Чужым дзецям мамай стала

Люди и судьбы

Пачуў  і  ўбачыў  Ірыну  Аляксандраўну   Богуш на  раённым  бацькоўскім  сходзе. Рамкі мерапрыемства  не  дазволілі  выказаць ёй  свае  пачуцці,  меркаванні.  Прысутным  на  секцыі  бацькам  і  педагогам  хацелася  слухаць  яе  думку пра  выпакутаваны  вопыт. Адчувала  патрэбу выгаварыцца  і  жанчына.  Яе  аповед  узрушыў  мяне. Выгадавала  дзевяць  чужых,  па  дакументах,  дзяцей,  а  для  яе,  як  кроўных  сваіх,  незабыўных  да  апошняга  подыху. 

   У  зале  мне  ўявіўся  вянок з  твараў  дзетак,  грэх  сказаць  выхаванцаў, у  цэнтры якога  знаходзіўся яе  —  лік  святой. І  па  сёняшні  дзень  ён  не  знікае.

Увесь  жыццёвы  шлях  Ірыны  Аляксандраўны  азначаны  і  падпарадкаваны,  лічу,  Маці  Божай:  быць  маці  чадам  Божым,  якіх  кінулі  нарадзіўшыя  іх  жанчыны,  каб  яны  не  засталіся  без  ласкі,  пяшчоты,  увагі  Ўсявышняга.  І  выказвае  гэтыя  святыя  і  чалавечыя  пачуцці  Ірына  Аляксандраўна.  Нясе  сваю  ношу,  не  адчуваючы  стомы,  з  гонарам,  радасцю.

    Нарадзілася  і  вырасла  яна  на  Беларусі.  У  горадзе  Харкаве,  тагачаснай  Украінскай  ССР,  атрымала  адукацыю.  Накіравалі  працаваць  таксама  на  Украіну  —  у  горад  Рубежнае  Луганскай  вобласці  на  панчошную  фабрыку.  Яе  выбралі  сакратаром  цэхавага  камітэта  камсамола.  Па  справах  яго  наведвала  гарадскі  камітэт.  Вось  тут  і  спаткала  сваё  жаночае  шчасце  ў  асобе  аднаго  з  сакратароў.  Закахаліся,  а  з  цягам  часу  і  пажаніліся.  Усё  ішло  найлепшым  чынам.  Муж  меў  грунтоўную  будаўнічую  прафесію.  Ім  пашанцавала  —  рэкамендавалі  яго  ехаць  на  будоўлю  Асуанскай  гідраэлектрастанцыі  ў  Егіпце.  У  былым  Савецкім  Саюзе  шмат  хто  марыў  выехаць  працаваць  за  мяжу  —  гарантыю  дабрабыту  і  паспяховай  кар’еры.

    Працавалі  савецкія  людзі  з  уздымам,  не  зважаючы  на  афрыканскія  ўмовы.  Марыла  з  мужам  Віктарам  аб  жыцці  на  Радзіме,  дзіцятку.  Але  ў  адначассе  ўсё  такое  светлае,  добрае  нечакана  скончылася.  Пачалася  вайна  паміж  Егіптам  і  Ізраілем  1966-1967  гадоў.  З  вялікімі  цяжкасцямі  вярнуліся  ў СССР.  У  выніку  стрэсу  вельмі  сур’ёзна  захварэла.  Доўгі  час  знаходзілася  на  мяжы  жыцця  і  смерці.  Тады  прагучаў  і  страшны  прысуд  дактароў  аб  немагчымасці  мець  дзяцей.  Не  змераць  тых  слёз.  Але,  мабыць,  яны  з  посуду  бяды  пераліліся  ў  посуд  шчасця.  Вырашыла:  буду  гадаваць  дзяцей, у  якіх  няма  маці.

    Пасля  Егіпта  паездзілі  па  ўсесаюзных  буйных  новабудоўлях.  Потым  зноў  вярнуліся  на  Украіну.  У  горадзе  Кадзьеўка  ўзяла  ў  доме  дзіцяці  дзяўчынку  васьмі  дзён  ад  роду.  Тая  дзяўчынка  Наталля  сёння  жыве  ў  горадзе  Жодзіна.  Старэйшы  яе  сынок  ужо  ажаніўся  і  гадуе  сваіх  нашчадкаў.

    Зараз  Ірына  Аляксандраўна  лічыць грэхам свае  думкі  аб  нежаданні  жыць  пасля  хваробы,  хоць  і  хвілінным.  

    Да  дробязяў  помніць  той  свой  першы  рашучы  крок.  Па   «жаночаму»  радыё  пачула  навіну  аб  падкідышу  ў  дзіцячым  доме.  Размаўляла  сама  з  сабою:  «Божа!  Што  робяць  людзі?  Горш за  звяроў!»  Ноч  не  спала,  а  ранкам  пайшла  забіраць  немаўля.  Тады  фармальнасцяў  было  значна  менш,  а  сардэчнай  спагады  больш.

    На  першым  часе  цяжка  давялося  —  не  мела  вопыту.  Раілася  з  суседкамі  штодзённа.  Муж  бездакорна  дапамагаў.  Хваляваліся  за  кожны  чых,  стараліся  рабіць  усё  як  лепей,  каб  ніхто  не  выказаў  папрок.  Не  чакала  “хуткай  дапамогі”,  сама  ляцела  з  дачушкай  на  руках  у  бальніцу, апранала  лепей  за іншых.  Начэй  не  дасыпала.  Урэшце,  адчула  шчаслівую  плынь  жыцця,  мацярынства.

    Пачала  выхоўваць  другую  дзяўчынку  —  Святлану.  Зараз  яна  —  жанчына-прыгажуня.  Замужам.  Нарадзіла  двух   дзетак. 

З  другім  дзіцем  было  значна  лягчэй  —  практыку  не  заменяць  лекцыі  і  кніжкі.   Радавалі  дачушкі  бацьку,  але  хацелася  мець  і  сына.  Таму  з’явіўся  ў  дзяўчынак  брацік  —  Коля.  Праляцелі  гады  —  стаў  хлопчык  ладным  мужчынам,  бацькам.  Сёння  шчасліва  жыве  ў  Лепелі.

 Не сціраюцца з памяці малюнкі іх дзяцінства. Упяцярых, хорам, дружна, з асалодай спявалі розныя песні — сапраўдны квінтэт. Бацькі стамляліся, а дзеці патрабавалі яшчэ і яшчэ працягваць самадзейны канцэрт. Расчырванелыя, шчаслівыя. Слёзы самі каціліся, калі яны ўпершыню сказалі: “Мама!”, “Мамачка!”, “Тата!”.

    У  1984  годзе  пераехала  іх  сям’я  ў  Чэрвеньскі  раён,  на  радзіму  бацькоў. 

    Аднойчы  вечарам, калі  вярнулася  з  Мінска  на  Чэрвеньскі  аўтавакзал, убачыла  групку  ўзбуджаных  людзей.  Ля  іх  стаяла  каляска  з  дзіцем,  якое  плакала.  Яны  патлумачылі:  даўно  стаіць  і  ніхто  не  бачыў  маці.  Узяла  яго,  прытуліла,  прыгрэла  —  заціхла.  Сэрца  сціснулася  ад  жалю,  не  вагалася  —  панесла  дамоў. 

Цяжка  прыйшлося.  Праз  некаторы  час  знайшлася  і  маці, але надзеі  на  яе  дапамогу  не  спраўдзіліся.  Давялося  яе  выхоўваць,  неаднаразова  ўладкоўваць.  Зараз  Сашу  22.  Свядомы  грамадзянін. Дабілася Ірына Аляксандраўна, каб яму зрабілі складаную аперацыю. Гэта радыкальным чынам паспрыяла яго жыццю  — пачаў добра гаварыць. А родная мама і не думала штосьці рабіць.

— Для Аляксандра мама — Ірына Аляксандраўна,  —заўважае Алена Уладзіміраўна Падбільская, псіхолаг прытулку. — Аб такой жанчыне павінна ведаць уся рэспубліка — выдатная маці. Болей патрэбна такіх самаадданых людзей, тады знікнуць прытулкі.

 

У  размове  з  Ірынай  Аляксандраўнай  імкнуўся  адразу  запомніць  імёны  выгадаваных  дзяцей,  але  не  змог.  Вымушаны  быў  запыніцца  і  занатаваць  іх у блакноце.  Вось  яны:  хлопцы  —  Мікалай,  Жэня,  дзяўчынкі —  Вікторыя,  Насця  і  яшчэ  адна  Вікторыя.  Старэйшыя  набываюць  прафесіі.  Малодшая  Вікторыя  вучыцца  адначасова  ў  школах  агульнаадукацыйнай  і  музычнай.  Дзяўчынку  прывялі  ў  дом  Ірыны  Аляксандраўны  супрацоўнікі  аддзела  адукацыі  райвыканкама на  кароткі тэрмін  да  вырашэння  яе  лёсу.  Менавіта  ў гэтай шчаслівай для дзяцей хаце і  засталася  жыць дзяўчынка. Не  сціхаюць  тут  іх  галасы.  Прыязджаюць  наведаць  матулю  выгадаваныя ёю дзеці ўжо са  сваімі  дзеткамі —  унукамі  Ірыны  Аляксандраўны.  Успрымаюць  яны  Вікторыю  сваёй  родненькай  сястрычкай,  жадаюць  поспеху.  Ірына  Аляксандраўна  абудзіла  ў  яе  музычны  талент  —  кажуць,  вельмі  вялікі.  Актыўна  дапамагае  ёй  у  развіцці  адоранасці  дырэктар Чэрвеньскай школы мастацтваў  Васіль  Васільевіч  Капцелаў,  але  яго  магчымасці  таксама  абмежаваныя. Патрэбен  прафесіянальны  акардэон.  Вікторыя — вельмі  працавітая, прылежная  дзяўчынка. Кожны  дзень  шчыруе  яна да 19 гадзін.  Штодзённа ў  клопаце  аб  ёй маці.  Возіць  на  агляд  у  Мінск, на конкурсы, у  медыцынскія  ўстановы.  Вырашае  мноства  будзёных,  але  жыццёва  важных  спраў  харчавання,  абутку,  адзення.  Хочацца  Ірыне  Аляксандраўне,  каб  яе  Вікторыя  была самай  прыгожай  і здаровенькай.  Раней  яе  падтрымліваў муж  Віктар  Іванавіч,  таму  было  лягчэй. Ён  быў  клапатлівым і адказным.  І  на  першым  плане  ў  яго  заўжды  была  жонка,  яе  імкненні.  Жылі ў  згодзе і каханні. Дапамагаў  у  любую хвіліну,  ва  ўсякім  пачыне.  Атрымліваючы  добрую  пенсію,  працаваў,  каб  мець  магчымасць  лепш  забяспечваць  сям’ю.  Хай  будзе  зямля  яму  пухам.  Дзеці  не  забудуць  —  яны  яго  бессмяротнасць.

    Сёння  шмат  вядзецца  размоў  аб  дабрачыннасці,  святасці,  героях.  Іх  шукаюць  дзесьці  далёка.  Азірніцеся!  Яны  ж  жывуць  побач  з  намі.  Якія  не  на  словах  спагадаюць,  а  на  справе.  Святасць  іх  бачыцца  зноў  жа  ў  справах  на  карысць  чалавека,   вельмі  патрэбных  асобным  людзям.

    Звярнуўся  да  жыхароў  г.п. Смілавічы  з  адным  пытаннем:  «Як  гадавалі  дзяцей,  унукаў?»  Ва  ўсіх  прагучаў  адзін  адказ:  «Вельмі  цяжкая  справа».  Яны  выхавалі  аднаго-дваіх  сваіх  нашчадкаў.  У  Ірыны  Аляксандраўны  іх  дзевяць.  Ці  ўсе  мы  здольны  на  такое  падзвіжніцтва?  Вось  гэта  і  ёсць  гераізм  і святасць.  Яна   нічога  не  патрабуе.  Сціпла,  ціха  жыла  і  жыве  дзеля  дзевяці чалавек,  на  карысць  Радзімы,  веры.

    Вось ён, прыклад,  не  шукайце яго за  морам. Шануйце гэтых  людзей.  У  голас  гаварыце —  каб  ведалі  ўсе!

Шаноўныя  прадпрымальнікі! Калі  ласка,  зрабіце  ў  складчыну  добрую  справу: купіце 

годны  акардэон  для  Вікторыі.  Далучыцеся  да  святасці.

Іван  Ярашэвіч

Фота Алены ПАДБІЛЬСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *