Шануйма скарб наш найвялікшы

Общество

Хаця гэтае свята не пазначана ў календары чырвонай датай, але для ўсіх сапраўдных беларусаў яно — наймілейшае і найпрыгажэйшае, роднае, блізкае і… да душы. Калі можна ў думках альбо ўслых падзякаваць нашым продкам, якія збераглі мову ў нялёгкія часы, не далі ёй загінуць, знікнуць, захавалі і перадалі нашчадкам… Калі дарэчы будуць віншаванні адно аднаму… Калі проста немагчыма застацца абыякавым да роднага слова…

Прыемна чуць яе з вуснаў настаўнікаў і вучняў, работнікаў культуры і сацыяльнай сферы, вяскоўцаў і гараджан… Радасць выклікаюць стасункі з людзьмі падчас камандзіровак па раёну. Калі родная мова гучыць-ліецца без прымусу, ідучы ад сэрца. Я, у прыватнасці, і да гэтага часу пад уражаннем студзеньскай вандроўкі ў Раванічы, дзе багата хто не саромеецца размаўляць, чытаць, спяваць па-беларуску. І гэта цудоўна! «Прывітанне!», «Дзякуй!», «Як справы?», «Кахаю цябе!»… Меладычнасць слоў і фраз на беларускай мове сагравае, выклікае захапленне ад усведамлення сваёй прыналежнасці да яе носьбітаў.

Пра беларускую мову сказана і напісана шмат, у тым ліку — і самадзейнымі паэтамі Чэрвеньшчыны. Дастаткова толькі пагартаць іх зборнікі — калектыўныя і індывідуальныя, — каб упэўніцца ў гэтым. Розныя погляды, словы, вобразы, мастацкія сродкі, а сэнс — адзін: родная мова — найвялікшы скарб, які трэба берагчы і шанаваць. Але не класці яго ў куфар на захаванне, а карыстацца ў штодзённым жыцці. І тады наша мілагучная пяшчотная сонечная мова зайграе ўсімі колерамі вясёлкі і асветліць сабою наваколле.

З надыходзячым святам вас, шаноўныя чытачы! З Міжнародным днём роднай мовы, які прыпадае на панядзелак, 21 лютага.  Няхай гэтае свята знойдзе водгук у вашых душах…

Святлана АДАМОВІЧ



1 комментарий по теме “Шануйма скарб наш найвялікшы

  1. Шаноуная Святлана!
    Вельмі добры ліст пра стан беларускай мовы.
    Дзякуй Вам.
    Асабліва спадабаліся строкі-карыстацца у штодзенным жыцці.
    На жаль цяпер у краіне такога няма.
    Мяркую,што беларусы будуць вывучаць беларускую мову,
    пісаць,чытаць і размауляць усюды і зауседы.
    З павагай-Лявон.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *