Народны каляндар. Люты

Общество

Даўней слова «люты» абазначала «празмерна», «вельмi». I сапраўды, зiма ў гэтую пару звычайна ў самай сiле. «Пытаецца люты, ці добра ногі абуты» — гаварыла прыказка. Па стану лютага прадказвалі асаблівасці будучага надвор’я. Калі ў гэтым  месяцы быў востры мароз, зіма павінна працягвацца нядоўга. Звычайна халаднейшай бывае першая палова месяца. Маразы i завiрухi ў асноўным назiраюцца ўначы. Казалi: «Люты ўдзень карове бок нагрэе, а ўначы рог сарве», або «Зiма ўцякае цёмнымi начамi». Як і студзень, люты меў свой адпаведнік у другім паўгоддзі: раз люты востры і сухі, то жнівень — гарачы. Па тым, наколькі высока нападае ў лютым снег, меркавалі пра вышыню травы ўлетку. Народны вопыт дазволіў вывесці калісьці і такое назіранне: які дзень першага лютага (праўда, паводле старога стылю), такімі выдадуцца і апошнія дні месяца.

1 лютага — дзень Макарыя-сонечнага. Гаварылi, якое надвор’е першага чысла, такi будзе i ўвесь люты. Калi ў гэты дзень на небе многа зорак, то зiма яшчэ доўга пратрымаецца.

2 лютага — Каталіцкія Грамніцы. А яшчэ гэты дзень называюць Яфiмкiны мяцелiцы. Калi апоўднi будзе сонца — да ранняй вясны, а калi ж пахмурна цi мяцелiца ў сярэдзiне дня разгуляецца — доўга будзе надвор’е з мяцелiцамi.

4 лютага — дзень Цiмафея-паўзiмнiка. У гэты дзень звычайна бываюць моцныя маразы. Чым больш выпадзе снегу, тым большы ўраджай збожжавых.

6 лютага — дзень Аксiннi-паўхлебнiцы, паўзiмнiцы. Пералом зiмы. Якое ў гэты дзень надвор’е — такая i вясна.

15 лютага. Праваслаўныя Грамніцы, альбо Стрэчанне. Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэнне веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінна была ўпасці ўлада змрочных бостваў зімы: «На Грамніцы — паўзіміцы» або «Як прыйдуць Грамніцы — скідай рукавіцы». У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёю меркаю: «Грамніца — хлебу палавіца». Другую назву — Стрэчанне, якая паходзіла ад царкоўнага «Сретенье», народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною:

А ў нас сёння Стрэчанне, Стрэчанне,

Зіма з летам стрэлася, стрэлася.

Лета зіму піхнула, піхнула

I ножачку звіхнула, звіхнула.

Не дзіўна, што гэта пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх выкарыстана ў паэтычнай мініяцюры: «Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я — вол пад’есць травіцы». Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз — снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна, у выніку чаго вычарпаюцца запасы корму для жывёлы. Рэзкае пацяпленне надвор’я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: «Як на Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга». Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагодлівае, сухое лета. На Беларусі гэта свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі (або проста «грамніцы») асабліва шанаваліся ў народзе — іх запальвалі з вераю ў дапамогу падчас навальніц, каб маланка не спаліла хату; іх давалі цяжка хвораму ў час канання, каб полымя асвятляла таму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца «нячыстая сіла», таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малака і не заездзілі да смерці коней.

Адразу пасля Стрэчання пачынаецца Масленiчны, цi Сырны, тыдзень. Ён заканчваецца сырнай нядзеляй, або запускамi — за сем тыдняў да Вялiкадня, перад Вялiкiм постам. Аднак назва Масленiца, альбо Сырнiца, — не царкоўная, а народная, па-царкоўнаму тыдзень называецца мясапусным, бо на iм выключаецца выкарыстанне ў ежу мяса. Гэта паступовы пераход да больш строгага ўстрымання ў ежы — Вялiкага посту, якi будзе доўжыцца сем тыдняў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *