Каб ад веснавой вады ў раёне не здарылася бяды…

Общество

Звычайна веснавая паводка значных бедстваў жыхарам Чэрвеньшчыны не чыніць. Тым не менш, пэўныя  непрыемнасці падчас раставання снегу не-не, ды і здараюцца. Таму меры па папярэджванню надзвычайных сітуацый, звязаных з паводкай, прымаюцца своечасова.

З гэтай нагоды напачатку сакавіка ў райвыканкаме адбылося пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях, дзе акрэслены шэраг неабходных мерапрыемстваў. Вось што распавядаюць члены камісіі.

Мікалай КАНАПАКА, намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтву і жыллёва-камунальнай гаспадарцы:

— У Чэрвені ёсць шэраг месцаў, дзе падтапленне пабудоў падчас паводкі адбываецца пастаянна. Самыя праблемныя — гэта раён аўтавакзала, а таксама вуліцы Д.Беднага і Т. Шаўчэнкі. Менавіта адтуль паступае найбольш скаргаў. Пакуль сітуацыя стабільная. Аднак адпаведныя службы напагатове. Выратавальнікі правялі інвентарызацыю тэхнікі, якая можа быць задзейнічана ў выпадку падтаплення. Пры неабходнасці будзе выкарыстоўвацца і тэхніка мясцовых гаспадарак.

 Віктар ГУРЫНОВІЧ,

галоўны інжынер УП «Чэрвеньская ЖКГ»:

— Скаргаў з прычыны падтаплення будынкаў да нас пакуль што не паступала. Але яны могуць з’явіцца. Калі ўсталюецца такое надвор’е як зараз, то  непажаданых наступстваў будзе намнога менш. Усе «ліўнёўкі» мы прачысцілі, аднак сісэма водаадвядзення не ахоплівае ўвесь горад і жыхарам, чые хаты размешчаны ў раёне вуліцы Зяневіча ці па завулку Някрасава, паводка можа даставіць непрыемнасці. Мы за сітуацыяй сочым і дапамогу, калі трэба будзе,  своечасова акажам.

Леанід КРУК, намеснік начальніка Чэрвеньскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

— Што тычыцца сітуацыі па раёну, то, зыходзячы са шматгадовых назіранняў, вялікай вады ў нас не здараецца, бо няма такіх рэк, узровень вады ў якіх пры паводцы змог бы нанесці шкоду пабудовам. За гідратэхнічнымі збудаваннямі на тых вадаёмах, што ёсць у нас, работнікі Чэрвеньскага ПМС пастаянна назіраюць, і пагрозы разбурэння дамбаў ці прарыву шлюзаў не ўзнікае. Тым не менш, непрыемнасці здараюцца, асабліва падчас хуткага раставання снегу. Калі звычайна ў ранейшыя гады падчас паводкі ці працяглых ліўневых дажджоў падтаплівала толькі некалькі вуліц у Чэрвені, то летась, калі снегавы покрыў быў даволі вялікі, а раставанне снегу праходзіла інтэнсіўна, у раёне выявіліся і іншыя праблемныя месцы. Так, у Смілавічах, дзе пасёлак мяжуе з вёскай Жураўкавічы, даволі значны ўхіл заканчваецца вялікай лагчынай. Там мінулай вясной разлілося ледзь не возера. Вада не паспявала сыходзіць, бо водаадводныя каналы аказаліся забітымі. Падтапіла некалькі пабудоў. Ёсць адзін будынак і ў вёсцы Верхлес, які пакутуе апошнім часам ад веснавой паводкі.  Будзем трымаць аб’ект на кантролі і дзейнічаць па абставінах. У Хутары пад пагрозай падтаплення таксама адзін дом.

Паколькі праблемы могуць узнікнуць і ў іншых месцах, Чэрвеньскі аддзел па надзвычайных сітуацыях рэкамендуе грамадзянам-домаўладальнікам звярнуць асаблівую ўвагу на сцёкавыя каналы, размешчаныя побач з хатнімі пабудовамі. Пры неабходнасці правесці іх ачыстку. Калі самастойна гэта зрабіць няма магчымасці і ўзнікае пагроза падтоплівання, неабходна звярнуцца ў дыспетчарскую Чэрвеньскай ЖКГ (т.555-84) альбо ў выратавальную службу МНС.

Васіль ЧЫСТЫ, інжынер па бяспецы дарожнага руху філіяла КУП «Мінаблдарбуд» ДРБУ-121:

— Для нас галоўная бяспека падчас паводкі — размыў дарожнага палатна. Сёлета вялікай пагрозы няма, аднак на прыкладзе мінулых гадоў ведаем, што такое можа здарыцца. Таму заўсёды напагатове.  Для ліквідацыі магчымых размываў маем спецыяльны запас матэрыялаў. Гэта камень, што застаецца пасля прасейвання гравію, шчэбень. Прыгатаваны і мяшкі для пяску. І яшчэ, паколькі ў сувязі з адтайваннем і пераўвільгатненнем грунту змяншаецца трываласць дарожнага палатна, мы на пэўных аўтадарогах напачатку вясны абмяжоўваем рух цяжкагрузных машын, абазначаючы такія ўчасткі адпаведнымі знакамі. Сёлета ў раёне дзесяць аўтадарог, дзе ўведзена такое абмежаванне.

Мікалай ЛОЙКА, галоўны ўрач ДУ «Чэрвеньскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”:

— Уладальнікі шахтавых калодзежаў павінны прыняць меры па недапушчэнню забруджвання вады. Для гэтага неабходна прыбраць вакол студні ў радыусе 20 метраў.  Пітную ваду падчас паводкі неабходна кіпяціць, альбо ужываць бутэляваную. Пасля разводдзя калодзеж неабходна пачысціць з выкананнем усіх санітарных патрабаванняў, зрабіць хларыраванне. Ваду з пітных крыніц можна ўжываць толькі пасля правядзення лабараторнага даследвання па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках. Па пытаннях дэзінфекцыі калодзежаў і даследвання вады трэба звяртацца ў Чэрвеньскі раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па тэлефонах 52-706, 50-443.

  Падрыхтаваў

Віктар ПАРФІЯНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *