Хутка я стану ўдзельнікам конкурса «Вучань года». Асноўнай тэмай будзе “Я — грамадзянін Беларусі”. Спачатку разгубіўся: пра што ж мне гаварыць? Але мне падказалі настаўніца і бацькі: «Ты расказвай пра сваё жыццё, пра школу, аднакласнікаў. Добры грамадзянін і жыве добра, любіць і ведае краіну, вучыцца старанна, сябруе шчыра… І я вырашыў, пра раскажу!
Пра клас. Ен у нас вельмі дружны. Дзеці дабразычлівыя і вясёлыя, дзяўчынкі ўсе прыгожыя. З адной такой прыгажуняй, Літай Церашонак, я сяджу за партай. Яна шчырая і добрая, мы заўжды дзелімся ласункамі. Мой лепшы сябар — Жэня Ахрамовіч, мы з першага класа сябруем. Добрыя стасункі таксама з Уладзікам Бразгоўкай і Іллёй Ждановічам. У нас пасля ўрокаў адбываецца шмат вясёлых святаў, часта прымаюць удзел і бацькі.
Пра падарожжы. Нягледзячы на тое, што мы яшчэ толькі чацверакласнікі, але ўжо шмат у якіх знакамітых мясцінах Беларусі пабывалі. Гэта дзякуючы нашай настаўніцы Людміле Іванаўне Гавароўскай, бо яна імкнецца, каб мы падарожнічалі і бачылі, якая наша Беларусь прыгожая. Першая паездка была на «Лінію Сталіна». Мы бачылі шмат тэхнікі: танкі, гарматы, самалёты. Былі ў бліндажы, нават сілкаваліся на салдацкай кухні.
Пабывалі на Кургане Славы, былі ў Хатыні. Бачылі там рэшткі дамоў, што згарэлі ў вайну. Мяне ўразіла, як кожныя паўхвіліны звоніць колакал, каб людзі памяталі, як гэта страшна — вайна. Я захоўваю значок, што прывёз з Хатыні.
Летам мы наведалі Мірскі і Несвіжскі замкі. Там вельмі захапляльна! Мне больш спадабаўся Мірскі замак, бо ён выглядае больш старажытным. Падымаліся на самую вяршыню вежы, і зусім было не страшна!
Яшчэ я летам быў у Тураве з мамай, бабуляй і сястрычкай Насцяй. Мы бачылі на гары помнік заснавальніку горада Кіріле Тураўскаму. Я запомніў, як расказвалі, быццам замак пайшоў пад ваду. Засталіся на гары толькі разваліны. Яшчэ мне вельмі спадабаўся тураўскі музей жывёл. Уваходзіш — птушкі спяваюць, чуваць, нібы бегаюць звяры, выюць ваўкі. Жывёлы там несапраўдныя, але выглядаюць, як жывыя. Асабліва дзікі кабан!..
На тураўскіх могілках ёсць два старажытныя каменныя крыжы. Усе турысты іх цалуюць і, кранаючы рукой, загадваюць жаданне. Тое, што я загадаў, ужо амаль здзейснілася.
А які сюрпрыз чакаў мяне ў тураўскім музеі! Мама паказала на адным з фотаздымкаў майго прадзядулю! Аказалася, ён жыў у Тураве, яго звалі Рак Сцяпан Кузьміч, і быў ён герой працы, таму і ў музей трапіў. З Турава родам і мая бабуля Валя, што ездзіла з намі. Зараз я лічу, што і сам маю адносіны да гэтага горада.
Апошняя наша з аднакласнікамі паездка была ў цырк. Мне спадабаліся дрэсіраваныя ільвы, тыгры і сабакі, а яшчэ, як дрэсіроўшчык гіпнатызаваў кракадзіла.
Вясною мы з класам паедзем у Беловежскую пушчу. Там у запаведніку можна ўбачыць жывых звяроў, нават рэдкіх зуброў, што занесены ў Чырвоную Кнігу. Такім чынам, мне яшчэ толькі будзе 10 гадоў, але я ўжо сваімі вачамі бачыў, што мая Беларусь — прыгожая краіна, у ёй шмат прыгожых мясцін. Мая мара — трапіць у Брестскую Крепость. Настаўніца кажа, што гэта далёкі і цяжкі шлях для чацверакласнікаў. Але я не губляю надзеі.
Пра царкву. Мы ўсёй сям’ёй часта ходзім туды, ведаем святара Аляксандра, слухаем яго пропаведзі. У мяне ёсць у школьным дзённіку іконка, і іншы раз я гляджу на яе і прашу Бога. каб ей мне дапамог сабрацца з думкамі. Я веру, што царква і Бог дапамагаюць людзям быць добрымі, умець любіць і прабачаць. На маю думку, царква спрыяе тым, хто яе наведвае, быць добрымі грамадзянамі.
Арцём ЖАБУРДЗЁНАК,
вучань 4 класа СШ №2 г.Чэрвеня