
Конкурс маладых вадзіцеляў прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак Чэрвеньшчыны правялі райкам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, раённая арганізацыя ДТСААФ і раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Чатырнаццаць канкурсантаў спаборнічалі ў веданні Правілаў дарожнага руху і фігурным ваджэнні аўтамабіля. Найменшую колькасць штрафных балаў па Правілах дарожнага руху (улічвалася хуткасць і правільнасць рашэння білетаў) набраў вадзіцель раённага спажывецкага таварыства Сяргей Трапашка. Другі вынік паказаў Уладзімір Каваленка з ветстанцыі , трэці — Міхаіл Маковіч з ПМК-8.
У фігурным ваджэнні аўтамабіля, якое праводзілася на аўтадроме ДТСААФ, не было роўных Андрэю Дзядзічкіну з ААТ «10 з’езд Саветаў». Другое месца — у Яўгена Кабакова з КУП «Вёска-ЭмульБіт», трэцяе — у Віталя Ветцэля з СВК «Валевачы».

Па найменшай суме штрафных балаў на абодвух этапах спаборніцтваў пераможцам конкурсу стаў Сяргей Трапашка з раённага спажывецкага таварыства, другое месца заняў Дзмітрый Кацько з аддзялення «Ахова», трэцяе Міхаіл Маковіч з ПМК-8. Пераможцы і прызёры атрымалі Дыпломы, а за першае-трэцяе агульныя месцы — і каштоўныя падарункі ад арганізатараў.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара
На здымках: пераможцы конкурса Міхаіл Маковіч, Сяргей Трапашка і Дзмітрый Кацько; выконваецца элемент фігурнага ваджэння аўтамабіля «Горка» (злева); журы падсумоўвае вынікі (пасярэдзіне); канкурсанты рашаюць білеты па Правілах дарожнага руху.