Зноў “шалеюць” лісы

Здоровье

У апошні час ў нашым раёне адзначаецца значнае павелічэнне выпадкаў шаленства як сярод дзікай, так і сярод хатняй жывёлы. Так за мінулы год гэтае захворванне было выяўлена ў шасці лісіц, двух катоў — хатняга і дзікага, а таксама ў трох цялушак і каровы. Дзякуючы сваечасова прынятым мерам, распаўсюджвання захворвання не адбылося.

Ні адзін такі выпадак не застаецца без увагі.  Усе неабходныя мерапрыемствы па папярэджванню распаўсюджвання шаленства мы праводзім сумесна з работнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Калі ўзнікае неабходнасць у адстрэле хворай жывёлы, прыцягваем супрацоўнікаў міліцыі, прафесійных паляўнічых. Вялікую ўвагу ўдзяляем прафілактычнай рабоце. Так у мінулым годзе было вакцынавана 1686 сабак і 1520 катоў, праведзена 29 сумесных  рэйдаў з санітарнай службай, адстрэлена 154 сабакі і 8 катоў. Таксама праводзім гутаркі, распаўсюджваем інфармацыйныя лістоўкі, праводзім пашпартызацыю непрадукцыйных жывёл. Летась, напрыклад, аформлена 97 пашпартоў на катоў і сабак. Акрамя таго, устанаўліваем ветэрынарнае назіранне за хатнімі пітомцамі, якія кусалі людзей, абавязкова робім ім вакцынацыю.

У гэтым годзе ўжо адзначаны два выпадкі, калі ліса, па ўсяму відаць, хворая на шаленства, наведвалася на прыватныя падворкі вёскі Дзеруцкая. Так 8 студзеня драпежнік напаў на сабаку, але ўцёк. У наступны дзень з гэтай жа вёскі праз міліцыю да нас паступіла новае паведамленне аб нападзе лісы. Мы разам з паляўнічым выехалі туды, аднак на момант нашага прыезду драпежніцу ўжо ліквідавала гаспадыня аднаго з падворкаў — закалола вілкамі. Былі праведзены ўсе неабходныя дзеянні па папярэджванню распаўсюджвання захворвання — усыпілі пакусаную сабаку, спалілі трупы і пахавалі астанкі, дэзінфіцыравалі месцы, дзе паяўлялася хворая жывёла. Зараз вакцынуем пагалоўна ўсіх жывёл у гэтай вёсцы.

Адной з галоўных прафілактычных мераў супраць шаленства — змяншэнне колькасці асноўных распаўсюджвальнікаў гэтай хваробы: лісаў, бадзяжных сабак і катоў. Тым больш, што падчас гону, які і прыходзіцца якраз на цяперашнюю пару, жывёліны асабліва актыўныя, збіваюцца ў зграі

У мінулы аўторак пытанне аб распаўсюджванні шаленства разглядалася на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме. Службам, якія прызваныя сачыць за санітарна-эпідэміялагічным становішчам у раёне, дадзены адпаведныя ўказанні па прыняцці і ажыццяўленні неабходных прафілактычных мераў.

Уладзімір БУКА,

галоўны ветэрынарны ўрач раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *