Смецце, прэч!

Общество

Цудоўны дэвіз. Даволі актыўна апошнім часам выкарыстоўваецца ў Чэрвені. Але з ім згодны не ўсе…

На мінулым тыдні аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама правёў рэйд па некалькіх вуліцах Чэрвеня, каб вызначыць дамы і падворкі, дзе гаспадары не сочаць за парадкам. На вуліцы Зяневіча такіх дамоў было тры. У адным чамусьці не аказалася часткі даху, і як жыхары (калі яны ёсць) зімавалі, незразумела. Што ўжо гаварыць пра адсутнасць шкла ў некаторых вокнах? Замест яго праёмы зацягнуты цэлафанам…

Яшчэ адзін дом па Зяневіча прыцягвае ўвагу прахожых тым, што пасярэдзіне ад даху да падмурка прасеў настолькі, што нагадвае хутчэй нейкі атракцыён, чым жытло. Ці не скатваюцца да адной сцяны бытавыя рэчы, ложкі і самі гаспадары ў гэтай хаце-небарацы, невядома. Але служба ЖКГ паспрабавала схаваць непрыемнае відовішча ад вачэй чэрвеньцаў і гасцей: перакошаны будынак ледзь не да даху закрылі заборам. Між тым гаспадароў (калі яны, зноў жа, там пражываюць) гэта акалічнасць не зацікавіла. Ніхто не з’явіўся на стук малаткоў. Магчыма, гэты дом даўно нежылы. Нават стары драўляны плот, што быў адкінуты ўбок, калі ў мінулым годзе на Зяневіча ўсе платы мянялі на бетонныя, ніхто дасюль так і не прыбраў.  

Трэці падворак сам па сабе яшчэ так-сяк, вось толькі хлеў вельмі ўжо непрыглядны. Хоць і знаходзіцца ў глыбіні двара, а ўвагу сваёй неахайнасцю прыцягвае перш за саму хату. 

На вуліцы Мінскай каторы раз агледзелі дом, які напалову разваліўся. Да гаспадыні жэкэхоўцы колькі разоў звярталіся і з просьбамі, і з прадпісаннямі, і з пагрозамі падаць у суд — нічога не мяняецца на працягу ўжо, мо, дзесяці гадоў ці болей. Хата толькі разбураецца яшчэ больш. Гаспадыні пайшлі насустрач, выдзелілі часовую «падменку», каб пажыла там, пакуль адрамантуе асноўнае жыллё. Але жанчына і не думае абцяжарваць сябе турботамі: жыве сабе ў «падменцы» і ў вус не дзьме!.. Падчас рэйда склалі чарговае прадпісанне…

Апошняй кропкай праверкі стаў двор ля дома па вуліцы Чапаева. Тут шмат самавольна пабудаваных хлявоў, але гэта яшчэ палова бяды. Горш, што ў некаторых з гэтых хлявоў жывуць куры. А па закону ў цэнтры горада курэй трымаць нельга. Аматары свежых яек атрымалі прадпісанні ліквідаваць рассаднікі антысанітарыі.

У гэтым жа двары некалькі гадоў існуе стыхійная звалка. Яе час ад часу павялічвае адна з мясцовых бабуль: сцягвае з усяго наваколля дошкі, кавалкі шыферу, плёнку, кардонныя каробкі і таму падобныя «патрэбныя» матэрыялы. На жаль, нікому, акрамя самой састарэлай грамадзянкі П., гэтыя матэрыялы непатрэбныя. 87-гадовая бабуля атрымала прадпісанне прыбраць усё сваё смецце, але калі ёй не дапаможа адзіны сын, што жыве ў іншай вобласці, то, мабыць, супрацоўнікам ЖКГ прыйдзецца самім прыехаць на трактары і разабраць завалы…       

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *