Прачытала артыкул Святланы Адамовіч «Шануйма скарб наш найвялікшы» — і захацелася падзяліцца ўласнымі разважаннямі.
Родная мова… Яна прыходзіць да чалавека з вуснаў маці. А затым яе законы і правілы вывучаюцца ў школе. Узгадваю час навучання майго пакалення. Працэс знаёмства з моваю быў крыху даўжэй, чым цяпер. Зараз дзеткі з садка прыходзяць у першы клас падрыхтаванымі. Умеюць чытаць, лічыць, а хто і пісаць… Мы ж алфавіт вывучалі да Новага года, і толькі пасля ішлі тэксты.
Калі крыху падраслі, то самі ездзілі ў Чэрвень, каб набыць кнігі. У той час было незразумела, чаму прадавец пытаўся: «Табе для сельскай школы ці гарадской?!» Потым разабраліся, што да чаго. Для сельскай кнігі былі на беларускай мове, для гарадской — на рускай. Падчас з нас у Чэрвені смяяліся: «Дзярэўня прыехала!» Мы пачуваліся няёмка, успрымалі гэта, як абразу, і спачатку не разумелі, чаму нас так клічуць. Потым дайшло — мы ж размаўляем на роднай вясковай мове… Калі ж заканчвалі 9-10 клас у Чэрвені, можна сказаць, зраўняліся з усімі. Кнігі — рускія, мова — руска-беларуская, «трасянка». Зараз, на жаль, больш чуваць рускай мовы, чым нашай, роднай. Рэдка сустрэнеш людзей у Чэрвені, якія размаўляюць па-беларуску. Пачуць жа родную мову часцей за ўсё сапраўды можна толькі на вёсцы… Калі мой малодшы сын пайшоў у першы клас, нам абвясцілі, што нашы дзеці будуць вучыцца на беларускай мове. Але настаўніцы на ўроках давялося пастаянна перакладаць з рускай мовы на беларускую, бо на ўсіх вучняў не хапала падручнікаў. Дзеці абменьваліся імі. Хто першы зробіць хатняе заданне, аддае падручнік іншаму. Так што на другі год працягнулі вучобу па-руску. Дзеці вельмі блыталіся з напісаннем літары «і»… Ды і зразумець сэнс многіх слоў для іх была праблема. На гэтым эксперымент для іх закончыўся. А шкада, бо задумка была добрай…
Наша мова — прыгожая, мілагучная. І вельмі хочацца часцей чуць яе ў паўсядзённасці ад людзей усіх узростаў…
Галіна ГАЛІЕЎСКАЯ,
г.Чэрвень