Стасункi выклiкалi ўдзячнасць

Общество

Сярод лістоў, якія рэдакцыя атрымала ў студзені, ёсць традыцыйныя — з удзячнасцю людзям, якія ўразілі нашых чытачоў сваім стаўленнем да іх. Так, старшыня Смілавіцкага Савета ветэранаў, Ганаровы грамадзянін Смілавічаў Мікалай Піліпавіч Парцянка ад імя удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і сябе асабіста дзякуе адміністрацыі і работнікам мясцовай  бальніцы за належную арганізацыю медыцынскага агляду.

«Напярэдадні нам паведамілі пра час медагляду, — распавядае чытач. — Галоўны ўрач бальніцы Адрыян Гылка арганізаваў падвоз ветэранаў з аддаленых вёсак. Вельмі ўважліва паставіліся да нас медыцынскія работнікі. Мы атрымалі рэцэпты і карысныя парады. А смілавіцкая аптэка без чаргі адпусціла нам патрэбныя лекі. Удзячны мы і ўрачам Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы — З.Дзянько, І.Лукашэвічу, Г.Сычову, У.Шпаку, Л.Нікіценка».

Таксама медработнікам за іх увагу і прафесіяналізм дзякуе Дзмітрый Ваяводзін з Чэрвеня — загадчыку хірургічнага аддзялення Аляксандру Доўгачу, хірургу Анатолю Ісачкіну, старшай медсястры Ірыне Маковіч, паставой медсястры Вользе Шмідавай, санітарцы Алене Ажар, сястры-гаспадыні Галіне Бабіцкай.

У сэрцах нашых чытачоў  яшчэ жывуць прыемныя ўспаміны пра цудоўныя навагоднія святы, якімі яны хочуць падзяліцца з іншымі. Жыхары Валевачоў  Ж.Ермаловіч, Н.Клімовіч, С.Вольская, В.Ермаловіч,  С.Гірынская, Н.Сасноўская і іншыя — да гэтага часу прыгадваюць пра сюрпрыз, які падрыхтавалі для іх работнікі мясцовага сельскага Дома культуры. У прыватнасці,  удзельнікі гуртка мастацкай самадзейнасці пад кіраўніцтвам В.Серахан. Як толькі з’явілася на небе першая зорка, на вуліцы зайграў гармонік, загучалі песні — і пайшла Каляда-Калядзіца — паведамляюць аўтары пісьма.  А разам з ёю — Каза, Мядзведзь, Конь, Ліса, Журавель, Цыганка ды Дзед з каляднаю зоркай. І вось ужо адчыніліся дзверы першай хаты. Адразу пасыпаліся пажаданні гаспадарам здароўя, шчасця, кахання, дабрабыту. А як жвава скакала Каза з Мядзведзем! Гаспадары не маглі ўсядзець на месцы і таньчылі разам з гасцямі. А колькі радасці калядуючыя прынеслі ў хаты адзінокіх пажылых людзей! Мы вельмі ўдзячны ўсім удзельнікам — В.Серахан, Т.Богдан, С.Казлоўскай, А.Сачок, І.Крату, Г.Марціновіч, В.Ларычаву, В.Канановіч, Н.Кавалевіч, Т.Бяспалавай — за іх талент, актыўную жыццёвую пазіцыю, за жаданне дарыць людзям радасць, за любоў да беларускай спадчыны».

Яшчэ адзін такі захоплены расповед мы атрымалі з в.Дамавіцк ад А.Гаўрылы — з падзякай работнікам тамтэйшага сельскага Дома культуры Ларысе Зыль, Людміле Лепеш і бібліятэкару Наталлі Пятровіч:

«Дзецям вельмі спадабалася «Падарожжа ў краіну Навагодзію», дзе яны расказвалі вершы, таньчылі, удзельнічалі ў вясёлых конкурсах і атрымлівалі прызы. Праграма зацікавіла як з іх , так і зусім маленькіх. Дарэчы, самаму меншаму ўдзельніку было ўсяго два з паловай гадкі. Дарослым запомніліся «Калядныя сустрэчы», якія ладзяцца ў нас ужо не першы год. Бібліятэкар Наталля Пятровіч правяла гутарку «І зноў пра Ражство». Дзеці і дарослыя даведаліся пра гісторыю гэтага свята, калядныя звычаі і абрады, а таксама пачаставаліся гарбатай і варэннем з хатнімі прысмакамі».

Педагог-арганізатар СШ №2 г.п.Смілавічы Галіна Шатэрнік у сваім лісце распавяла пра дабрачынную акцыю БРСМ і БРПА «Цуды на Ражство», якая прайшла ў гэтай установе адукацыі з 10 снежня 2010 года па студзень 2011-га пад дэвізам «Дзеці — дзецям». Сімвалам яе абралі чырвоную рукавічку.

«Вучні, — піша наша аўтарка,  — сабралі  салодкія падарункі, цацкі, канцтавары, вопратку для выхаванцаў Чэрвеньскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Напярэдадні Ражства піянеры-актывісты сумесна з акцябратамі і іх класным кіраўніком Галінай Мельнікавай накіраваліся ў цэнтр, дзе распавялі пра цуды, якія адбываюцца на Ражство. Выхаванцы цэнтра прачыталі навагоднія вершы. Разам мы вадзілі карагоды і спявалі песні. Усім дзецям уручылі падрыхтаваныя падарункі».

Загадчыца  дзіцячага садка в.Любішына Ірына Кучынская паведаміла, што работнікі гэтай установы, а таксама  юныя наведвальнікі і іх бацькі шчыра ўдзячны дырэктару Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміле Шарковай, якая зрабіла для ўсіх трыццаці сямі выхаванцаў прыемны навагодні сюрпрыз — салодкія падарункі.

Лісты чытала

Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *