“І засталося слова ў сэрцы”

Общество

Пад такой назвай у Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь», прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы.

Напачатку мы праслухалі песню «Малітва» ў выкананні Уладзіміра Мулявіна. Затым узгадалі жыццёвы і творчы шлях вядомага вучонага, гісторыка, асветніка, педагога, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, грамадскага і палітычнага дзеяча Усевалада Ігнатоўскага, чые 130-ыя ўгодкі адзначаліся ў лютым. Пра яго распавёў старшыня клуба Уладзімір Дарагуж. Ён чытаў вершы, прысвечаныя Ігнатоўскаму, дэманстраваў партрэты ( у маладосці і падчас апошніх гадоў жыцця), прадставіў кнігу «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі». Потым прысутныя пачулі пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, традыцыі яго святкавання. Уладзімір Дарагуж прадэманстраваў цікавыя кнігі. Першая — «Дудка беларуская Мацея Бурачка» (псеўданім Францішка Багушэвіча), якая пабачыла свет у 1891 годзе ў Кракаве. Другая — «Што трэба ведаць кожнаму беларусу», 1918 года выдання.

Падчас пасяджэння гучалі вершы на роднай мове, якія чыталі  сябры клуба Уладзімір Дарагуж, Алена Чаркасава, Зоя Сушкевіч, Уладзімір Адамовіч, Кацярына Лазарчук, Ала Логвінава, Генадзь Аўласенка, вучаніцы 10 класа СШ №2 г.Чэрвеня Таццяна Дзмітровіч і Алена Кавалёнак.

Напрыканцы сябры клуба пазнаёміліся з гумарыстычнымі празаічнымі творамі Генадзя Аўласенкі, надрукаванымі ў першым нумары часопіса «Вожык» за гэты год.

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *