Калi пасвятлее ў Нежаўцы?

Общество

З такім пытаннем у рэдакцыю па даручэнню ўсіх вяскоўцаў звярнулася пенсіянерка Марыя Віктараўна КСЯНЕВІЧ. Вось што яна распавяла:

— Мы вельмі пакрыўджаныя, што не гараць у Нежаўцы вулічныя ліхтары. Усе навакольныя вёскі свецяцца, а мы — як адшчапенцы. Праблеме гэтай ужо не адзін месяц. Напрыканцы мінулага года ёю, праўда, займаліся. Знялі лішнія ліхтары, падключылі астатнія. Але нават да Новага года яны не парабілі — перабоі пачаліся. Гарэлі дзіўна неяк. Альбо з вечара да адзінаццаці ночы, а пасля не запальваліся, альбо наадварот — з адзінаццаці ночы і да раніцы. Але ж глыбокай ноччу яны не дужа-то патрэбны. А вось увечары, калі хто пастукае ў хату, дык і не ўбачыш, добры чалавек ці ліхі. У нас у некалькіх хатах жывуць людзі сталага веку, ды па аднаму. Дык іншы раз увечары пабаішся на вуліцу выйсці гэткаю цемраю. А цяпер, тыдні са два, а мо, і болей, ліхтары не гараць увогуле. Я не аднойчы тэлефанавала ў сельвыканкам, жалілася і сакратару, і старшыні. Яны, праўда, заўсёды ветліва размаўляюць. Маўляў, лішняе ў вас спажыванне гэтага віду электраэнергіі. Відаць, усё роўна лішнія ліхтары. А якія ж яны лішнія, калі вёска доўгая?! Аднавяскоўцы да мяне звяртаюцца пастаянна: Віктараўна, ці званіла куды? Што сказалі? Ды званіла, кажу, і не толькі я… І колькі можна прасіць? Вось цяпер усё спадзяванне — на «раёнку». Дапамажыце, калі ласка, вырашыць праблему, каб не страшна нам было ўвечары і на світанні з хаты выходзіць…

АД РЭДАКЦЫІ: Чакаем ад Валевачоўскага сельвыканкама рэагавання на скаргу і дзейсных мераў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *