Дзякуй за тое, што вы з намі

Общество

Хутка бяжыць час. Здаецца, зусім нядаўна  віншавалі адзін аднаго з Новым годам, а  ўжо і сакавік на зыходзе. І хаця яшчэ адчуваюцца начные маразы, але ўсё ж яны пакрысе слабеюць, часцей выглядае  веснавое сонейка і сваімі праменьчыкамі ўсё мацней абдымае стылую пасля зімы зямлю. Распачынаюцца работы на прысядзібных ўчастках, у полі. І штодня клопатаў будзе дабаўляцца. Не паспеем адсеяцца, трэба рыхтаваць кармы, а там і жніво не за гарамі.  Увесь гэты час, як і заўжды, побач з вамі, паважаныя чытачы, зноў будзе наша раённая газета. Як і раней, мы будзем расказваць пра вас, вашыя справы, клопаты, поспехі, пра святы і будні працоўных калектываў, калег і знаёмых, суседзяў і родзічаў, распавядаць пра важнейшыя палітычныя, эканамічныя і культурныя навіны ў рэспубліцы, вобласці. Нам заўсёды прыемна ўсведамляць, што наша работа выклікае цікавасць і патрэбна вам. Мы рады, што дапамагаем вырашаць хвалюючыя пытанні. Будзем і далей паведамляць пра гэта ў рубрыках: «Газета выступіла. Што зроблена», «Хаця пісьмо не апублікавана»,  “Рэдакцыйная Кніга заўваг і прапаноў», «Адкрытае пісьмо», «Атрымана рэагаванне». Многія бягучыя праблемы ўдаецца вырашыць і з дапамогай нашых прамых тэлефонных ліній. А ў нашай папулярнай рубрыцы «Мы спыталі ў чытачоў», пад якой змяшчаем бліц-апытанні, вы самі дапамагаеце знаходзіць адказы на хвалюючыя і актуальныя тэмы.

Напэўна, разам у нас многае атрымліваецца, бо нездарма часта ў рэдакцыю тэлефануюць са словамі падзякі за дапамогу, за цікавы матэрыял, аператыўнасць. Увесь невялікі творчы калектыў рэдакцыі запэўнівае вас, нашы паважаныя чытачы, што і далей будзем працаваць шчыра, з натхненнем, каб вам было цікава з намі, каб вы маглі атрымаць самую поўную і дакладную інфармацыю менавіта з «Раённага весніка». З дапамогай  інтэрнэт-сайта газеты пра гэта даведаецца ўвесь свет, а радыёпраграма «Радыёвеснік»  агучыць усё тое, чым вы пажадаеце падзяліцца з жыхарамі.

Дзякуй усім, хто на працягу многіх гадоў меў зносіны з газетай. Нашым шматлікім няштатным аўтарам, без чыіх допісаў, парад, крытычных заўваг амаль у кожным нумары «Раённага весніка»  чагосьці б не хапала. Паштальёнам, сувязістам, якія афармляюць падпіску і развозяць газету па вёсачках і гарадскіх вуліцах. Падпісчыкам са шматгадовым стажам, што былі заўсёды з намі, і нядаўнім, якія толькі цяпер звязалі свой лёс з раённай газетай. А заадно нагадваем: хто яшчэ не паспеў падпісацца на «раёнку», зрабіце гэта ў бліжэйшыя дні, да 28 сакавіка ўключна. Цана на яе вось ужо паўгода  застаецца ранейшай — 5100 рублёў, хаця выдаткі на выпуск штомесяц павялічваюцца…

Паважаныя чытачы! Наша Чэрвеньшчына — зямля многіх таленавітых людзей: паэтаў, пісьменнікаў, вучоных, мастакоў, край прыгожых маляўнічых мясцін. Гэта натхняе наш калектыў на стваральную, творчую працу. Мы будзем старацца апраўдваць вашы надзеі, дапамагаць трапным словам і канкрэтнымі справамі, каб разам зрабіць наша жыццё дастойным, а Чэрвеньшчыну — квітнеючым краем.

Людміла РАБЕЦКАЯ, рэдактар



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *