Гулянні ў Турцы

Общество

Гэтак весела і шырока масленічныя гулянні мы ладзілі для ўсёй вёскі ці не ўпершыню. Багата сабралася і гледачоў, і актыўных удзельнікаў. Чэрвеньскае райспажыўтаварыства арганізавала выязны гандаль з шашлыкамі, рыбгас «Волма» прывёз на продаж свежую рыбу…

Наш сельскі Дом культуры сумесна са школай прадставіў выставу вырабаў. Вясковыя майстрыхі-вышывальшчыцы Галіна Пыж, Надзея Ступак, Галіна Каспяровіч, Людміла Елісеева, як заўсёды, парадавалі сваім адметным уменнем. Спадабаліся ўсім і арыгінальныя папяровыя вазы, вазачкі, лебедзі, створаныя школьнікамі з паперы. Святочная праграма распачалася абрадавымі песнямі ў выкананні калектыву мастацкай самадзейнасці «Зараначка» Турэцкага сельскага Дома культуры. Традыцыйныя песні і танцы суправаджалі рытуальнае спальванне пудзіла Зімы. Цудоўным атрымаўся конкурс бліноў, у якім узялі ўдзел дзесяць гаспадынь усіх узростаў. Іх смачную выпечку ацэньвала незалежнае журы. А бліны былі розныя — з мачанкай, тварагом, мёдам, разынкамі… А яшчэ ўдзельніцы конкурсу вершамі, спевамі, расповедамі абаранялі свае бліны. І ўсе атрымалі заслужаныя прызы…

А якімі смешнымі і вясёлымі атрымаліся конкурсы з блінамі! Хто хутчэй з’есць пэўную колькасць з завязанымі вачыма, хто хутчэй накорміць імі адзін аднаго… Ставала жадаючых удзельнічаць і ў іншых масленічных гульнях ды спаборніцтвах, дзе пераможцы таксама атрымлівалі прызы… А за іх дзякуй нашым фундатарам — ААТ «10 з’езд Саветаў». Удзячны мы школе — за творчае супрацоўніцтва. А яшчэ да нас завіталі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з суседняга Кліноцкага сельскага Дома культуры, якія прывіталі прысутных.

Паколькі апошні дзень Масленіцы прыпадае на Даравальную нядзелю, па даўняй традыцыі мы папрасілі прабачэння ва ўсіх гасцей свята і адно ў аднаго. А затым прымалі шматлікія шчырыя падзякі за падораную падчас свята радасць…

Анастасія НЯПЕЎНАЯ,  дырэктар Турэцкага сельскага Дома культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *