Калi ўшчуваннi не дапамагаюць, тады правоў бацькоўскiх пазбаўляюць

Общество

Пяты год зацікаўленыя структуры працуюць над выкананнем палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». Шмат за гэты час зроблена. І ўсё роўна праблемы, на жаль, застаюцца… І ўсё роўна з’яўляюцца сіроты пры жывых бацьках.

Калі не дапамагае актыўная сумесная работа спецыялістаў аддзела адукацыі, сацыяльнай сферы, камісіі па справах непаўналетніх, сельвыканкама, міліцыі з дарослымі, якія забыліся на свае абавязкі, і часовае забранне дзяцей з сям’і,  тады даводзіцца прымяняць крайнюю меру — рашэннем суда пазбаўляць бацькоўскіх правоў. І робіцца гэта з мэтай не столькі пакараць няўдалых татаў ды мамаў, колькі ў інтарэсах дзяцей. Каб былі дагледжаныя, апранутыя, накормленыя… Каб не сціскаліся ў камячок ад сямейных сварак і скандалаў… Каб адчувалі сябе годна і вольна ў кампаніі з равеснікамі, а не горшымі за іх…

Гэтым разам выязныя пасяджэнні суда Чэрвеньскага раёна і камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прайшлі на базе Лядзенскага сельвыканкама. Сюды выклікалі павесткамі сем’і з населеных пунктаў Лядзенскага сельсавета.

Старшынствавала на судзе Наталля Тарасік. Слухалася грамадзянская справа па іску Чэрвеньскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра да грамадзянкі Ц., 1979 г.н., з просьбай пазбавіць яе бацькоўскіх правоў у адносінах да траіх непаўналетніх дзяцей: сына, 1996 г.н., і дачок — 2002 і 2004 г.н.

 

ПЕРАВАЖЫЛІ СВЕДЧАННІ СУПРАЦЬ…

Ісцец — намеснік дырэктара Чэрвеньскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Людміла ЦЭДРЫК патлумачыла, што пасля першага забрання дзяцей рэабілітацыйная работа з маці дала станоўчыя вынікі. Ц. прайшла курс лячэння ад алкагольнай залежнасці і стварыла ўсе ўмовы, каб дзеці вярнуліся ў біялагічную сям’ю. Пераехала ў вёску Красны Дар, уладкавалася дыспетчарам у мясцовую гаспадарку. І на той момант у сацыяльна-педагагічнага цэнтра не было ніякіх падстаў, каб хадайнічаць аб пазбаўленні яе бацькоўскіх правоў. Наадварот, камісіяй па справах непаўналетніх было прынята рашэнне аб вяртанні дзяцей маці. На той час яны з мужам ужо развяліся.

Але пасля пераезду Ц. з дзецьмі ў Дубаўручча пачалі ўзнікаць праблемы. Старэйшы сын часта не наведваў школу, быў заўважаны ў Чэрвені — па месцы пражывання бабулі. Падчас гутаркі з дзецьмі ўстаноўлена, што маці часта пакідала іх адных, без нагляду. Бывала, да яе прыходзілі сяброўкі і наладжвалі «баляванні». Бывала, Ц. сыходзіла да іх. Да таго ж, яна мала ўвагі ўдзяляла здароўю дзяцей. У школе ў дзяўчат не аднойчы выяўлялі педыкулёз. Яны вельмі схільныя да прастудных захворванняў.

Пасля таго, як у Ц. другі раз забралі дзяцей, яна вярнулася ў Чэрвень. Сама ўсведамляла памылкі, абяцала выправіцца, але… У студзені падчас працы ў СГК «Велікаполле» дазваляла сабе без прычыны не з’яўляцца. І цяга да алкаголю, у рэшце рэшт, пераважыла мацярынскія пачуцці…

Падчас пытанняў суддзі да адказчыцы нечакана высветлілася, што яна прайшла-такі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Даведка была датавана… днём, калі праходзіў гэты суд. На пытанне, чаму б было не зрабіць гэтага раней, адказчыца патлумачыла: «Думала, што спраўлюся сама, без кадзіроўкі…»

Падчас пытанняў суддзі да адказчыцы нечакана высветлілася, што яна прайшла-такі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Даведка была датавана… днём, калі праходзіў гэты суд. На пытанне, чаму б было ні зрабіць гэтага раней, адказчыца патлумачыла: «Думала, што спраўлюся сама, без кадзіроўкі…»

Шмат чаго ў дадатак да ўсяго ўжо вядомага пачулі прысутныя і падчас выступлення прадстаўніка органаў апекі аддзела адукацыі Наталлі МІЛЬКО, намесніка  старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталлі СЦЯЖКО, начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС Андрэя МІРАНОВІЧА, які па сваіх службовых абавязках ведае сям’ю Ц. з 2007 года,  дырэктара Краснадарскага дзіцячага сада-БШ Вадзіма ТАПЫРЫКА.

Пра перыяд пражывання сям’і Ц. у Чэрвені прыгадала педагог сацыяльны СШ №3 г.Чэрвеня Анжэла ПАПЛЁЎКА. Гора-маці не працавала, бадзяжнічала, была схільная да злоўжывання алкаголем, часта мяняла грамадзянскіх мужоў, месца жыхарства. Такі лад жыцця паўплываў на паводзіны старэйшага сына. Пачаліся праблемы з вучобай і паводзінамі, пропуск заняткаў. А пасля ён здзейсніў крадзеж і трапіў на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС. Меў таксама запазычанасць па аплаце за харчаванне ў школьнай сталовай. Грошы на гэтыя мэты выдзяляла… прабабуля. А калі іх не мелася, хлопец проста адмаўляўся ад наведвання сталовай, хаця гэта было для яго зусім не лішнім…

Калі ўчастковы інспектар міліцыі Павел ШЫНКЕВІЧ пачаў абслугоўваць тэрыторыю Раваніцкага сельсавета, то атрымаў спіс нядобранадзейных сем’яў, сярод якіх было і прозвішча Ц. Павел Шынкевіч рэгулярна наведваў яе. А ў жніўні 2010 года прыняў заяву ад маці сужыцеля. Маўляў, Ц. адсутнічае па месцы жыхарства каля сутак. Грамадзянскі муж ідзе на працу рана, а вяртаецца позна. Яго маці не можа глядзець дзяцей з-за свайго ўзросту. Ды і не яе гэта ўнучкі. У выніку на наступны дзень дзяўчат давялося завезці ў Раваніцкую сельскую ўчастковую бальніцу… Дарэчы, як зазначыў Павел Шынкевіч, на выгляд дзяўчынкі хаця і маленькія, але самастойныя. Па іх паводзінах можна было зразумець, што яны прывыклі спраўляцца без мамы…

У заключным слове ісцец, прадстаўнік органаў апекі, пракурор выказалі меркаванне, што ў інтарэсах непаўналетніх гэтая іскавая заява павінна быць задаволена.

* * *

Старшыня суда Наталля Тарасік абвяшчае прысуд: пазбавіць грамадзянку Ц. бацькоўскіх правоў у дачыненні да яе траіх непаўналетніх дзяцей, перадаўшы іх органам апекі аддзела адукацыі, спагнаць судовыя расходы.

Што пры гэтым рабілася ў душы адказчыцы, невядома. Але знешне яна засталася спакойнай. Ці зможа Ц. хоць зараз узяцца за розум і затым узнавіцца ў бацькоўскіх правах — пакажа час. А магчыма, дзецям пашанцуе трапіць у прыёмную сям’ю і там зведаць пяшчоту, клопат і любоў, няхай сабе і не ад роднай маці…

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *