Са святам, шаноўны калега

Люди и судьбы

Чалавек, пра якога я хачу распавесці, сумяшчае ў сабе ўсё лепшае, што характэрна для цэлай плеяды сейбітаў добрага, разумнага, вечнага. Гэта дырэктар Новазелянькоўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Яўген Якаўлевіч ФІЛІПКОЎ. Для яго бацькі, радаслоўная, школа — святое.

Нарадзіўся ён 2 студзеня 1951 года ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. З асаблівай цеплынёй заўжды прыгадвае тату і матулю, бо менавіта іх сумленнае жыццё з’яўляецца прыкладам для дзяцей. Толькі ў навуцы — шчасце… Адукаваны чалавек — паважаны чалавек… Гэтаму сямейнаму крэда бацькі Яўгена былі верныя ўсё жыццё. Гэтую сямейную ідэю яны імкнуліся перадаць сыну.

Ужо ў дзяцінстве юнак марыў стаць настаўнікам, як і яго дзед. Але мара спраўдзілася не адразу. Пасля заканчэння Шклоўскай сярэдняй школы ён вучыўся ў горным тэхнікуме. Потым з 1969 па 1971 год служыў у войску. Пасля — працаваў на заводзе. І вось нарэшце даўняя мара здзейснілася. Ужо з 1975 года Яўген Якаўлевіч Філіпкоў звязаны з педагогікай, бо стаў студэнтам гістарычнага факультэта БДУ. Сесіі, навуковыя канферэнцыі, праца да прыцемкаў… Іншы раз сябры-студэнты кпілі з Яўгена: «Ты так паглыбіўся ў навуку, у культуру, што забыўся пра ўсё астатняе». А юнак без крыўды адказваў: «Я вырашыў, што маё месца — у школе. Траплю куды-небудзь у глыбінку. І што мне будзе расказваць дапытлівай дзятве? Трэба спяшацца браць ад сталіцы як мага больш…»

1981 год. Атрыманы дыплом гісторыка і накіраванне ў Крупскі раён. Тры гады адпрацаваў там настаўнікам і намеснікам дырэктара школы. У 1984 годзе Яўген Якаўлевіч з сям’ёй пераязджае ў Чэрвень. Яму прапаноўваюць пасаду дырэктара школы ў Новых Зеляньках. Падумаўшы, згадзіўся. Так гэтая вёска стала другой малой Радзімай.

Вось ужо 36 гадоў адшчыраваў на гэтай пасадзе Яўген Філіпкоў. За гэты час усяго было — і ўзлёты, і падзенні. Нельга сказаць, што праца — лёгкая, але калі ў жыцці ёсць мара і вельмі хочацца яе спраўдзіць — магчыма ўсё.

«Не шкадуй сябе!» — вось жыццёвае крэда Яўгена Якаўлевіча. І менавіта такіх людзей, калег, паплечнікаў, ён стараецца сабраць і ўтрымаць у школе. І, трэба сказаць, гэтыя намаганні не марныя. Пад кіраўніцтвам Я.Я.Філіпкова плённа працуе цудоўны педагагічны калектыў.

— Хочацца, каб дзеці навучыліся любіць Радзіму, цаніць людзей, распазнаваць сапраўдныя і ўяўныя маральныя каштоўнасці, — гаворыць Яўген Якаўлевіч.

Кожны настаўнік ставіць перад сабой такія мэты. Перакананы, што галоўнае — не веданне вучнямі фактаў, а ўменне аналізаваць іх, параўноўваць, супастаўляць, ацэньваць, мець уласнае меркаванне, адстойваць сваю думку…

Настаўніцкае жыццё не абмяжоўваецца толькі школьнымі сценамі. Яўген Якаўлевіч вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. Ён — дэпутат многіх скліканняў Чэрвеньскага райсавета, Руднянскага сельвыканкама, прапагандыст. Доказна, аргументавана выступае на раённых радах аддзела адукацыі, сесіях сельвыканкама. Дырэктар школы з’яўляецца ініцыятарам вандровак па Беларусі. Толькі за апошнія два гады настаўнікі і вучні пабылі ў Полацку, Стоўбцах, Мірскім замку, Жыровічах, Мінску, на «Лініі Сталіна».

На працягу ўсяго працоўнага шляху надзейнай апорай для Я.Я.Філіпкова з’яўляецца сям’я, дзе разумеюць яго занятасць, спачуваюць падчас цяжкасцяў, радуюцца поспехам. Жыццё таты, яго служэнне педагагічнай дзейнасці заўжды было прыкладам для дачкі, якая два гады таму скончыла Мінскі педуніверсітэт. Ад імя ўсяго педагагічнага калектыву школы і сябе асабіста жадаю юбіляру добрага здароўя, прыемных чалавечых клопатаў. Няхай шчасліва доўжыцца Ваш, Яўген Якаўлевіч, педагагічны лёс. Са святам, сумленны працаўнік, шаноўны калега, ад шчырага сэрца!

Леў ГАНЧАРЫК, ветэран педагагічнай працы, г.Чэрвень



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *