Любоў да творчасці – у спадчыну

Общество

Вязанне шыдэлкам і на прутках… Вышыванне карцін… Складанне з паперы лебедзяў і вазачак… Усім гэтым і не толькі захапляюцца жанчыны і дзяўчаты з роду Камейшаў. Праўда, пра тое, хто першы з іх і якім відам творчасці заняўся, ужо і не ўспомніць. А вось тое, што ўменне адметнае перадаецца з пакалення ў пакаленне, зразумелым робіцца з першых жа хвілін размовы…

Старэйшай на сённяшні дзень жанчыне сямейства, Браніславе Вітольдаўне Камейша, 74 гады споўнілася.

— На Дзень закаханых нарадзілася, — з усмешкай зазначае яна.

Але наўрад ці тады ўзгадвалі пра такое свята. Ды яшчэ ў сумна вядомым 1937-ым…

З самага дзяцінства Броня прывыкла да таго, што рукі пастаянна павінны быць занятыя — працаю, майстэрствам спрадвечным жаночым… Яе мама, Надзея Іванаўна Халецкая, добра шыла на машынцы. І халаты, і сукенкі жанчынам — хто што папросіць. А вось у дачкі «пасябраваць» з шыццём ніяк не атрымлівалася. Затое падузорнікі, якімі модна было тады ўпрыгожваць ложкі, карункі на саматканыя ручнікі выходзілі адметнымі. Шыдэлак ва ўмелых пальцах паслухмяна вывязваў цуды. Пасля Браніслава Вітольдаўна асвоіла мудрагелістую навуку вышывання, вязання на прутках.

У свой час усе гэтыя ўменні мелі не толькі, так бы мовіць, дэкаратыўную накіраванасць, а і практычную. Калі быў дэфіцыт вопраткі ў крамах, вельмі дарэчы прыйшліся самавязаныя рэчы — і сабе, і дзецям… А іх чацвёра з’явілася ў сям’і Камейшаў — два хлопцы і дзве дзяўчыны. Адзін сын, на жаль, пайшоў з жыцця маладым…

Майстэрства вязання — шыдэлкам і на прутках — пераняла ад маці дачка Людміла. Апошняе яе захапленне — шкарпэткі і тапачкі. Прыгожыя, цёплыя і зручныя. Бывае, Браніслава Вітольдаўна вяжа да апошніх верх, а Людміла — ніз…

Гэтак жа дружна, у пары, асвоілі маці з дачкой і складанне з паперы лебедзяў, вазачак… Загатоўкі, якіх вельмі шмат патрэбна на адзін выраб, яны называюць «самалёцікамі». Гэта толькі здаецца, што папера практычна нічога не важыць. Калі яе многа, то цяжкасць гатовага вырабу досыць адчувальная. Напрыклад, той лебедзь, якога на фотаздымку трымаюць Браніслава Вітольдаўна і Людміла, важыць… 7 кілаграмаў!

А колькі цярпення трэба, каб для кожнага новага вырабу скласці-згарнуць неабходную колькасць «самалёцікаў»! Але абедзвюм жанчынам такі занятак падабаецца. За ім неўпрыкмет праходзяць зімовыя дні…

Папяровых лебедзяў, вазачкі яны з задавальненнем дораць сябрам, родным, знаёмым — на святы і проста так. А галоўнае, што да гэтага захаплення яны прыахвоцілі многіх суседзяў! Бывае, нават сямейныя пары пад уражаннем убачанага бяруцца за складанне фігурак з паперы…

Апошнім часам Браніслава Вітольдаўна актыўна занялася і вышываннем карцін. Тым больш, што розных асноў цяпер прадаецца вельмі шмат. Пара коней, трое кацянятаў з кветкамі, дзяўчынка, цыганка, тыгр… У рамачках, пад шклом… Здалёк глядзяцца, як сапраўдныя карціны, напісаныя фарбамі…

Не забываецца Браніслава Камейша і на яшчэ адно сваё захапленне — спевы. Даўней, калі працавала ў Таварыстве сляпых, спявала ў тамтэйшым хоры. З асаблівай цеплынёй яна прыгадвае той час. І песні памятаюцца ёй. Напрыклад, як калісьці на Дзень Перамогі спявалі: «Мне березка дарила сережки…» І якія апладысменты заўсёды гучалі пасля кожнага выступлення хору…

Што мяне найбольш уразіла пры сустрэчы-знаёмстве, гэта тое, што Браніслава Вітольдаўна мала распавядала пра сябе. Усё пра сям’ю ды пра сям’ю. Пра маму, якая бачыла самога Арджанікідзе, была на фронце медсястрой. Пра сыноў майстравітых-таленавітых і дачок. А як яна ганарыцца ўнучкамі, якія перанялі ад яе любоў да вышывання! Маўляў, і Оля Камейша, і Юля Корзюк (дочкі Тамары), і Віка Грыбко (Людзіна дачушка) — майстрыхі адметныя.  Так што насамрэч уменні перадаюцца ў гэтым сямействе ад мамы да дачкі, ад бабулі — да ўнучак…

А яшчэ Браніслава Вітольдаўна і Людміла захапляюцца кветкамі. У сезон, кажуць, такая прыгажосць на сядзібе, што сюды прыходзяць дзяўчаты і просяць дазволу сфатаграфавацца. Нягледзячы на праблемы са здароўем, маці і дачка актыўна працуюць на зямлі, каб парадаваць сябе і іншых. А яшчэ на падворку ёсць альтанка, якую зрабіў сын Браніславы Вітольдаўны Віктар, фантан… Словам, чакаем сезону, каб пабачыць усё на свае вочы і сфатаграфаваць для вас, шаноўныя чытачы…

А пакуль пажадаем сямейству Камейшаў здароўя, бадзёрасці, аптымізму, натхнення, творчасці, новых ідэй.  Няхай Бог дае яшчэ шмат дзён, напоўненых дабрынёй, спагадай, любоўю, творчасцю…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *