Праектам зацiкавiлiся з iншых школ раёна

Общество

На базе нашай школы прайшло пасяджэнне метадычнага аб’яднання педагогаў-арганізатараў устаноў адукацыі Чэрвеньскага раёна па тэме «Фарміраванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў у дзіцячых маладзёжных грамадскіх аб’яднаннях».

Педагог-арганізатар Галіна Вадзімаўна Шатэрнік пазнаёміла удзельнікаў   метадычнага  аб’яднання з праектам работы школы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Яе выступленне суправаджалася паказам  відэафільма «Мая сям’я, мая зямля, мая Беларусь».

Затым для усіх прысутных была прадстаўлена літаратурна-музычная кампазіцыя  з прэзентацыяй «Над Беларуссю рэквіем гучыць па сынах, якія палі ў Афгане», прысвечаная Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Вядучыя Уладзіслаў Жыгалка, Анастасія Чарнушэвіч і Надзея Мыцько распавялі пра воінаў-землякоў, якія загінулі ў далёкім Афганістане, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак.

Людміла Фесенка, Вікторыя Акотчык і Арцём Дзятко выканалі песні ў памяць аб тых, хто змагаўся на гэтай страшнай вайне.

Але самым хвалюючым было выступленне саміх воінаў-афганцаў. Нельга было без слёз на вачах, без болю ў сэрцы слухаць успаміны Юрыя Антонавіча Смаленскага, Льва Сяргеевіча Шыліна і Уладзіміра Іванавіча Семяненкі пра мужнасць, адвагу, вернасць баявой прысязе салдат і афіцэраў, якія выконвалі свой воінскі абавязак на далёкай афганскай зямлі.

Хвілінай маўчання ўшанавалі  ўсе прысутныя памяць тых, хто не вярнуўся дадому, хто не дажыў, не дакахаў, не далюбіў…

У гэты дзень па традыцыі вучні школы наведалі магілу воіна-земляка Мядзведзева Яўгена, усклалі кветкі, яшчэ раз выказалі словы падтрымкі і ўдзячнасці маці Я.Мядзведзева Еве Адамаўне.

 Людміла Драпеза,

настаўніца беларускай мовы  і літаратуры СШ №2 г.п.Смілавічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *