Пратаіерэй Аляксандр Мікалаевіч Лазоўскі

Люди и судьбы

7 студзеня, на Нараджэнне Хрыстова, спаўняецца дваццаць гадоў з пачатку богаслужнай дзейнасці  ў Чэрвені

пратаіерэя Аляксандра Мікалаевіча Лазоўскага

Мала хто з праваслаўных жыхароў Чэрвеня памятае тую першую Літургію зусім маладога прыезджага свяшчэнніка Аляксандра Лазоўскага. Нягледзячы на тое, што ўшаноўвалася вялікае хрысціянскае свята, прымала ў ёй удзел невялікая колькасць вернікаў. Людзі прызвычаіліся жыць без Бога.  Чэрвеньскі прыход зарэгістравалі амаль што напярэдадні, але царквы не было. Пад яе абсталявалі драўляны будынак. І хору не існавала. Матушка Наталля спявала ў адзіноце, праслаўляючы нараджэнне Збавіцеля, калі ціхенька побач ля яе стала і падтрымала спеў адна з прыхаджанак…

Вельмі складана пачыналася праца на ніве духоўнай асветы. Тутэйшая рэчаіснаць невялікага райцэнтра здзіўляла свяшчэнніка, які нарадзіўся ў Навасібірску ў сям’і пратадыякана, з дзяцінства вывучаў Біблію, жыў з глыбокай верай у Бога. Там, а пазней у Валгаградзе, куды пераехала сям”я, затым падчас вучобы ў Маскоўскай духоўнай семінарыі меў ён магчымасць маліцца ў велічных Саборах. Збяднелы на  вернікаў Чэрвень здзіўляў, але не палохаў. Бо прынятае святарства — Дар ад самога Бога. І верны прызванню, душэўнаму пакліканню іерэй Аляксандр павёў сваё штодзённае Богаслужэнне, прапаведванне Евангелля, душапапячэнне. Шукаў выхады і рашэнні ўзнікаючых складаных пытанняў з карысцю для Царквы і для кожнага канкрэтнага чалавека. Ва ўсіх ягоных справах надзейнай і вернай памочніцай, дарадчыцай заставалася жонка Наталля — колішняя студэнтка музычнага вучылішча з веруючай сям”і на Гомельшчыне. Тут, у Чэрвені, яна актыўна займалася будоўляй царквы, стварэннем хору, Нядзельнай школы, шматлікімі надзённымі пытаннямі.  Сціплая і настойлівая, разам з мужам ездзіла па вёсках, размаўляла з людзьмі, засяваючы ў іх сэрцах зерне веры. І паступова людзі пачалі гарнуцца да Царквы. Склаўся той прыход, які сёння адпавядае сапраўднаму значэнню гэтага слова.

Узведзены ў Чэрвені па благаслаўленню Уладыкі Філарэта прыгожы храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы — таксама неймаверна вялікая духоўная і фізічная праца Лазоўскіх. Зараз яго званы мілагучнымі пералівамі склікаюць на службу, трапяткім пачуццём кранаючы сэрца, а залаты купал, асвечаны яркімі сонечнымі промнямі, здаля прыцягвае ўвагу. Вернікі ўсё часцей прыходзяць сюды памаліцца, паспавядацца, прыняць Святое Прычасце. Гэта радуе айца Аляксандра і матушку Наталлю, якія самым важным вынікам свайго дваццацігадовага служэння бачаць у тых людзях, душы якіх выратуе Хрыстос.

У 2007 годзе Мітрапаліт Філарэт узнагародзіў настаяцеля храма Аляксандра Лазоўскага наперсным Крыжам, а ў 2009 годзе — прысвоіў званне пратаіерэя.

Цяпер асаблівы клопат свяшчэнніка — моладзь, развіццё яе духоўнасці, каб яна ішла ў сваім жыцці па Божай задуме, імкнулася да ідэалу, адпавядаць якому прызначана чалавеку ад стварэння свету.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.  Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *