Кіпіць, бурліцца справа ў “Крыніцы”

Общество

Час сакавіцкага міжсезоння, калі подых вясны яшчэ ледзь чутны, а моцныя маразы адышлі і значна пабольшаў дзень, земляробы ААТ «Крыніца Ігуменшчыны» імкнуцца скарыстоўваюць з максімальнай карысцю. У гаспадарцы завяршаюць вывазку арганікі. З запланаваных 21500 тон вывезена больш 20 тысяч тон. Бульбяныя палеткі падкормлены яшчэ восенню, а пад будучыя пасевы кукурузы вадкую арганіку — жыжку — усю зіму, спыняючыся толькі падчас моцных маразоў, спраўна вывозіў механізатар Генадзь КРУК. Ён і цяпер гэтым займаецца, аднак, у хуткім часе, як сыйдзе снег, паставіць спараныя колы і пойдзе з культыватарам. Дарэчы, у мінулым годзе Генадзь быў другі ў раёне па падрыхтоўцы глебы.

Механізатар Вячаслаў ЗАГОЛЬКА

Зараз завозяцца і мінеральныя ўгнаенні — і цвёрдыя, і вадкія. Цвёрдыя на МАЗе дастаўляе Андрэй АЛЕЙНІК. Вадзіцеля нават адазвалі з адпачынку, каб тэрмінова даставіць у гаспадарку неабходную партыю ўгнаенняў. Вадкія з той жа Градзянкі возіць трактарыст, які на сваім «Беларусу» іншы раз дзве «ходкі» за дзень спраўляецца зрабіць. А адлегласць да базы немалая. З Рудні ў адзін канец за 70 кіламетраў  будзе.

Яшчэ ў гаспадарцы ў сціслы тэрмін справіліся з падсевам шматгадовых траў -«ушчыльнілі» сумессю цімафееўкі і канюшыны 100 гектараў травяных палеткаў. Зараз пачалі перазалужэнне — па азімых сеюць чыстую канюшыну.

 — Згодна плана, нам трэба сёлета перазалужыць 220 гектараў, — гаворыць начальнік участка цэха раслінаводства Аляксандр ФІЛАТАЎ, які ў гаспадарцы зараз і за галоўнага агранома. — Пакуль глеба трымае тэхніку мы павінны з сяўбой канюшыны справіцца. Тут двайная выгада для нас: па-першае, поле не псуецца, а па-другое — справіўшыся з падсевам траў цяпер, мы падчас пасяўной будзем мець свабодную адзінку тэхнікі.

Асноўны сейбіт на травяной ніве — механізатар Вячаслаў ЗАГОЛЬКА. Ён адзін і не першы год добра спраўляецца. Падсяваючы за дзень каля дваццаці гектараў, трактарыст сёлета паспеў спарадкаваць ужо амаль 250 гектараў. Засталося зусім крыху, і як прыйдзе час, механізатар заменіць пасяўны агрэгат на глебаапрацоўчы і зоймецца перадпасяўной апрацоўкай глебы.

Мікалай ЛAЗУРКIН

Сёлета мы плануем пасеяць 415 гектараў ранніх збожжавых, —адзначыў Аляксандр ФІЛАТАЎ.З іх  200 гектараў адведзена пад пшаніцу, 100 — пад трыцікале, астатняе зойме ячмень і авёс. Яшчэ будзе 500 гектараў кукурузы, 200 гектараў бульбы, 70 — лубіну і 65 гектараў гародніны. Па насенню ўсе пытанні ў нас закрытыя. Яно праверана і адпавядае неабходным стандартам. Засталося закупіць 60 тон элітнай бульбы.

 Віктар ПАРФІЯНОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *