Iзноў прэм’ера, iзноў народны

Общество

Нядаўна  народны тэатр «Імпрэза» Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку пад кіраўніцтвам Вольгі Тэбікавай прадставіў увазе гледачоў сатырычна-гумарыстычную праграму «Варта ўсміхнуцца» — па творах нашых землякоў Міколы Вяршыніна і Генадзя Аўласенкі. І гэтая прэм’ера таксама сталася падзеяй у культурным жыцці Чэрвеньшчыны.

Аксана Сямёнава, Таццяна Альшэўская, Юлія Толкач, Уладзімір Маруга, Павел Махаў

Невялікі калектыў складам у пяць чалавек разам з добраахвотнымі памочнікамі здолеў на працягу 40 хвілін павесяліць аматараў тэатра, прымусіў задумацца над уяўнымі і сапраўднымі жыццёвымі каштоўнасцямі, а таксама парадавацца за таленты, якія жывуць і працуюць побач з намі.

У спектакль увайшлі мініяцюры Генадзя Аўласенкі «Каса на камень», «Стыль кіраўніцтва», «Знайсці вярблюда», «Заручыны», а таксама сатырычныя маналогі Міколы Вяршыніна «Эскалацыя грубасці» і «Дзень цудоўных падманаў».

Самадзейным артыстам — Юліі ТОЛКАЧ, Таццяне АЛЬШЭЎСКАЙ, Аксане СЯМЁНАВАЙ, Паўлу МАХАВУ, Уладзіміру МАРУГУ давялося хутка пераўвасабляцца ў розных герояў, ствараць розныя характары. Кожны «бліснуў», кожны «запаліўся», кожны атрымаў сваю «хвіліну славы». Пацверджаннем таму сталі шчырыя ўсмешкі гледачоў, іх гучныя апладысменты, прыязныя водгукі.

Гэтым спектаклем чэрвеньскі тэатр абараняў званне «народны». І ў чарговы раз пацвердзіў яго. Падчас абмеркавання камісія адзначыла таленавітасць самадзейных акцёраў, іх творчы патэнцыял, разнапланавасць роляў, з якімі яны справіліся. Падзякавалі рэжысёру Вользе Тэбікавай за работу з калектывам і стасункі з мясцовымі аўтарамі.

Пра сябе і тэатр распавядаюць самадзейныя акцёры і іх кіраўнік.

Юлія ТОЛКАЧ:

— Я — малады спецыяліст, на Чэрвеньшчыну трапіла ў мінулым годзе па размеркаванню. Працую ў прафесійным будаўнічым ліцэі выкладчыцай англійскай мовы. У тэатры, куды мяне запрасіла Вольга Тэбікава, — з кастрычніка. Прыйшла, паглядзела — і мне спадабалася. Тут цікава, і людзі добрыя. Захацелася сябе паспрабаваць у розных ролях. Гэта сталася для мяне карысным вопытам. І рэпетыцыі, і стасункі, і ігра на сцэне — усё выклікае толькі станоўчыя эмоцыі…

Таццяна АЛЬШЭЎСКАЯ:

— Сюды я прыйшла тры гады таму, калі тэатр пад кіраўніцтвам Вольгі Тэбікавай пацвярджаў званне «народны» спектаклем «Пупсік» па п’есе Генадзя Аўласенкі. «Зацягнула» імгненна! Так тут і засталася…

Аксана СЯМЁНАВА:

— У народным тэатры я гадоў восем ужо. Удзельнічала ў спектаклях, калі рэжысёрам была Наталля Мадэнава. Да гэтага ляжыць душа. Мне ўсё падабаецца. Мяне тэатр натхняе, з’яўляецца нейкае адчуванне палёту…

Павел МАХАЎ:

— Я — жыхар Мінска, навучэнец другога курса Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя. Летась сюды трапіў выпадкова. Мяне прывяла бібліятэкар Каця Дзямахіна. І так атрымалася, што ўліўся ў калектыў. І тое, што даводзіцца хутка пераўвасабляцца ў розных герояў, цяжкасцяў не ўяўляе…

Уладзімір МАРУГА:

— У тэатры я крыху больш за два гады. А пачалося яшчэ з КВЗ, падчас вучобы ў СШ №3 г.Чэрвеня. Мы выступалі тады на гэтай сцэне, і не аднойчы. Таму для мяне нічога асабліва складанага ў гэтым няма…

Кіраўнік народнага тэатра «Імпрэза» Вольга Тэбікава

Вольга ТЭБІКАВА:

— Я вельмі ўдзячна сваім акцёрам, якія працуюць выключна на энтузіязме. У Пашы Махава здольнасці адчула інтуітыўна. Прапанавала сыграць — і ён не адмовіўся. Вельмі адказны. Наведваў рэпетыцыі, прыносіў мне свае вершы. І я адкрывала яго для сябе як чалавека. Лічу, што Паша адбыўся як акцёр…

Гэтак жа інтуітыўна я адчула здольнасці ў нашым маладым спецыялісце Юліі Толкач. Ёй адразу нялёгка было, бо дзяўчына сціплая… А тут трэба сыграць легкадумную какетлівую медсястрычку. І хаця Юля ніколі не ўдзельнічала ў самадзейнасці, справілася цудоўна!

А вось Аксана Сямёнава — чалавек з вопытам. Спявала ў «Вербніцы», іграла ў тэатры. Пасля атрымаўся перапынак — з-за нараджэння дзіцяці. Але яна вярнулася да нас. У яе ўжо ёсць і пэўныя прафесійныя навыкі…

Таццяну Альшэўскую прывяла з «Вербніцы» мая сястра Таццяна Правасуд, якой вялікі дзякуй за заўсёдную падтрымку! Таццяна цудоўна сябе зарэкамендавала ў «Пупсіку». І тут справілася на «выдатна»…

Уладзімір Маруга — таксама таленавіты. Ён піша вершы, гэта нам — дапамога. Яго калісьці прывёў на рэпетыцыю сябар. І мы вельмі рады, што Уладзімір раскрыўся як акцёр…

Я ўдзячна не толькі акцёрам, але і музычнаму афармляльніку Мікалаю Восіпчыку, і майстру па святлу Андрэю Шалупенку… І асабліва — сваёй памочніцы Кацярыне Дзямахінай. Яна ў нас — і памочнік рэжысёра, і суфлёр. Разам з ёй прадумваем дэкарацыі, вырабленыя ў нашым ліцэі…

Лічу, што самае складанае ў маёй працы — стварыць калектыў.  Хочацца мець пастаянны яго склад… І каб новыя акцёры таксама да нас прыходзілі… Мне пашчасціла, што па жыцці сустракаюцца такія  таленавітыя творчыя людзі. Бо ігра на сцэне — гэта вялікая праца…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *