Чараўніца з усмешкаю сонечнай

Общество

Калі знаходзішся побач з такімі людзьмі, як настаўніца пачатковых класаў Раваніцкай школы Жанна Міхайлаўна Дзяруга, здаецца, што і пахмурны дзень расквечваецца сонечнымі промнямі. Дастаткова толькі зірнуць на яскравую ўсмешку і адчуць тыя хвалі дабрыні, прыязнасці, любові, якія сыходзяць ад яе і саграваюць усіх навакольных. І адразу пачынаеш усміхацца ў адказ, з замілаваннем пазіраць на гарэзлівых жэўжыкаў-першаклашак, для якіх яна — не толькі настаўніца, а і другая мама, і выхавальніца, і старэйшая сяброўка… І, безумоўна, прыклад для пераймання…

Сёлета споўніцца 25 гадоў, як Жанна Міхайлаўна, ураджэнка Барысаўшчыны, пасля заканчэння педвучылішча трапіла па размеркаванню ў Раванічы. Вяскоўцы адразу ж прынялі і палюбілі яе. А яна, у сваю чаргу, упадабала і люд мясцовы, і вёску. Арганічна ўлілася ў настаўніцкі калектыў, у ансамбль народнай песні «Крыніца» мясцовага сельскага клуба. Тут, падчас рэпетыцый, пазнаёмілася з будучым мужам — Уладзімірам Дзяругам. Набыла вялікую радню, нарадзіла дзвюх дачок… Словам, абзавялася і карэннем, і парасткамі… Таму нічога дзіўнага, што падчас ад’ездаў, па яе ўласнаму прызнанню, сэрца рвецца не ў родную вёску (хаця і яна, безумоўна, незабыўная), а менавіта ў Раванічы — даўно ўжо блізкія і любімыя…

Звычайна заўсёды цікавіць пытанне: а ці марылі сённяшнія настаўнікі аб гэтай прафесіі ў дзяцінстве? Многія адказваюць: «Так!» І Жанна Міхайлаўна — не выключэнне. Сваёй асобай, адносінамі да дзяцей, якіх у класе было ні многа ні мала, а 27, паланіла ўяўленне дзяўчынкі першая настаўніца — Ліма Сяргееўна. І сёння Жанна Міхайлаўна ўпэўнена: былыя аднакласнікі да гэтага часу таксама прыгадваюць яе з удзячнасцю…

Увогуле, працу настаўніка пачатковых класаў могуць ацаніць напоўніцу толькі калегі. Колькі трэба мець бязмежнай цярплівасці, дабрыні, настойлівасці, каб навучыць маленькага чалавечка чытаць, пісаць, лічыць, маляваць, выказваць свае думкі… Каб вылепіць з яго асобу з уласнай годнасцю, адказнасцю за ўчынкі, выхаваць належным чынам… І ўсё гэта — за чатыры гады, адведзеныя на пачатковую ступень навучання.

Асабіста я, папрацаваўшы і настаўніцай пачатковых класаў, і выкладчыкам-прадметнікам, з поўнай адказнасцю запэўніваю: вучыць маленькіх дзетак значна цяжэй. А Жанна Міхайлаўна Дзяруга робіць гэта ўжо амаль чвэрць стагоддзя. І пераходзіць у сярэднія ці старэйшыя класы не збіраецца, хаця і набыла кваліфікацыю «настаўнік беларускай і рускай моў і літаратуры», скончыўшы завочна Магілёўскі педуніверсітэт імя А.Куляшова.

Свой выбар яна тлумачыць так:

— У рабоце з малымі дзецьмі ёсць пэўныя асаблівасці. Яны такія даверлівыя… Пазіраюць на цябе, як на сапраўднага чараўніка. Да таго ж, у пачатковых класах добра бачны вынікі тваёй працы. Калі дзеці прыходзяць у першы клас, яны звычайна не ведаюць нічога. А калі заканчваюць чацвёрты, умеюць шмат. Таму пачатковыя класы я не пакіну!

У снежні Жанна Міхайлаўна прадстаўляла Раваніцкую школу на раённым конкурсе педагагічнага майстэрства «Настаўнік года-2010». У дзень самапрэзентацыі ёй дастаўся першы парадкавы нумар, што, вядома, дадало хвалявання. Але яна з ім справілася, цікава і нязмушана пазнаёміла прысутных са сваім шляхам у прафесію, педагагічным крэда, уласнымі захапленнямі і… дасягненнямі.

А яны сапраўды вялікія. Ажно чацвёра выпускнікоў, чыёй першай настаўніцай была Жанна Міхайлаўна, у гэтым навучальным годзе маладымі спецыялістамі прыйшлі ва ўстановы адукацыі Чэрвеньшчыны. Ёсць і яшчэ двое, якія крыху раней таксама абралі педагагічную прафесію. Праўда, ніхто не стаў настаўнікам пачатковых класаў. Але, відаць, гэта яшчэ наперадзе…

Шэсць выпускаў было ў Жанны Міхайлаўны Дзяруга. І ўсе яе былыя выхаванцы падчас вечароў сустрэчаў абавязкова падыходзяць не толькі да класнага кіраўніка і настаўнікаў-прадметнікаў, а і да першай настаўніцы. А яна ўсіх іх памятае…. Сёлета ў яе — два юбілейныя выпускі, якія скончылі школу 15 і 10 гадоў таму. Значыць, шмат іх павінна сюды завітаць у першую суботу лютага…

Дарэчы, з Жанны Міхайлаўны Дзяруга пачалася і педагагічная дынастыя. Старэйшая дачка закончыла Мінскі педуніверсітэт, працуе ў Руднянскай школе настаўніцай біялогіі і геаграфіі. А меншая сёлета заканчвае ВНУ па спецыяльнасці «геаграфія і ахова прыроды». Зяць — таксама настаўнік… Так што не пужаюць сучасную моладзь цяжкасці, яны па-ранейшаму выбіраюць педагагічную прафесію. Зрэшты, у гэтай сям’і яно і не дзіва, калі такі прыклад перад вачыма, як мама…

Гэта ж колькі энергіі трэба мець, каб усё паспяваць! У школе папрацаваць, у грамадскім жыцці паўдзельнічаць, на рэпетыцыю хору ў сельскі Дом культуры (разам з мужам) збегаць, па хатняй гаспадарцы (дзякуючы мужу-памочніку) справіцца…. У сезон яшчэ папрацаваць на градках, павазіцца з кветкамі — вулічнымі і пакаёвымі… І толькі ўзімку раз-пораз дазволіць сабе адпачыць. І, прыгадаўшы часы вучобы ў педвучылішчы, дзе мела па лыжах першы юнацкі разрад, пракаціцца на вастраносай пары па Раванічах…

Вельмі падтрымлівае Жанну Міхайлаўну Дзяруга ў жыцці яе асабісты дэвіз: «Не падаць духам у любой сітуацыі. Наперад, наперад і наперад!» Якія б ні былі непрыемнасці, яна стараецца захоўваць бадзёры настрой. А ў школе і ўвогуле няма калі сумаваць, бо даверлівыя жэўжыкі-першаклашкі пазіраюць на сваю настаўніцу яснымі вачыма і чакаюць ад яе чараўніцтва — сёння, заўтра і заўсёды…

Святлана АДАМОВІЧ.  Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *