Новыя тэхналогіі пры кармленні свойскай жывёлы

Аграрный сектор

У эксперыментальнай базе «Натальеўск» прайшоў абласны семінар-вучоба па пытаннях эфектыўнасці выкарыстання кармоў у жывёлагадоўлі.

На яго запрасілі намеснікаў начальнікаў райсельгасхарчаў па жывёлагадоўлі, кіраўнікоў 22 малочнатаварных комплексаў, якія былі пабудаваны на Міншчыне згодна адпаведнага Указа кіраўніка дзяржавы, а таксама малочнатаварных фермаў з даільнымі заламі, дзе прадукцыйнасць дойнага статку складае больш за 6 тысяч кілаграмаў малака на карову. Удзел у семінары ўзялі першы намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Замжыцкі, старшыня аблсельгасхарчу Іван Шматко і яго першы намеснік па жывёлагадоўлі Сяргей Мароз.

Адкрываючы семінар, старшыня аблсельгасхарчу Іван Шматко так абгрунтаваў неабходнасць яго правядзення:

— Удзельная вага кармоў у жывёлагадоўлі, як асноўны артыкул у структуры выдаткаў на сельгасвытворчасць, складае 30 працэнтаў. Калі мы не ўсвядомім, дзе губляем пры выкарыстанні кармоў, мы ўвесь час будзем мець праблемы ў стварэнні эфектыўнай эканомікі. 2011 год — год прадпрымальнасці. І мы сваю прадпрымальнасць у галіне жывёлагадоўлі павінны праявіць у больш эфектыўным выкарыстанні і ўмацаванні той базы, якую маем.

Падчас тэарэтычнай часткі семінару галоўны спецыяліст СП «Унібокс» па развіццю навейшых тэхналогій у жывёлагадоўлі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Аляксандр Лапотка распавёў пра выкарыстанне кармавых сумесей у кармленні дойнага статку, тэхніку прыгатавання і кантроль за іх якасцю.

— Сёння вельмі важна выкарыстоўваць наяўныя кармы з найвышэйшай аддачай, — зазначыў ён. — Іх якасць можна палепшыць, дзякуючы правільным падыходам у прыгатаванні кармавых сумесяў.

Спыняючыся на асаблівасцях гэтай тэхналогіі, Аляксандр Лапотка падкрэсліў, што кормасумесь павінна рассыпацца, а не нагадваць па выгляду густую кашу. Прынцыповым момантам з’яўляецца і тое, што вільготнасць яе не павінна перавышаць 60 працэнтаў. Гэтыя і іншыя фактары, як пераканаў навуковец прысутных, прадэманстраваўшы на слайдах рэакцыю сістэмы стрававання каровы на прыём рознай па якаснаму складу кармасумесі, самым непасрэдным чынам уплываюць на эфектыўнасць выкарыстання кармоў і надоі.

Таксама Аляксандр Лапотка падрабязна спыніўся на замежным вопыце кантролю за якасцю прыгатаванай кармасумесі. Аказваецца, з дапамогай даволі простых па канструкцыі прыбораў, такіх, напрыклад, як пенсільванская сартавальная сістэма, якая складаецца з некалькіх сітаў, можна хутка вызначыць, наколькі адпавядаюць суадносіны закладзеных у сумесь кармоў і якасць іх здрабнення аптымальнаму для жывёлы варыянту.

Затым удзельнікі семінара пазнаёміліся з вынікамі эксперыменту, які праводзіцца на малочнатаварным комплексе «Любішына» пры падтрымцы спецыялістаў СП «Унібокс» і яго сельгасфіліяла «Аграбокс-заатэх». Сутнасць яго заключаецца ў прымяненні навукова абгрунтаваных падыходаў да фарміравання кармавых сумесяў з дапамогай кормараздатчыка, «Карміцель», вырабленага ў СП «Унібокс» па італьянскай тэхналогіі. Выкарыстоўваючы іх, сельгасфіліял «Аграбокс-заатэх» сёння доіць у сярэднім ад каровы па 19,5 кілаграма малака пры тэмпе росту валавой вытворчасці да мінулага года 160 працэнтаў і таварнасці малака амаль 97 працэнтаў.

На малочнатаварным комплексе «Любішына» ўжо ў першыя дні кармлення кароў па-новаму істотна палепшылася паяданне імі кармоў, і, як вынік, надоі пайшлі ўгору.

Пра гэта распавёў  галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Жукаў:

— У цэху раздою мы бралі на эксперымент кароў, якія ацяліліся з 10 студзеня да 1 лютага. Набралі 62 жывёлы. На трэці-чацвёрты дзень пасля прымянення новай тэхналогіі кармлення, каровы, якія мелі нейкія пасляродавыя ўскладненні, дадалі па 0,5 кілаграма малака, а некаторыя з цалкам здаровых — па 4-6 кілаграмаў. Большая ж частка эксперыментальнай групы забяспечвала прыбаўку не менш за 2 кілаграмы малака ў суткі.

За пяць дзён эксперыменту навацельныя каровы павялічылі прадукцыйнасць на 3,7 кілаграма. За гэты ж час у цэху вытворчасці малака, дзе мы кармілі 249 кароў з прымяненнем новай тэхналогіі прыгатавання кармасумесі, але сваім кормараздатчыкам, кожная з іх дадала у сярэднім па 0,4 кілаграма малака. Там было бачна, што салома на кармавым стале не разрэзаная, а раскудлачаная. Жывёлы з’ядалі ўсё, але яна заставалася…

Вынікамі эксперыменту задаволена і дырэктар гаспадаркі Алена Махнач:

— Калі нам прапанавалі выпрабаваць новы кормараздатчык «Карміцель», мы цалкам змянілі падыход да кармасумесі. Прыстасаваўшы яго да сваіх умоў, атрымалі каласальную аддачу. Да традыцыйнага росту надояў малака на раздоі дадаецца рост за кошт новай кармасумесі і атрымліваецца выдатная прыбаўка малака!

Каментарый першага намесніка начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі Віктара Ляснеўскага:

Выкарыстанне кармоў, якія ёсць у кожнай гаспадарцы, пры больш правільным падыходзе да іх прыгатавання ў выглядзе кармасумесяў дае істотны прырост надояў. У эксперыментальнай базе «Натальеўск» праведзена доследная ацэнка прымянення розных кормараздатчыкаў для прыгатавання кармасумесі. Гэта выкарыстанне вырабленага па замежнай тэхналогіі кормараздатчыка «Карміцель» і айчыннага — «Гаспадар». Відавочна, што больш якасную кармасумесь рыхтуе кормараздатчык «Карміцель» з гарызантальным здрабненнем і змешваннем кармоў. Ён вельмі добра здрабняе караняплоды: буйных часцінак не застаецца, корм выдатна паядаецца каровамі. Таксама гэты кормараздатчык прымае, здрабняе і змешвае цэлыя рулоны саломы. А фрэза, якой аснашчаны «Карміцель», вельмі акуратна захоплівае з траншэі сілас, не пакідаючы непажаданых адыходаў.

Вынікі эксперыменту пераканаўча сведчаць аб тым, што і іншыя гаспадаркі раёна маюць магчымасць павялічыць прадукцыйнасць сваіх дойных статкаў, зменшыўшы пры гэтым расход канцэнтраваных кармоў, якія шмат дзе сёння ў вялікім дэфіцыце. Таму яшчэ да абласнога семінару мы правялі ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» вучобу з  кіраўнікамі і галоўнымі заатэхнікамі гаспадарак Чэрвеньшчыны, падчас якой паказалі, як правільна рыхтаваць кармасумесь і весці кантроль за яе якасцю.

Сёння дзесяць гаспадарак раёна, у якіх ёсць кормараздатчыкі айчыннай вытворчасці, маюць магчымасць выкарыстоўваць такую тэхналогію. Адказнасць за яе ўкараненне ўскладаецца на кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак. А задача спецыялістаў райсельгасхарчу кантраляваць працэс, аказваць метадычную і кансультацыйную дапамогу ў пытаннях кармлення жывёлы.

Выкарыстанне паказанай у эксперыментальнай базе «Натальеўск» тэхналогіі прыгатавання кармасумесі нават з дапамогай айчынных кормараздатчыкаў павінна даць станоўчы эфект. Мяркую, што вынікі, атрыманыя ў эксперыментальнай базе «Натальеўск», і іх пацвярджэнне пры правядзенні эксперыментаў у іншых гаспадарках могуць паслужыць падставай для прыняцця рашэння аб уключэнні кормараздатчыкаў «Карміцель» у праграму іх набыцця на ўмовах лізінгу для ўсіх гаспадарак Беларусі. А для айчынных вытворцаў такой тэхнікі гэта стане штуршком да паляпшэння яе якасных параметраў.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *