Вераб’іная радасць

Общество

Першыя лютаўскія дні стаялі цёплыя. Зрэдку дзьмуў вільготны вецер, ды часам у небе пачыналі кружыць няспешна маленькія бялюткія сняжынкі. Цішыня панавала і ў вясковых дварах, запоўненых невялікімі сумётамі снегу. Маўклівай цішынёй поўнілася і вясковая вуліца. Ды неўзабаве, там, дзе раслі паўз хату маладыя невысокія туі, пачуліся ажыўленыя птушыныя галасы. Спявалі вераб’і. Вясёлы і бадзёры іх настрой панаваў да той пары, пакуль амаль што побач з імі не апынуўся я. На нейкі момант яны супакоіліся, а потым зноў ажыўлена заспявалі. Зблізку, сярод махнатых маладых і мяккіх лапак туі, нарэшце, заўважыў і іх. Колькі гасцявала птушак на маладой густой туі было цяжка злічыць. Відаць, аблюбаванае месца прыйшлося даспадобы. Было ім тут зручна і ўтульна. Мяне радавала іх птушыная кемлівасць. Нейкае асаблівае пачуццё запанавала мною.

…Ужо потым, калі гэтаю дарогаю вяртаўся апоўдні да хаты, прыгажуня-туя сустрэла цішынёй. Маладое дрэўца, багатае сваёй раскошай, стаяла ў маўклівасці. Уважліва агледзеўшы яго, нечакана для сябе на белым снезе заўважыў рэшткі пажывы вераб’ёў. Цяпер я зразумеў — сюды прываблівала іх не толькі прыгожае зялёнае дрэўца, у якім яны адчувалі сваю супакоенасць. Тут яны знайшлі для сябе небагаты корм, якога ў зімовыя дні не надта хапае птушкам. Цяпер мне стала канчаткова зразумела вераб’іная радасць.

 Фёдар АНЦЫПІРОВІЧ,

в.Чарнаградзь



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *