Бог старанных любiць

Общество

Канцэртмайстар Любоў ДОЛІЧ і настаўнік Алег КАЛЕСНІК з верасня рыхтавалі свайго навучэнца Улада ГРЫБКО да ўдзелу ў рэспубліканскім музычным конкурсе. Спачатку трэба было так вывучыць нотны тэкст, каб, як жартуе настаўнік, «калі нават ноччу хлопца пабудзіць, ён сыграў бы без запінкі!»

Пасля таго, як Уладзік пад кіраўніцтвам настаўніка вывучыў сольную партыю, сталі рэпеціраваць з акампаніятарам. Займаліся кожны дзень усю восень і ўсю зіму, толькі на канікулах ды ў нядзелю мог Улад не ўспамінаць пра свой саксафон. Не раз з вывучанай праграмай выступалі на канцэртах у гімназіі і другой школе, Цэнтры адпачынку і роднай Школе мастацтваў.

І вось надышоў дзень конкурсу. У Стоўбцы, дзе ўсё адбывалася, хлопчыка і яго выкладчыкаў павёз Уладаў тата. Ён быў побач падчас усяго конкурсу, чым мог, дапамагаў, падтрымліваў. Сам Улад адзначае, што гэта «вельмі падтрымлівала, надавала ўпэўненасці ў сваіх сілах». А ўпэненасць і сілы былі як яшчэ патрэбныя: канкурсантаў жа сабралася больш за 150 чалавек! Тут і Мінск, і Брэст, і Маладзечна, і Магілёў, і Гродна, нават з расейскай Калугі ўдзельнікі прыехалі. Журы конкурсу складалася са знакамітых у музычных колах людзей, узначальваў іх А.ЛЕБЯДЗІНСКІ — прафесар Маскоўскага інстытута ваенных дырыжораў, галоўны дырыжор Губернатарскага аркестра Маскоўскай вобласці.           

Улад ГРЫБКО ўжо ўдзельнічаў у «Залатой трубе». У мінулым годзе ён заняў прызавое месца ў малодшай групе. Сёлета ж хлопец выступаў у сярэдняй групе. Выконваў тры музычныя творы: «Арыю з варыяцыямі» Гендэля, «Раманс» У.Алоўнікава і «Завадныя бугі» М.Шмітца. У выніку ў сваёй намінацыі «Саксафон» Улад заняў другое месца, яму ўручылі грамату і кубак. Не паспелі юны музыкант і яго выкладчыкі вярнуцца з аднаго конкурсу, як ужо іх чакае наступны: у Маладзечна. Пажадаем нашаму таленавітаму юнаму земляку-музыканту і яго выкладчыкам новых поспехаў!

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *