Актыўна рыхтуюцца да веснавой сяўбы

Аграрный сектор

Неўзабаве  ў земляробаў наступіць тая гарачая пара,  пра якую кажуць: адзін дзень год корміць. Ад таго, наколькі  якасна сумеюць падрыхтавацца яны да пасяўной і зладжана правесці яе,  у многім залежыць будучы ўраджай. А тэрміны прыспешваюць. Спецыялісты раяць пачынаць работу ў полі, як толькі верхні слой глебы прагрэецца да плюс пяці градусаў. Канешне, нельга марудзіць, каб паспець захапіць вільгаць у глебе. 

Пра тое, як рыхтуюцца да веснавой сяўбы ў СВК “Запольскі”, распавядае намеснік дырэктара гаспадаркі Сяргей КОВАЛЬ:

Пад ураджай сёлетняга года мы плануем пасеяць 806 гектараў ранніх зерневых, 550 — кукурузы (з іх 100 гектараў на зерне), 50 гектараў грэчкі, 100 — гародніны (капусту, сталовыя буракі, моркву), 50 — бульбы, 560 аднагадовых траў. Насеннем мы забяспечаны поўнасцю. Для   сортаабнаўлення маем намер закупіць 40 тон эліты ячменю і яравой пшаніцы. Ужо ёсць дамоўленасць. На 60 працэнтаў забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі, а да пачатку палявых работ  набудзем і астатнюю колькасць. Спраўляемся з планам вывазкі арганікі. Тэхніка — на лінейцы гатоўнасці. У поле выйдуць 23 трактары. З іх сем — энерганасычаныя, якія будуць працаваць у дзве змены. Для правядзення сяўбы  ў гаспадарцы створаны комплексны тэхналагічны атрад. Распрацаваны аплата працы, умовы спаборніцтва. Ёсць нормы выпрацоўкі і заданні для механізатараў на ўвесь светлавы дзень. Вынікі работы будзем падводзіць штодзённа з налічэннем заработнай платы і адлюстраваннем на экране спаборніцтва. Ужо з панядзелка рабочы дзень у нас пачынаецца з шасці гадзін раніцы і доўжыцца да васьмі вечара. А ў перыяд масавых работ складзе ўвесь светлавы дзень.  Прадумана арганізацыя гарачага харчавання людзей — яно будзе два разы на дзень.

Словам, у гаспадарцы робіцца ўсё магчымае, каб у аптымальныя тэрміны справіцца з пастаўленай задачай. У прыватнасці,  плануем правесці закрыццё вільгаці за 12 каляндарных дзён, падкарміць 1720 гектараў азімых за 10 дзён, пасеяць яравыя зерневыя і зернебабовыя за 10, гародніну за 10 і кукурузу за 12 каляндарных дзён…

 

Зразумела, у пасяўную дробязяў не існуе. Бо дзень прамаруджвання вясной можа абярнуцца значнай затрымкай на ўборцы. Наколькі трывалы падмурак будучаму ўраджаю створаць у СВК “Запольскі”, пакажуць вынікі жніва.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *