
Падзяліць радасць працоўных здабыткаў завіталі ганаровыя госці: першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінаблвыканкама Віталь Грышанаў, выконваючы абавязкі главы адміністрацыі Заводскага раёна г.Мінска Уладзімір Рудзько, намеснік генеральнага дырэктара па аграпрамысловых пытаннях ААТ «Мінкжалезабетон» Вадзім Бабарыкін, галоўны інжынер ААТ «Гарадскі малочны завод №1» Сяргей Куляшоў.
Са шчырымі вітальнымі словамі да ўсіх прысутных на свяце звярнуўся старшыня райвыканкама Іван Муха:
— Падводзячы вынікі працы за мінулы год, мы выказваем словы ўдзячнасці і глыбокай павагі ўсім працаўнікам Чэрвеньшчыны за самаадданую працу, майстэрства, прафесіяналізм, адказныя адносіны да справы. Кожны з іх унёс свой значны ўклад у развіццё раёна.
Сёння перад намі стаіць больш маштабная задача — зрабіць рашучы крок ва ўсіх галінах і сферах дзейнасці. Толькі ад нас з вамі заледжыць якасць жыцця. Таму неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб усё запланаванае на гэты год было выканана, а Чэрвеньшчына стала адным з раёнаў Мінскай вобласці, які паспяхова развіваецца.
Чалавеку заўсёды прыемна ўсведамляць, што яго праца, у якую ён укладвае душу, сэрца, старанне будзе дастойна ацэнена. Таму ганаровым момантам свята было ўзнагароджванне працаўнікоў, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў па выніках работы за 2010 год і будуць занесены на раённую Дошку гонару. (Іх прозвішчы друкуюцца на 2-й старонцы газеты). А дэлагацыю аднаго з лепшых працоўных калектываў аграпрамысловага комплексу СПФ «Аграбуд» ААТ «Мінскі завод жалезабетонных вырабаў» на чале з яго дырэктарам Іванам Малахавым наш карэспандэнт сфатаграфаваў перад пачаткам святочнай урачыстасці.
Акрамя таго, падчас яе за добрасумленную працу, прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна Ганаровымі граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны даярка малочнатаварнай фермы «Натальеўск» КСУП «Эксперыментальная база «Натальеўск» Жанна Кавалёнак і начальнік вытворчага цэха ЧУП «Чэрвеньскі гароднінасушальны завод» Лідзія Усцінава.
А яшчэ — сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных былі выступленні выхаванцаў Чэрвеньскай і Смілавіцкай Школ мастацтваў, артыстаў раённага Цэнтра культуры і адпачынку, народнай музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы», вакальнага гурта «Чэрвеньскія балагуры», народнага аматарскага калектыва «Рэха», а таксама сталічных гасцей — маладых салістаў з Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.
Людміла РАБЕЦКАЯ.
Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ