я расту” і не проста бегала па сцэне, а стварала маленькае тэатралізаванае дзеянне. А калі рухамі пачала паказваць ігру на ўяўляемай гітары, тут ужо заўсміхаліся ў замілаванні ўсе гледачы. Здавалася, зусім юная  Даша — вопытная артыстка. Але на справе, гэта не так. Дзяўчынка на раённай сцэне выступала ўпершыню, а значыць вельмі адважная і з моцным характарам, бо справілася з уласнымі хваляваннямі. І яе спевы ўпрыгожылі канцэрт.

Уладыслаў Грыбко на саксафоне выканаў “Раманс” Алоўнікава. Цікава было слухаць і камерны ансамбль школы, які злучыў агульнай мэтай педагогаў і навучэнцаў. Яны выканалі песню Пахмутавай “Мелодыя”. А  “Бразільера” прагучала ў выкананні інструментальнага трыа ў складзе педагогаў Веранікі Грышкевіч, Любові Доліч і Андрэя Каленіка. Дарэчы, трыа існуе не першы год,  вельмі палюбілася слухачам і заўжды  ўзнагародай яму бурныя апладысменты.

Уладыслаў Грыбко

Песень у гэты вечар гучала шмат.  Цудоўна спявалі Лера Цімохіна, Таццяна  Дзмітровіч, Ліза Васенцава, Надзея Буднік (яна на гэтай сцэне была ўпершыню). Але сапраўдным сюрпрызам для гледачоў стала выступленне  маладых спецыялістаў — стаматолагаў Аляксея Арэхава і Сяргея Савельева з песняй “Вясна”.  Аляксей  напісаў словы, музыку, сам спяваў, іграючы на электрагітары. А Сяргей выконваў соло на сінтэзатары. Юнакі, здольныя да музыкі,  калісьці закончылі музычныя школы. Але гледачы пра гэта не ведалі і з непасрэднай зацікаўленасцю слухалі, на што здольныя медыкі ў такой творчай артыстычнай справе. І засталіся задаволеныя: апладзіравалі гучна, шчыра, падарылі кветкі.

Аляксандр Правасуд

Яшчэ адной адметнасцю канцэрта было тое, што ў ім бралі ўдзел былыя выпускнікі Школы мастацтваў. Парадавалі сваім майстэрствам цяпер ужо студэнты каледжа Аляксандр Правасуд, Маша Махаўцова і Яўген Доліч.

А яшчэ з віншаваннямі завіталі госці з Мінска. Гэта  вядомыя эстрадныя выканаўцы — вакальны квартэт Мінскага каледжа мастацтваў “Віват” пад кіраўніцтвам Алега Сямёнава. “Віват” у Чэрвені ўпершыню, але адразу заваяваў жаночую аўдыторыю.

Ну і канешне, якое свята без танцаў! Разам са сваімі выхаванцамі падрыхтавалі іх выкладчыкі харэаграфічнага аддзялення Наталля Захарчук і Сяргей Ладуцька. Так, харэаграфічную кампазіцыю “Песня пра майстроў” паказалі самыя маленькія ўдзельнікі канцэрта. Спадабаліся ўсім і танцы пад назвамі  “Белыя птушкі”, “Твіст”.

Танец “Белыя птушкі”

Канцэрт Чэрвеньскай школы мастацтваў… Хто аднойчы пабываў на ім, захоча паглядзець яшчэ і яшчэ раз. Бо ў ім самае галоўнае — душа. Калі артысты, дарослыя і юныя, не проста хочуць падабацца, а ў кожнае выступленне ўкладваюць усё, чым валодаюць прафесійна і духоўна. Яны аддаюць уласны набытак і дар сваім родным, блізкім, сябрам, знаёмым… Дзякуй!

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

На фота: Павел Рудакоў; Уладыслаў Грыбко; Харэаграфічная кампазіцыя “Песня пра майстроў”; Аляксандр Правасуд; “Рэха”; танец “Белыя птушкі”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *